І пасвятлела ў Цёмных Лядах

Нумары Соцыум

Члены садовага таварыства «Лясное-88» другі год ажыццяўляюць эксперымент, з дапамогай якога падтрымліваюць вакол сябе належны парадак і, больш таго, на гэтым зарабляюць.

Наша рэальнасць пакуль такая, што садовыя таварыствы (іх у раёне 46, тры садовыя кааператывы) асацыіруюцца хутчэй з засмечанасцю, чым з парадкам. Асабліва забруджана выглядаюць прылеглыя да іх лясы і дарогі. «Лясное-88» таксама месціцца сярод лесу (у знакамітых Цёмных Лядах, звязаных з імем Якуба Коласа), аднак у яго старшыні Віктара Яфрэмава ў арсенале іншыя козыры.

– Мы ўжо не смецім. І з боку раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, лясгаса да нас няма прэтэнзій, – інтрыгуе ён. – Калі раней за чысціню мы плацілі аб’яднанню камунальных службаў, то цяпер – наадварот, – камунальнікі нам плацяць.

Віктар Яфрэмаў, былы чыгуначнік, узначаліў садовае таварыства два гады таму. З яго прыходам быў укаранёны раздзельны збор цвёрдых бытавых адходаў. Для гэтага ў якасці кантэйнераў прыстасаваны старыя халадзільнікі, якія дачнікі збіраліся выкінуць. Кожны з іх падпісаны: папера, пластык, шкло і т. п. Калі ёмістасці напаўняюцца, адходы з іх перапакоўваюць у вялікія мяхі, якія выдзелілі садоваму таварыству камунальнікі. Побач устаноўлены 20-тонны кантэйнер – яго дачнікі і выкарыстоўваюць як пляцоўку для доўгатэрміновага захоўвання адходаў. Прыкладна раз у сезон садовае таварыства робіць заказ у перасоўны пункт АКС, а таксама звяртаецца ва Уторчармет, і яны з ахвотай забіраюць адходы.

– Узважваюць, што мы назапасілі, і на месцы разлічваюцца, – не хавае задаволенасці Віктар Яфрэмаў.

У мінулым годзе «Лясное-88» зарабіла на здачы другасных матэрыяльных рэсурсаў каля 100 рублёў. Сума даходу адносна невялікая, але тут прынцыпова важна іншае. Раней прыкладна столькі садовае таварыства выдаткоўвала АКС – за заказ трактара для вывазу цвёрдых бытавых адходаў. Розніца, як кажуць, істотная. Заробленае накіравалі на агульныя патрэбы, у тым ліку на заахвочванне дружыннікаў.

Рэч у тым, што добраахвотная дружына ў садовым таварыстве – гэта, так бы мовіць, рабочы орган, падраздзяленне ўласнай бяспекі. За яго стварэнне прагаласавалі самі дачнікі на сходзе. Найбольш актыўныя выклікаліся стаць членамі гэтай дружыны. Яны адсочваюць не толькі смеццевыя пытанні. Асноўныя функцыі дружыны – захаванне маёмасці, правапарадак на тэрыторыі садовага таварыства, кантроль за станам інжынерных сетак, работа з насельніцтвам… Са з’яўленнем дружыннікаў адпала патрэба ў вартаўніку, якому з агульных узносаў плацілі заробак, уладкоўвалі яго рабочае месца і т. п. Дружыннікі нясуць дзяжурства па чарзе. Гэта і іншае прапісана ў Палажэнні аб добраахвотнай дружыне і Інструкцыі дзяжурнага дружынніка, якія распрацаваны непасрэдна ў садовым таварыстве. Не бяздзейнічаюць і члены праўлення – за імі таксама замацаваны канкрэтныя напрамкі дзейнасці.

Відавочна, што ў «Лясным-88» дастаткова моцна развіта самакіраванне і вялікая роля належыць мясцовай ініцыятыве. У выніку, чатыры дзясяткі дач чыгуначнікаў у Цёмных Лядах – нібыта адна дружная сям’я. Іх садовае таварыства не фігурыруе ў міліцэйскіх зводках па фактах крадзяжоў. Дачнікі не нясуць страт, таму кожны з іх разумее – лепш для дапамогі дружыннікам патраціцца на сучасныя святлодыёдныя пражэктары, аснашчаныя датчыкамі руху. Укараненне гэтых прыбораў у «Лясным-88» ужо пачалося. І, вельмі важна, слова дружынніка на гэтай тэрыторыі – закон для ўсіх.

– Аднойчы прыйшлося скласці акт на незгаворлівага жыльца, які своечасова не прыбраў за сабою, – прыгадаў Віктар Яфрэмаў. – Аднак даваць ход гэтаму дакументу (а ён пацягнуў бы адміністрацыйную адказнасць) не прыйшлося. Парушальнік хутка адумаўся. Больш падобных пытанняў не ўзнікае.

Члены садовага таварыства «Цёмныя Ляды» прыбіраюць сваю тэрыторыю і тую частку ляснога масіву, што за іх плотам, у тым ліку і лясную дарогу да чыгуначнага прыпынку. Замацавана тэрыторыя ў радыусе 100 метраў, аднак садовае таварыства прапануе павялічыць яе да кіламетра, а таксама цесна супрацоўнічаць з лясгасам.

– Цудоўныя мясціны вакол нас, і вельмі крыўдна, калі іх засмечваюць, збядняюць самавольнымі высечкамі. Згадзіцеся, не кожны дачнік паедзе па дазвол у Акінчыцкае лясніцтва, хоць яму патрэбны дровы, матэрыял на плот, у цяпліцу, – разважае Віктар Яфрэмаў і дзеліцца бліжэйшым планамі: – Мяркуем аформіць на садовае таварыства адзіны ордар для саманарыхтоўкі драўніны (балазе, начальнік дружыны – з пасведчаннем вальшчыка лесу). Вясной арганізуем суботнік і агульнымі сіламі нарыхтуем усё неабходнае. Хочацца не толькі секчы, а і аздабляць лес новымі пасадкамі, – падкрэслівае Віктар Яфрэмаў.

Ёсць у членаў «Ляснога-88» і планы адносна таго, каб аб’яднаць актыўных і нераўнадушных людзей для развіцця турызму, экалагічнага і сацыяльна-культурнага развіцця Стаўбцоўшчыны.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *