За справядлівыя і сумленныя рынкі

Нумары Соцыум

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.03.1998 № 157 «Аб дзяржаўных святах, святочных датах і памятных днях у Рэспубліцы Беларусь» штогод 15 сакавіка ў нашай краіне адзначаецца Дзень спажыўца.

Гэтая дата адметная ў многіх краінах, дзе ўдзяляецца асаблівая ўвага пытанням абароны правоў спажыўцоў. Правы і абавязкі грамадзян на спажывецкім рынку рэгламентуюцца заканадаўча. У нашай рэспубліцы дзейнічае Закон «Аб абароне правоў спажыўцоў». У адпаведнасці з ім кожны спажывец мае права атрымліваць дакладную і зразумелую інфармацыю аб таварах, работах, паслугах, а таксама іх выканаўцах, прадаўцах, вытворцах і пастаўшчыках. Бяспечнасць тавараў, работ і паслуг, свабодны іх выбар, належная якасць – усё гэта гарантавана правамі спажыўцоў. Як і кампенсацыя страт, прычыненых у выніку недахопаў у таварах, аказанні паслуг. Спажыўцу гарантавана грамадская і дзяржаўная абарона правоў. У тым ліку і звяртанне ў суд, калі гэтыя правы парушаюцца.

Штогод Сусветны дзень абароны правоў спажыўцоў праводзіцца тэматычна, са звяртаннем асаблівай увагі на тыя ці іншыя ключавыя або праблемныя пытанні. У 2018 годзе яго тэма – «Зробім лічбавыя рынкі справядлівымі і сумленнымі». Гэтая тэма падтрымана Кансультатыўным саветам па абороне правоў спажыўцоў краін-удзельніц СНД.

Сапраўды, цяпер эпоха ўсталявання інфармацыйных тэхналогій. Усё больш актыўна ў наша жыццё ўваходзяць лічбавыя тэхналогіі, якія мяняюць характар многіх паслуг. Так, да ўжо звыклых паслуг па забеспячэнні аплаты за набытыя тавары і паслугі дабавілася магчымасць карыстацца настройкамі аўтаплацяжоў на аплату жыллёва-камунальных паслуг, мабільнай сувязі і інтэрнэту. У сувязі з гэтым асаблівую ўвагу неабходна ўдзяліць забеспячэнню захавання правоў спажыўцоў на свабоду выбару і інфармаванасць аб таварах, работах, паслугах і іх выканаўцах з мэтай прыняцця спажыўцамі абгрунтаваных рашэнняў. Давер і бяспека спажыўцоў – залог поспеху лічбавай эканомікі.

На службе абароны правоў спажыўцоў – адпаведныя прававыя інстанцыі і грамадскія аб’яднанні. Адрасы і нумары тэлефонаў варта абнародаваць у кожнай арганізацыі, якая аказвае паслугі насельніцтву. Абарона правоў кожнага грамадзяніна – у ліку асноўных прынцыпаў дэмакратычнай, прававой дзяржавы.

Ф. ФЯДОТАЎ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *