Дзіцячая творчасць. Юныя даследчыкі

Адукацыя Нумары

070318j

Напрыканцы студзеня стартаваў раённы этап адкрытага фестывалю работ даследчага характару дзяцей дашкольнага ўзросту (ад 5 да 7 гадоў) і малодшых школьнікаў (1-4 класы) «Я – даследчык». Фестываль праводзіўся з мэтай стварэння спрыяльных умоў для ранняга выяўлення і раскрыцця інтэлектуальнага і творчага патэнцыялу дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Увазе экспертных груп было прадстаўлена 14 работ дашкольнікаў і 46 даследчых работ вучняў пачатковых класаў.

Для дзяцей дашкольнага ўзросту раённы этап адкрытага фестывалю работ даследчага характару адбыўся на базе дзіцячага сада № 8. Работы былі прадстаўлены па наступных намінацыях: «Дзеці і прырода», «Незвычайнае ў звычайным», «Бюро знаходак». Самыя юныя даследчыкі ў сваіх работах правялі разнапланавыя даследаванні: чаму ападае лісце; чаму божую кароўку так называюць; навошта вожыку яблыкі; ці можа дашкольнік сам зарабіць грошы? Малыя самі распрацавалі мадэль Сонечнай сістэмы, адправіліся ў прыцягальны свет люстэркаў, даведаліся, якія асаблівасці раслін і жывёл дапамагаюць вучоным адкрыць нешта новае.

Вучні пачатковых класаў абаранялі свае даследчыя работы на базе гімназіі № 1. Свае даследаванні яны прадставілі ў намінацыях: «Матэматыка, фізіка, тэхніка, рабататэхніка», «Прыродазнаўства (жывая прырода)», «Прыродазнаўства (нежывая прырода)», «Гуманітарныя веды». Найбольш яркія ўменні і навыкі даследчыка праявіліся ў дзяцей у ходзе ўласных творчых пошукаў на такія тэмы, як орбісы: што гэта і для чаго яны патрэбныя; узрыў колеру ў малацэ; як узмацніць сігнал Wi-Fi сваімі рукамі; як напісаць на бяросце; што такое шчасце і іншыя. Рыхтуючыся да фестывалю, юныя даследчыкі вывучалі аптычныя ілюзіі, вясёлку, стваралі мыла, рыхтавалі ёгурт, канструявалі з запалак.

У рамках мерапрыемства прайшлі стэндавая абарона работ з элементамі інтэрв’ю і гутаркі, кірмаш праектаў. Для дзяцей і іх бацькоў былі арганізаваны майстар-класы пад кіраўніцтвам педагогаў Стаўбцоўскага цэнтра творчасці дзяцей і моладзі ў наступных тэхніках: валянне з шэрсці (Н. М. Маслава), інтэр’ерная лялька, дэкаратыўны роспіс (К. А. Страх).

Па выніках фестывалю ўсе ўдзельнікі былі ўзнагароджаны граматамі.

Аксана ДАВЫДЗЕНКА, метадыст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама

P. S. Пакуль вярстаўся нумар, адбыўся завочны этап абласнога фестывалю даследчых работ дашкольнікаў і малодшых школьнікаў, на які ад нашага раёна былі вылучаны работы дзяцей, якія прадстаўлены на гэтай старонцы. Права прыняць удзел у вочным этапе абласнога фіналу адкрытага фестывалю «Я – даследчык» Мінскай вобласці атрымалі вучань 2 «А» класа гімназіі № 1 Аляксей Караневіч з работай «Як узмацніць сігнал WI-FI cваімі рукамі» (кіраўнік работы настаўніца пачатковых класаў А. А. Вярэмская) і выхаванка ясляў-сада № 4 г. Стоўбцы Эліна Пятрова з работай «Дзіўны свет люстэркаў» (кіраўнікі выхавацель В. В. Наско і матуля Эліны Дар’я Юр’еўна). Юныя даследчыкі абаранялі свае работы на базе Мінскага інстытута развіцця адукацыі.

Анастасія КАПЕЙЧАНКА, выхаванка дзіцячага сада № 8 г. Стоўбцы

Як і ўсе дзеці, Насця любіць гуляць, фантазіраваць, забаўляцца. Ёй падабаецца складваць мазаіку, канструктар. Шмат часу возіцца са сваімі лялькамі, яны ў яе, як жывыя. Любіць маляваць, расфарбоўваць. Любімы занятак для яе – слухаць казкі. Яна і сама прыдумвае цікавыя гісторыі. Дзяўчынка спявае і танцуе. А яшчэ яе захапленне – кветкі. Яна складвае букеты ў падарунак маме і бабулі, назірае за ростам кветак на клумбе, даглядае пакаёвыя расліны. Сапраўдная дзяўчынка!

Аляксей КАРАНЕВІЧ, вучань гімназіі № 1

Хлопчык ужо два гады займаецца плаваннем у секцыі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы. Яго захапленнем з’яўляецца таксама збіранне розных мікрасхем у дзіцячым электронным канструктары. Іх у яго ўжо 320 штук. Такі поспех яшчэ больш падахвочвае хлопчыка і развівае яго мысленне і навыкі. Пабыць на прыродзе – для Аляксея не толькі адпачынак, але і магчымасць пазнання свету. Для яго сапраўднае свята, калі яны з татам едуць на рыбылку. Аляксей любіць дапамагаць бацькам у розных справах. Разам наведваюць тэатры, кіно, канцэрты, выязджаюць на экскурсіі, у горы. Хлопчык любіць чытаць кнігі і марыць стаць праграмістам.

Глеб КЛІМОВІЧ, вучань СШ № 3

Свет захапленняў Глеба вельмі разнастайны. Лягчэй сказаць, што яго не цікавіць, чым што цікавіць. Кожны дзень хлопчык імкнецца напоўніць карыснымі справамі, і гэта яму ўдаецца дзякуючы імкненню жыць цікава. Ён здатны мастак, удзельнічае ў розных конкурсах дзіцячых малюнкаў, іграе на фартэпіяна, танцуе ў ансамблі «Шчабятушкі». На ўсё патрэбен час, і хвала Глебу, што ён умее яго спланаваць і выкарыстаць для свайго інтэлектуальнага развіцця і эстэтычнага выхавання. Столькі часу ўдзяляючы пазакласным заняткам, Глеб добра вучыцца па ўсіх прадметах і ўсюды паспявае.

Цімафей СКРЫНДЗЕЎСКІ, выхаванец ясляў-сада № 5 г. Стоўбцы

Цімафей – вельмі дапытлівы хлопчык. Яго інтарэсы шматпланавыя: захапляецца кнігамі аб дыназаўрах, наведвае лабараторыю «Разумны Мінск», дзе пад кіраўніцтвам лабарантаў праводзіць доследы па хіміі, біялогіі. Займаецца акрабатыкай, на спаборніцтвах заняў другое прызавое месца. Захапляецца тэмай космасу і сонечнай сістэмы, засыпае бацькоў пытаннямі. Падахвочваючы дапытлівасць хлопчыка, бацькі вырашылі падарыць яму на дзень нараджэння сапраўдны тэлескоп. У свае пяць з паловай гадоў хлопчык ведае аб космасе больш за многіх дарослых. Пажадаем яму поспехаў у набыцці новых ведаў!

Эліна ПЯТРОВА, выхаванка ясляў-сада № 4 г. Стоўбцы

Эліну цікавіць усё новае, незвычайне, яна імкнецца дабрацца да ісціны. Пасля чаго з цікавасцю расказавае равеснікам. Любіць дэкламаваць вершы, з яе артыстызмам гэта выдатна атрымліваецца, удзельнічае ў драматычных інсцэніроўках, тэатралізаваных пастаноўках. Займаецца пляценнем, стварае вырабы з гумак. Любіць спяваць сучасныя песні. Яна з задавальненнем глядзіць пазнавальныя тэлеперадачы, што пашырае яе кругагляд.

Дзяўчынка добрая, вясёлая, абаяльная, мэтанакіраваная, ніколі не сядзіць на месцы.

Савелій ПАНАШЧЫК, вучань СШ № 2

Савелій не губляе часу, каб кожны дзень папаўняць свае веды новым. Для яго характэрна высокая ступень пазнавальнай актыўнасці. Ён шмат чытае, праяўляе цікавасць для разгадвання рэбусаў, галаваломак, крыжаванак. Інтэлект Савелія дапамагае яму мець і высокія поспехі ў вучобе. Вялікі інтарэс хлопчык праяўляе да такіх прадметаў, як «Чалавек і свет», літаратурнае чытанне, матэматыка. Свет захапленняў Савелія шматбаковы. Ён наведвае факультатыўныя заняткі «Народна-сцэнічны танец», займаецца боксам, плаваннем. Умее сябраваць – і гэта самае галоўнае з таго, чаму ён паспеў навучыцца.

На здымках: юныя таленты; Анастасія Капейчанка; Цімафей Скрындзеўскі; Аляксей Караневіч; Эліна Пятрова; Глеб Клімовіч; Савелій Панашчык.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *