Карункі душы

Культура Нумары Таленты Стаўбцоўшчыны

070318f

На гэтым здымку вы бачыце загадчыцу Слабадскога клуба-бібліятэкі Людмілу Віцько. Людміла Іларыёнаўна трымае ў руках шкатулку, зробленую з газетных трубачак. Яе аўтарскія работы ў гэтым відзе творчасці – найпрыгажэйшыя рэчы. Аднак Людміла Віцько заслужыла прызнанне не толькі як умелая майстрыха, удзельніца шматлікіх выстаў народнай творчасці, але і як кіраўнік гурткоў мастацкай творчасці для дарослых і дзяцей на базе свайго клуба-бібліятэкі. Хіба не варты ўвагі такі факт: убачыўшы яе аўтарскія работы з газетных трубачак у інтэрнэце, на заняткі да Людмілы Іларыёнаўны прыехалі тры мінчанкі. А наогул майстар-клас у яе атрымалі амаль усе слабадскія жанчыны, яны з вялікім задавальненнем цяпер займаюцца рукадзеллем.

І гэта не толькі выраб мастацкіх рэчаў з газетных трубачак. Адметнай з’явай у адраджэнні народных рамёстваў у Слабадскім клубе-бібліятэцы з’яўляецца вышыванне беларускіх ручнікоў. Людміла Іларыёнаўна расказвае, што слабадчанка Надзея Аляшкевіч за мінулую зіму вышыла 11 найпрыгажэйшых ручнікоў. Зразумела, яны ўсе былі прадстаўлены на выставе ў клубе. Як і вышыванкі Ганны Рэва, яе роднай сястры Тамары Новік, а таксама Галіны Каробка, Ганны Клімко, Ганны Грамыка і іншых вясковых умельцаў. Ірына Шабуня трымае прыватны вясельны салон. У ім яна прапаноўвае і вышытыя беларускія ручнікі, выкананыя сваімі рукамі. А таксама вытанчанай работы шкатулкі, сподачкі з газетных трубачак для шлюбных пярсцёнкаў.

У вёсцы яшчэ не пачаліся работы на агародзе. І ў жанчын свабодныя вечары для рукадзелля. Яны з вялікім задавальненнем збіраюцца ў клубе на такія мастацкія «пасядзелкі». Дзеляцца адна з адной узорамі. Людміла Віцько праводзіць заняткі вязання кручком і пруткамі, сама яна дасканала валодае гэтым умельствам, вяжа і на машынцы.

Няпростая справа – прыцягнуць сучасную моладзь да рукадзелля. Людміле Іларыёнаўне гэта выдатна ўдаецца. Ёй дапамагае ў гэтым вопыт работы педагогам. Выпускніца Нясвіжскага педвучылішча, яна працавала ў Задворанскай школе-інтэрнаце. Калі школу закрылі, узначаліла клуб-бібліятэку па месцы жыхарства, дзе спалучыла ў поўнай меры і педагогіку, і дэкаратыўна-прыкладную творчасць. Бацькі вельмі ўдзячныя Людміле Іларыёнаўне, што яна навучае іх дзяцей тым уменням, якія некалі дапамагалі дзяўчатам стаць добрымі гаспадынямі, упрыгожыць свой дом адметнай вышыўкай, вязанымі абрусамі, сурвэткамі, што стварала надзвычайную ўтульнасць і цеплыню ў дамашніх пакоях, і ніякія цуды цывілізацыі не могуць перасягнуць гэтую прыгажосць. Людміла Іларыёнаўна таксама рада, што дзяўчаты хочуць навучыцца вышываць, вязаць. Адзінаццацікласніца СШ № 2 г. Стоўбцы Ульяна Казлова сама ўжо можа даць майстар-клас па пляценні мастацкіх твораў з газетных трубачак. Сур’ёзна асвойвае вязанне, вышыўку.

Адкуль у самой Людмілы Віцько такое захапленне? Нам вельмі прыемна пачуць, што таленавітай майстрыхай з’яўляецца яе матуля Марыя Мікалаеўна Грамыка з вёскі Ячонка. Яе дом, інтэр’ер якога ўпрыгожаны вышыванымі падушачкамі, пакрываламі і іншымі прыгожымі вышытымі і вязанымі рэчамі, не раз прыцягваў увагу сталічных журналістаў. І дачка Людмілы Іларыёнаўны ў трэцім ужо пакаленні ўнаследавала гэты мастацкі дар. Марыя Віцько, якая носіць імя сваёй умелай бабулі, працуе настаўніцай матэматыкі ў Вішнявецкай школе, а для душы займаецца дэкарытыўна-прыкладной творчасцю. З-пад яе рук выходзяць найпрыгажэйшыя мастацкія рэчы.

Вось такія ўмельцы, такія таленты жывуць і працуюць у нашым раёне, абагачаючы наша жыццё, родны край карункамі – сваёй душы і ўмелых рук.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *