Для падтрымкі алімпійцаў

Нумары Спорт Таленты Стаўбцоўшчыны

140318f

У дні XXIII зімовых Алімпійскіх гульняў усе мы сачылі за выступленнем беларускіх спартсменаў, радаваліся перамогам нашых біятланістаў і фрыстайлістаў. Хацелася падтрымаць алімпійцаў, таму настаўнікі і вучні нашай школы з задавальненнем прынялі ўдзел у рэспубліканскай акцыі «Разам з камандай!», якую праводзіць Нацыянальны алімпійскі камітэт Рэспублікі Беларусь з 21 снежня. Мэта акцыі – падтрымка нацыянальнай зборнай каманды Рэспублікі Беларусь на XXIII Алімпійскіх гульнях у г. Пхёнчхане, папулярызацыя зімніх відаў спорту, выяўленне адораных у спорце навучэнцаў устаноў адукацыі.

Прырода падаравала нам цудоўнае зімовае надвор’е, і кожны жадаючы змог праявіць сябе ў школьных спаборніцтвах па зімніх відах спорту. Лепшыя ж спартсмены нашай школы ўдзельнічалі ў раённых і абласных спаборніцтвах.

Лізавета Дубоўская, вучаніца 5 класа, у складзе каманды Стаўбцоўскага раёна прымала ўдзел у абласных спаборніцтвах «Снежны снайпер», якія праходзілі на базе Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімніх відах спорту «Раўбічы». Балельшчыкі з нашай школы былі разам з камандай, падтрымлівалі яе падчас лыжнай гонкі. У выніку каманда раёна заняла чацвёртае месца, у чым ёсць заслуга і нашай Лізы, актыўнай, здольнай спартсменкі.

У лютым таксама ў Раўбічах прайшло абласное спартыўна-масавае свята ў рамках акцыі «Разам з камандай!», у якім прымала ўдзел зборная каманда раёна ў складзе 14 навучэнцаў Коласаўскай, Дзераўнянскай, Заямнаўскай сярэдніх школ і 23 навучэнцаў ДУ «ДЮСШ Стаўбцоўскага раёна». На лыжную трасу выйшлі лепшыя спартсменкі нашай школы: Лізавета Дубоўская (5 клас), Настасся Ярмалкевіч (4 клас), Юлія Гацура (7 клас), Марта Міронава (10 клас).

Затым наведалі Раўбічы ўжо ў якасці балельшчыкаў. Тут праходзіў Адкрыты фінал Кубка Беларускай фэдэрацыі біятлона. Юныя біятланісты з усіх рэгіёнаў Беларусі змагаліся за званне лепшых. Фінал сабраў у Раўбічах прадстаўнікоў камандаў усіх абласцей Беларусі, горада Мінска і Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву, якое прадстаўлялі выхаванцы эксперыментальнай групы. Упершыню выступалі і біятланісты з каманды Маскоўскай вобласці. Спачатку юныя спартсмены спаборнічалі ў гонках з масавым стартам, а затым – у змешаных эстафетах. Спаборніцтвы праводзіліся ў трох узроставых групах. Нам вельмі прыемна, што гонар Наваполацкага дзяржаўнага вучылішча алімпійскага рэзерву абараняў Глеб Арлоўскі – выхаванец эксперыментальнай групы гэтага вучылішча, былы вучань нашай школы. Ён стаў пераможцам змешанай эстафеты ў сярэдняй узроставай групе (2003-2004 гг. н.). Глебу даверылі прайсці чацвёрты этап, завяршыць эстафету, і ён выдатна справіўся са сваёй задачай, прадэманстраваў сілу духу і майстэрства. Дарэчы, напярэдадні Глеб заняў трэцяе месца ў гонках з масавым стартам.

Мы павіншавалі Глеба, сфатаграфаваліся з ім. Разам з намі падтрымаць юнака прыехалі яго матуля і тата, а таксама сястрычка Надзея, вучаніца 1 класа нашай школы. Хочацца пажадаць юнаму спартсмену алімпійскай будучыні.

А найбольш уражанняў ад фіналу рэспубліканскіх спаборніцтваў па біятлоне сярод дзяцей і падлеткаў «Снежны снайпер» на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба. 3 сакавіка мы зноў ездзілі ў Раўбічы ў якасці балельшчыкаў, каб падтрымаць каманду Мінскай вобласці. Мы – разам з камандай!

Марыя КАЗАЦКАЯ, намеснік дырэктара Заямнаўскай сярэдняй школы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *