На шляху дабра

Нумары Соцыум

070318g

Для Святланы Клімовіч аграгарадок Слабада – месца пастаяннага жыхарства. Сюды яна выйшла замуж і жыве тут са сваёй сям’ёй больш за трыццаць гадоў. Гэта і месца яе працы. Роўна столькі ж часу Святлана Уладзіміраўна ўзначальвае мясцовы фельчарска-акушэрскі пункт. Прыехала яна на Стаўбцоўшчыну пасля заканчэння Баранавіцкага медвучылішча, і родам яна з Баранавіч.

У сваім прымагістральным аграгарадку Святлана Клімовіч навідавоку не толькі як медык, але і як стараста, як дэпутат сельскага Савета. Усюды яна паспявае адмыслова выканаць свае абавязкі. На нядаўнім выніковым медыка-санітарным савеце ў цэнтральнай раённай бальніцы выступіла са змястоўнай відэасправаздачай аб рабоце ФАПа, які лічыцца адным з лепшых у раёне.

У сельскай медыцынскай установе выконваюцца ўсе патрабаванні па правядзенні ўсеагульнай дыспансерызацыі насельніцтва, раннім выяўленні захворванняў. Можна прывесці такую лічбу: з занесеных у спіс вясковых жыхароў дыспансерызацыю прайшлі больш за 98 працэнтаў. Фельчар выкарыстала ўсе спосабы дастукацца да розуму і сэрцаў вяскоўцаў, не толькі адпраўляла паведамленні, тэлефанавала, але і выкройвала час, каб схадзіць да многіх дамоў і правесці асветніцкую работу. Пастаўлены на ўлік тыя, хто павінен назірацца па стане здароўя. На Слабадскім ФАПе высокія паказчыкі правядзення лячэння і рэабілітацыйных мерапрыемстваў. У мінулым годзе фельчарам выканана 789 патранажаў пацыентаў на доме. На ФАПе ёсць цікавыя накірункі работы па прапагандзе здаровага ладу жыцця. Гэта датычыць работы з алкагольназалежнымі. Ёсць добры вопыт правядзення прафілактычных кансультацый. Арганізаваны заняткі скандынаўскай хадзьбой.

Святлану Клімовіч радуе тое, што павяліваецца колькасць насельніцтва маладога ўзросту. Наогул, у працэнтным складзе людзей працаздольнага ўзросту на абслузе больш, чым пенсійнага. Усяго ж на медыцынскім абслугоўванні 939 чалавек, з іх 178 дзяцей. Характэрны такі факт. У мінулым годзе зарэгістравана 11 нараджэнняў, гэта больш, чым у папярэднім. А ўсяго дзіцячае насельніцтва складае 16,7 працэнта. Як расказвае Святлана Уладзіміраўна, з вёсак, якія знаходзяцца на медыцынскім абслугоўванні, апошнім часам вельмі амаладзілася Задвор’е. Выдзяляюцца ўчасткі пад індывідуальнае будаўніцтва, вырасла цэлая новая вуліца, маладыя сем’і справілі наваселлі ў пабудаваных дамах.

Прафесіяналізм Святланы Клімовіч заўважаны кіраўніцтвам райбальніцы. Па асноўнай спецыяльнасці яна акушэрка. Загадчыцу ФАПа не адзін раз прыцягвалі для работы ў жаночай кансультацыі райпаліклінікі для замены ўрача ў час водпуску. Не можа не быць незаўважаны і такі факт. Дачка Святланы Уладзімраўны Анастасія Клімовіч стала падаўжальніцай медыцынскай дынастыі. Пасля заканчэння Мінскага дзяржаўнага медуніверсітэта прыехала працаваць у наш раён, і з 2017 года назначана раённым педыятрам. Адносна выбару прафесіі ў Святланы Клімовіч ёсць такі важны і патаемны для яе момант. Яна нарадзілася ў дзень памяці вялікамучаніка і Цаліцеля Панцеляімана, які вельмі ўшаноўваецца ў Праваслаўнай Царкве і вернікамі. Малітвамі святога Святлана Уладзміраўна жыве і працуе па абранай раз і назаўсёды прафесіі, у выбары якой ні разу не ўсумнілася і аб тым не пашкадавала.

Калі ж крануць такі бок жыцця Святланы Клімовіч, як грамадскае служэнне ў сваёй Слабадзе, яна гаворыць, што як дэпутат і стараста лічыць сваім абавязкам даносіць да вяскоўцаў усе праграмы дзяржаўнай важнасці, актывізаваць іх для ўдзелу ў важных палітычных кампаніях. Навядзенне парадку на сваёй зямлі пры калектыўным удзеле – таксама ў праграме работы старасты.

Ацанілі аднавяскоўцы і хрысціянскае служэнне Святланы Клімовіч. Яна ўстанавіла паклонны крыж. Пры арганізацыйным удзеле старасты кожны год запрашаецца свяшчэннік для асвячэння крыніцы. Вяскоўцы паклапаціліся накрыць крынічку, надаць ёй належны выгляд. Асвячэнне дамоў таксама адбываецца з клопатам старасты. Упрыгожвае Святлану Уладзіміраўну і такая справа. На Святую Пасху яна з валачобнікамі спявае абрадавыя песні, заходзіць у кожны дом з пажаданнямі здароўя, міру, радасці. У гэтым годзе на тэрыторыі фельчарска-акушэрскага пункта ўстаноўлена скульптура. Ангел сустракае вяскоўцаў і праводзіць на шлях дабра.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *