Пакуль снежная вясна

Нумары Прамая лінія

140318d

У першыя дні каляндарнай вясны прайшла прамая тэлефонная лінія з дырэктарам Стаўбцоўскага аб’яднання камунальных службаў Дзмітрыем МУРЫНЫМ. Сур’ёзных пытанняў ці крытычных сітуацый, якія б выклікалі парушэнне жыццядзейнасці людзей, не выявілася. Фактычна ўзнімаліся пытанні бягучага характару. Як падкрэслівае дырэктар, АКС па ўсіх кірунках выконвае сацыяльныя стандарты. У плане цеплазабеспячэння гэты ацяпляльны сезон увогуле можна назваць безаварыйным. Такі вынік дасягнуты дзякуючы комплексу падрыхтоўчых мерапрыемстваў, якія былі праведзены ў летні перыяд (замена цепласетак, прамыўка катлоў, частковая замена помпавага абсталявання, нарыхтоўка 7,5 тысячы м3 дроў і т. п.).

Тым не менш, што хвалявала жыхароў Стаўбцоўшчыны?

Жыльцы пад’езда нумар адзін дома № 17 па гарадской вуліцы Цэнтральнай цікавіліся, калі зноў з’явяцца свяцільнікі ў іх пад’ездзе.

Дзмітрый Мурын:

– У вашым пад’ездзе былі ўстаноўлены тры энергазберальныя свяцільнікі, яны ўкрадзены. Па гэтым факце АКС звярнуўся з заявай у раённы аддзел унутраных спраў. Чакаем адказу ў вызначаныя законам тэрміны. Калі вінаваты не будзе ўстаноўлены, будзем аднаўляць асвятленне ў пад’ездзе за свой кошт. Хацеў бы заклікаць і вас, жыльцоў, па меры магчымасці сачыць за захаванасцю агульнай маёмасці, падтрымліваць парадак. Энергазберагальныя свяцільнікі абыходзяцца нятанна. Пакуль мы аснасцілі імі толькі 25 працэнтаў пад’ездаў камунальных дамоў. Лішніх у нас няма, майце гэта на ўвазе.

Стаўбчане задавалі пытанне адносна таго, калі з’явіцца дарожная разметка на пешаходным пераходзе побач з магазінам «Крышталь».

– Разметка з’явіцца з наступленнем спрыяльных пагодных умоў. А злучэнне тратуара з праезджай часткай па вуліцы Цэнтральнай было зроблена яшчэ восенню мінулага года.

Стаўбчанка М. Ф. Комар наракала на тое, што была не расчышчана ад снегу вуліца Зялёная.

– Пабываю на вашай вуліцы, да канца дня яна будзе расчышчана. Магчыма, не ўсюды паспяваем. У пачатку сакавіка ў сувязі са снегападамі працуем узмоцнена. Тэхніка выходзіла на вуліцы ў чатыры раніцы. Чысцім вуліцы агульнай працягласцю 280 км.

Жыхары аграгарадка Стары Свержань звярнуліся з пытаннем ачысткі ад снегу вуліцы Камарова, а таксама адносна рамонту сваёй вуліцы.

– Раней АКС сапраўды адказваў за ачыстку вуліц аграгарадкоў. У 2017 годзе райвыканкамам прынята рашэнне аб замацаванні вуліц аграгарадкоў на зімовы перыяд за гаспадаркамі. У Старым Свержані вуліцы павінны чысціцца сіламі ААТ «Агранёманскі».

А што датычыць рамонту вашай вуліцы, то варта сказаць, што яна ўключана ў пералік чарговасці выканання рамонтных работ на вуліцах аграгарадкоў раёна (пералік апублікаваны ў газеце «Прамень», № 11 за 10 лютага 2018 года). Ваша вуліца ідзе ў ім пад нумарам 11, перад ёй – вуліцы ў аграгарадках Любкаўшчына, Вішнявец, Горкі, Дзераўная, Заямнае, Слабада і т. п. Будуць у дастатковым аб’ёме фінансавыя сродкі – чарга будзе прасоўвацца хутчэй.

Стаўбчанкі З. М. Сурко і Я. Р. Лойка звярнуліся з пытаннямі рамонту сваіх дамоў – № 29 па вуліцы Свярдлова і № 50-а па вуліцы 17 Верасня.

– Стан дома па вуліцы Свярдлова, 29, адпавядае патрабаванням. У свой час АКС была зроблена яго цеплавая рэабілітацыя. У пераліку чарговасці выканання работ па бягучым рамонце жыллёвага фонду прадугледжана замена дзвярэй у вашым доме. Будзем мяняць іх.

Жыльцы дома № 50-а па вуліцы 17 Верасня звярталіся да нас у мінулым годзе, тое-сёе ўжо зроблена. Па заяве жыльцоў рамантавалі стыкі панэляў і т. п. Дом уключаны ў пералік чарговасці выканання работ па бягучым рамонце жылых дамоў, у прыватнасці па бягучым рамонце даху. Ёсць дамы, якія пабудаваны раней за ваш дом і не мелі капітальнага рамонту. Ваш дом прыняты на баланс АКС адносна нядаўна, у 2015 годзе. У бягучым годзе нам неабходна завяршыць капрамонты двух дамоў у горадзе, па вуліцы Энгельса, 2, і па вуліцы Танкістаў, 30, якія пачалі ў мінулым годзе.

Стаўбчанін У. І. Карачун звяртаў увагу на парушаную ізаляцыю ацяпляльных труб у падвале іх дома па вуліцы Царука, 11.

– У вас падвал закрываецца на замок? Калі закрываецца, то хто мог парушыць ізаляцыю? З восені мы ўкрывалі трубы «ізоверам», шклотканінай. Мы паправім сітуацыю, але і вы будзьце гаспадарамі ў сваім доме.

Прадчуваючы хуткую вясну і сезонны ажыятаж вакол пытанняў навядзення парадку, варта нагадаць пра работу камунальнікаў з насельніцтвам. Жыльцам лепш не ігнараваць сходы, на якіх абмяркоўваюцца пытанні рамонту пад’ездаў, капітальнага рамонту дамоў, прыняцця долевага ўдзелу ў правядзенні рамонтаў, захавання правіл карыстання жылымі і дапаможнымі памяшканнямі, добраўпарадкавання двароў, уборкі смецця каля гаспадарчых пабудоў і т. п. Парадак можна навесці толькі разам, агульнымі намаганнямі і з удзелам кожнага жыльца. АКС закуплена за бюджэтныя сродкі 380 металічных кантэйнераў для збору цвёрдых бытавых адходаў, 50 кантэйнераў – за ўласныя сродкі прадпрыемства. Іх будуць устанаўліваць у сельскіх населеных пунктах, дзе ў гэтым ёсць неабходнасць, а таксама створаць падменны фонд, які дапаможа пазбавіцца ад іржавых і дзіравых кантэйнераў. На вывазцы адходаў задзейнічана 14 машын-смеццявозаў з задняй і бакавой загрузкай.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *