Умелыя, руплівыя

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

070318k

НА ФІЛІЯЛЕ ЦУКРАКАМБІНАТА

Мінулы год выдаўся для Стаўбцоўскага філіяла ААТ «Гарадзейскі цукровы камбінат» дастаткова ўдалым, нацэленым на перспектыўную работу.

Прадпрыемства прайшло дзяржаўную рэгістрацыю і атрымала права выпуску сокаў для дзіцячага харчавання. Натуральны сок-навінка паступае ва ўстановы адукацыі і рознічны гандаль. Акрамя гароднінных сокаў, лінейка гэтай прадукцыі развіваецца за кошт фруктовых і ягадных сокаў. Таксама атрыманы дазвол Міністэрства аховы здароўя Беларусі для выпуску сокаў на фруктозе.

– Высокатэхналагічнае абсталяванне і шырокі асартымент высакаякаснай прадукцыі ў зручных шкляных бутэльках, а таксама ў арыгінальнай упакоўцы bag-in-box розных аб’ёмаў дазволяць нам спраўляцца з любымі заказамі, – падкрэслівае дырэктар філіяла, кіраўнік пераважна жаночага калектыву Ала Кажухоўская.

На філіяле працягваецца нарошчванне аб’ёмаў выпуску імпартазамяшчальнай прадукцыі – фруктова-ягадных напаўняльнікаў. Летась іх выпушчана 668 тон, ці прыкладна на 45 працэнтаў больш, чым у 2016 годзе. Адгрузкі напаўняльнікаў ажыццяўляюцца як на айчынны рынак, так і на рынак Расійскай Федэрацыі. Акрамя таго, перапрацоўшчыкі пастаўляюць на расійскі рынак салёныя агуркі.

Сярод экспартных паставак – ікра кабачковая. Працягваецца рэалізацыя кантракта на пастаўку 234-х тысяч банак ікры расійскай гандлёвай сетцы Х5RG. Для гандлёвай сеткі «АШАН» вытворцы разліваюць нектары (кантракт – 320 тысяч бутэлек). У Расійскую Федэрацыю ў мінулым годзе рэалізавана больш за тысячу тон яблычнага павідла. Было нарыхтавана яблыкаў у насельніцтва і сельгасвытворцаў 2194 тоны. Яны перапрацаваны ў асептычныя мяхі, і гэта надзейны сыравінны задзел да будучага сезона. Такім жа спосабам перапрацавана і морква, неабходная для вырабу сокаў і нектараў. Геаграфія паставак прадукцыі Стаўбцоўскага філіяла ўключае таксама Казахстан, Арменію, ЗША (бярозавы сок), Кіргізію.  

Нельга не сказаць і пра значнасць будаўнічага праекта. Як адзначае галоўны інжынер філіяла Максім Харута, у мінулым годзе была распачата работа над праектнай дакументацыяй для рэканструкцыі гароднінасховішча з будаўніцтвам прыбудовы. Рэалізацыя гэтага праекта дазволіць дадаткова атрымаць дзве маразільныя камеры і, такім чынам, павялічыць аб’ём захоўвання замарожаных ягад у два разы. Вытворцам гэта дазволіць выйсці на максімальную прадукцыйнасць лініі па вытворчасці фруктова-ягадных напаўняльнікаў. Акрамя таго, з улікам шматфункцыянальнасці новых камер з’явіцца магчымасць больш нарыхтоўваць яблыкаў, морквы і іншых мясцовых агародніны і садавіны.

У калектыве працуе нямала добрых спецыялістаў, якія ганарацца сваім працоўным месцам, сваім прадпрыемствам. На сёлетнім злёце перадавікоў прадстаўляла яго апаратчыца стэрылізацыі кансерваў Алена Янкоўская. Увішная работніца, як і яе каляжанкі, ад старанняў якіх залежыць імідж перапрацоўшчыкаў гародніны і садавіны.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: на расфасоўцы сокаў працуе Ганна Кавалеўская; за вытворчым працэсам назірае вядучы тэхнолаг Вольга Барысевіч.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 

УМЕЛЫХ РУК СПРАВА І САЛОДКАЯ ВЫСТАВА

Што здольныя стварыць умелыя рукі кандытараў, паказала святочная выстава кандырскіх вырабаў у раённым Цэнтры культуры, падчас Свята працы, якое адбылося ў пачатку сакавіка. Кандытары аддзела грамадскага харчавання райспажыўтаварыства пад кіраўніцтвам загадчыцы кандытарскага цэха Ганны Шахнер прадставілі новую прадукцыю – капкейкі, пціфуры, эклеры і іншыя міні-пірожныя. Гэта сапраўдныя творы мастацтва.

У цэху працуюць толькі восем кандытараў, якія забяспечваюць вялікі аб’ём выпечкі, цэх працуе ў некалькі змен. Асабліва напружаныя дні перад святамі. Кандытары не толькі паспяваюць забяспечваць усе ведамасныя гандлёвыя кропкі салодкай апетытнай выпечкай, але і паспяхова ўдзельнічаюць у конкурсах прафесійнага майстэрства за межамі раёна.

Да свята 8 Сакавіка акрамя аб’ёму выпечкі па вытворчым заданні кандытары спяклі 400 тортаў – яны былі ўручаны кожнай жанчыне, якая знаходзіцца ў штаце райспажыўтаварыства. Такі ж салодкі падарунак да Дня абаронцаў Айчыны атрымалі і 107 мужчын райспажыўтаварыства.

Пр

 

КАБ КВІТНЕЛІ РОДНЫЯ СТОЎБЦЫ

Пільная жаночая ўвага прыкавана гэтымі веснавымі днямі да цяпліцы   Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў, дзе кветкаводы высеялі першае насенне кветак.

Вырошчванне расады – справа карпатлівая і далікатная, таму і займацца ёю ў Стаўбцоўскім аб’яднанні камунальных службаў даверана пераважна жанчынам. Мужчыны дапамагаюць толькі з абагрэвам цяпліцы. З улікам таго, што яшчэ ва ўсю верхаводзіць зіма са сваімі завеямі, рабіць гэта прыходзіцца кругласутачна. Узначальвае ўчастак азелянення адзін з вопытных камунальнікаў, прадстаўнік дынастыі камунальнікаў Рэгіна Лянцэвіч.

– Цяпліцу сталі абаграваць яшчэ ў 20-х чыслах лютага. Першымі высеялі петуніі, каб у пачатку мая аздобіць гэтымі кветкамі наш горад, – адзначае Рэгіна Лянцэвіч.

Традыцыйна ў маі, да свята Перамогі, калі мінае пара начных замаразкаў, камунальнікі высаджваюць на плошчы Бессмяротнасці і на іншых гарадскіх клумбах свае гадаванцы – аднагадовыя, а таксама шматгадовыя кветкі розных відаў. Не першы год на тэрыторыі цяплічнай гаспадаркі падрастаюць 150 сажанцаў ліпы, якія з часам таксама паслужаць азеляненню нашага горада. А ўвогуле мара камунальнікаў – у будучым стварыць уласны гадавальнік драўнінна-куставой расліннасці, якая ўпрыгожыць Стоўбцы.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *