З вышэйшымі здабыткамі

Нумары Сельская гаспадарка

140318c

ААТ «Жацерава» па выніках работы за мінулы год – у сярэдзіне раённай зводкі, але сёлета жывёлаводы пачалі год з вышэйшымі здабыткамі і паступова прыбаўляюць у вытворчасці малака. Па сярэднясутачных прывагах буйной рагатай жывёлы – на трэцім месцы.

За шчыраванне падзячным пісьмом адзначана брыгадзір жывёлагадоўчай фермы «Савоні» Святлана Ганчарэнка, якая спалучае гэтыя абавязкі з працай жывёлавода. Святлана Віктараўна раней працавала ў магазіне, затым доўгі час загадчыцай склада гаруча-змазачных матэрыялаў, а апошнія паўтара года – на ферме. Работа ёй падабаецца, і паказчыкі добрыя. Разам з сястрой завіхаецца і Наталля Бандаровіч, шматдзетная маці. За нялёгкую працу, цярпенне і прафесіяналізм, з пажаданнямі і ў далейшым прымнажаць здабыткі гаспадаркі, Таццяне Віктараўне ўручыла падзяку і падарунак ад раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» яго старшыня Святлана Жыбуль.

На МТФ «Жацерава» працуе згуртаваны і дружны калектыў. Тэхнікам-асемянатарам тут Людміла Курдун. Кіраўніцтва адзначае Людмілу Аляксандраўну як шчырую і сумленную працаўніцу. З нядаўняга часу яна выконвае абавязкі брыгадзіра фермы. Калі спатрэбіцца, то жанчына заменіць і аператара машыннага даення. Яна шматдзетная маці – у сям’і выхоўваюцца трое дзяцей. Трое дзяцей і ў сям’і цялятніцы Жанны Сачук. Жанчына не толькі добра працуе, а і выдатна спявае. Аператар машыннага даення Алена Лендэль прыехала на работу з Украіны, працавітая жанчына, трымае вялікую дамашнюю гаспадарку. Не адняць працавітасці і ў аператара машыннага даення Надзеі Корж. Сяргей Лютэр даглядае маленькіх цялят. Самае галоўнае ў яго прафесіі – захаваць і вырасціць сваіх гадаванцаў да двухмесячнага ўзросту. З абавязкамі Сяргей Юр’евіч спраўляецца.

На здымку: старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Белая Русь» Святлана Жыбуль уручае падзяку і падарунак жывёлаводу, шматдзетнай маці Таццяне Бандаровіч.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *