Шчырыя працаўніцы ААТ «Дзераўное»

Нумары Сельская гаспадарка

070318d

* У таварыстве на вытворчасці працуюць 97 жанчын, сярод іх – 24 спецыялісты. Большасць завіхаецца ў жывёлагадоўлі.

* Статус шматдзетных маці маюць сем жанчын.

* Кожнай работніцы пры нараджэнні дзіцяці выплачваецца грашовае ўзнагароджанне.

НА ЗДЫМКАХ

У КАНТОРЫ ТАВАРЫСТВА рупяцца вопытныя, з багатым працоўным стажам жанчыны. Поруч з імі шчыруюць і маладыя, ведаючыя сваю справу спецыялісты. Усе яны выдатныя гаспадыні і жонкі, клапатлівыя маці і бабулі.

У першым радзе (злева направа) – бухгалтар і старшыня прафкама Галіна Карповіч, галоўны бухгалтар Валянціна Бець, спецыяліст па ідэнтыфікацыі жывёлы Вольга Пазняк, галоўны эканаміст Марына Жыбуль.

У другім радзе – спецыяліст па ідэалагічнай рабоце Марына Шыманец, намеснік галоўнага бухгалтара Ганна Гарэлік, інспектар па кадрах Марыя Даўгапол, бухгалтары Ірына Гусева і Людміла Варакса.

МАРЫЯ РУЧ’ЁВА (на здымку справа) – шматдзетная маці, у сям’і выхоўваюцца чацвёра дзяцей. Марыя Паўлаўна працуе тэхнікам-асемянатарам на МТФ «Заброддзе» і работу сваю выконвае выдатна. А яшчэ яна, яе муж і дзеці – актыўныя ўдзельнікі практычна ўсіх мерапрыемстваў, у тым ліку і спартыўных, якія арганізоўваюцца ў раёне. На іх рахунку нямала перамог у прэстыжных конкурсах. З веданнем справы шчыруе і выконвае ўскладзеныя на яе абавязкі па арганізацыі работы ветэрынарнай службы гаспадаркі галоўны ветэрынарны ўрач таварыства Вольга Мішук, у якой дзве дачушкі. Абедзве жанчыны маюць аўтарытэт, яны добрыя і спагадлівыя.

МЯСЦОВАЯ СТАЛОВАЯ таксама ў ліку важнейшых вытворчых падраздзяленняў, дзе з вясны да позняй восені сілкуюцца працаўнікі, якія прымаюць удзел у масавых палявых кампаніях. Загадвае сталовай Людміла Машлякевіч (на здымку злева), памочнікам у яе – Наталля Грыгарцэвіч. Жанчыны гатуюць смачныя абеды.

З ЭНТУЗІЯЗМАМ ПРАЦУЕ КАЛЕКТЫЎ МТФ «ЦЭНТР-НІЎНАЕ». Работнікі гэтай фермы імкнуцца мець высокія вынікі, і гэта ім удаецца. Часта наведваецца ў вытворчае падраздзяленне галоўны заатэхнік Таццяна Кокель (на здымку злева), каб не толькі пракантраляваць працэс работы, а і, калі трэба, падказаць і навучыць. Аператары машыннага даення Марына Забаронак і Святлана Федзюшкіна не навічкі ў жывёлагадоўлі, працуюць звыш дзесяці гадоў. Набыла вопыт і Таццяна Паплаўская. Святлана Цыркіна хоць і нядаўна на ферме, але стараецца, пераймае вопыт у калег.

НЕМАЛЫ СТАЖ РАБОТЫ ў загадчыцы цэнтральнага склада Наталлі Бычкевіч. Ветлівая і старанная, яна заўсёды адказна ставіцца да выканання даручаных абавязкаў. Як і дыспетчар Стэфанія Буцэвіч. За дабрадушнасць і спакойны характар жанчыны карыстаюцца павагай.

У ЗАЛАТОЙ СЯРЭДЗІНЕ Ў МАЛОЧНЫХ СПРАВАХ КАЛЕКТЫЎ МТФ «БАРОК». Вылучаецца стараннасцю аператар машыннага даення Алена Пячурка. Жанчына прыехала з Казахстана, дзе працавала поварам. У клапатлівай маці трое дзяцей. Чвэрць стагоддзя шчыруе ў жывёлагадоўлі брыгадзір Тамара Бець, якая спалучае абавязкі тэхніка-асемянатара. Пачынала працу ў паляводстве майстар у сваёй прафесіі Ганна Мішук, аператар машыннага даення з дваццацігадовым стажам.

ДРУЖНА ШЧЫРУЮЦЬ РАБОТНІКІ МТФ «ЗАБРОДДЗЕ». Для жывёлаводаў створаны належныя ўмовы для працы і адпачынку. Пабудаваны ўтульны Дом жывёлавода, добраўпарадкавана тэрыторыя. Кожная з працаўніц імкнецца не адстаць ад калег – надаіць больш малака і атрымаць вышэйшыя сярэднясутачныя прывагі жывёлы. Тры жанчыны – шматдзетная маці Ала Даўнаровіч, Ірына Пячынская і Наталля Шумчык – ужо маюць унукаў.

НАРОШЧВАЮЦЬ ВЫТВОРЧАСЦЬ МАЛАКА І МЯСА РАБОТНІКІ МТК «НІЎНАЕ». Усе стараюцца, працуюць сумленна. Работа нялёгкая, за працу сваю жанчыны заслугоўваюць слоў ўдзячнасці. Хтосьці з работніц адпрацаваў на комплексе шмат гадоў, іншыя шчыруюць нядаўна, і ўсе разам яны робяць агульную справу. У Алены Лапко, якая звыш 25 гадоў прысвяціла прафесіі цялятніцы, трое ўнукаў. У яе калег Тамары Ганісеўскай і Ірыны Ламака – па трое дзяцей.

На здымку: (злева направа) жывёлавод Ірына Ламака, аператары машыннага даення Святлана Аляшкевіч і Таццяна Сарокіна, жывёлавод Ірына Далідовіч, брыгадзір Ірына Панасюк, жывёлаводы Алена Лапко, Яніна Талэйка і Тамара Ганісеўская.

НА МТФ «ЛУБЕНЬ» добрасумленна працуе аператар машыннага даення Жанна Высоцкая. Дзякуючы яе працавітасці і намаганням каляжанак калектыў займае перадавыя пазіцыі па надоях малака ад каровы. Жанна Эдуардаўна прыехала жыць у вёску са сталіцы і ўжо 27 гадоў рупіцца жывёлаводам. Па надоях малака за мінулы год яна займае другое месца. Валянціна Рудовіч працавала калісьці загадчыцай магазіна, а цяпер – падменнай даяркай, яна шматдзетная маці.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *