Настрой для чаяпіцця

Культура Нумары

070318e

Вользе Балабан сябры гавораць, што яе мастацкія лялькі-грэлкі для чайнікаў ствараюць у іх дамах сардэчны настрой падчас чаяпіцця. Яны жывыя, добрыя, здаецца, вось і падміргнуць табе.

Вольга Іосіфаўна расказвае нам, што падахвоціла вырабляць іх дачка Інна, якая жыве са сваёй сям’ёй у Маладзечне. І майстрыху вельмі захапіла гэтае рукадзелле. У першую чаргу тым, што ніколі не ведаеш, якая атрымаецца лялька напрыканцы работы. Вольга Іосіфаўна іх вяжа – кручком і пруткамі. Навык такога рукадзелля ў яе з маладосці. Яна можа звязаць усё – адзенне, сурвэткі, нават пледы. Выраб лялек унёс у яе творчасць навізну. На заслужаны адпачынак Вольга Іосіфаўна пайшла з вайсковай часці пас. Наваколасава, дзе і жыве. Па стане здароўя яна адразу ж пакінула работу. І гэтае рукадзелле дапамагае ёй быць пры справе, не загружаць сваю галаву рознымі думкамі, калі здараюцца трывожныя жыццёвыя абставіны, расслабіцца, акунуўшыся ў творчы працэс. Ды і атрыманыя мастацкія творы дастаўляюць задавальненне.

Вольга Іосіфаўна заўсёды любіла бываць на выставах майстроў народнай творчасці, дзе можна павучыцца ў іншых. А ў гэтым годзе і сама ўпершыню паўдзельнічала са сваёй мастацкай экспазіцыяй у выставе ўмельцаў Стаўбцоўшчыны ў раённым Цэнтры культуры, якая была арганізавала народным клубам майстроў народнай творчасці «Пралеска».

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *