Перамогі юных і вопытных

Культура Нумары

ПЕРАМАГАЕ ВОПЫТ

Дню абаронцаў Айчыны прысвячаецца традыцыйны раённы турнір па шашках. У гэтым годзе ён стаў масавым, удзельнічалі як спрактыкаваныя майстры, так і тыя, хто асвойвае мастацтва гэтай інтэлектуальнай спартыўнай гульні.

І сёлета сваю перавагу паказаў кандыдат у майстры спорту Казімір Лаўрыновіч. У яго найбольшая колькасць перамог і адпаведна колькасць ачкоў. Наступныя прызавыя месцы занялі таксама вопытныя шашысты Станіслаў Чарнец і Яўген Бірукоў.

Лаўрэатам уручаны граматы і прызы раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму.

Пр

 

ЛАЎРЭАТЫ МІЖНАРОДНАГА КОНКУРСУ

У народную студыю «Раніца» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў прыйшла радасная вестка з Калінінграда: нашы дзеці адзначаны дыпломамі міжнароднага конкурсу «Мы малюем Ражджаство».

Лаўрэацкім дыпломам І ступені ўзнагароджаны Арцемій Біёнчык за пейзаж «Ноч перад Ражджаством». Дыплом ІІІ ступені атрымала шасцігадовая Софія Пальчэўская за ілюстрацыю да казкі «12 месяцаў». Дыпломам конкурсу адзначана мастацкая кампазіцыя «У чаканні свята» Марыны Клімовіч. Дарэчы, гэтай дзяўчынцы не так даўно быў дасланы дыплом 16-й Міжнароднай мастацкай выставы-конкурсу Together (Хювінкяа, Фінляндыя). А ў снежні Марына Клімовіч і яе сястрычка Маргарыта ездзілі на ўрачыстую цырымонію ў Маскву для атрымання ўзнагарод як пераможцы І Міжнароднага конкурсу дзіцячага малюнка «Мы – дзеці Космасу».

Святлана КАЛКОЎСКАЯ, кіраўнік народнай студыі «Раніца»

 

ДЫПЛОМЫ НАШЫХ БАЯНІСТАЎ

Баяністы Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў выдатна выступілі на абласным туры VІІІ Рэспубліканскага адкрытага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя І. Жыновіча ў Салігорску.

Першае месца ў старэйшай групе атрымала Паліна Міткевіч (выкладчык Г. У. Несялоўскі), якая яркімі творамі прыцягнула ўвагу журы.

Пакарыў усіх сваёй віртуальнасцю і музычнасцю выканання Дзмітрый Хвалей (выкладчык С. В. Крамко). Яму не было роўных: з яркім густам, прыгожа быў выкананы абавязковы твор «Арт-танга» А. Пажарыцкага. Па праву юнаму музыканту было прысуджана першае месца ў сярэдняй групе.

Малодшую групу прадстаўляў дзесяцігадовы Ціхан Ланкевіч (выкладчык Л. С. Крамко). Ціхан атрымаў другое месца на абласным конкурсе.

Наперадзе – апошні, заключны тур конкурсу. Пажадаем Паліне і Дзіму выдатнага выступлення.

Людміла КРАМКО, выкладчыца Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *