Пашпарт грамадзяніна з пажаданнямі

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары У райвыканкаме

170318d

15 сакавіка, у Дзень Канстытуцыі, у раённым выканаўчым камітэце прайшло ўрачыстае ўручэнне пашпартоў маладым грамадзянам Рэспублікі Беларусь.

Свой асноўны дакумент падчас мерапрыемства, арганізаванага раённым камітэтам БРСМ сумесна з аддзелам ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама, атрымалі 47 вучняў школ раёна.

15 сакавіка 1996 года была прынята Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Гэтая дата святочная ў нашай краіне. Канстытуцыя – асноўны закон, па якім мы працуем, вучымся, жывём.

Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Старшыня райвыканкама Юрый Горлаў, звяртаючыся да моладзі, зазначае:

– У гэтай зале сабраліся лепшыя дзяўчаты і хлопцы нашага раёна. Гэты дзень вы запомніце на ўсё жыццё. З пашпартам кожны з вас будзе адчуваць сябе паўнацэнным грамадзянінам і рабіць усё для таго, каб наш раён развіваўся і станавіўся прыгажэйшым. У Год малой радзімы, якім аб’яўлены 2018-ы, усе мы павінны ўкласці ў свой родны кут часцінку душы. У нас ёсць цудоўная Радзіма – светлая, адкрытая, сінявокая і, самае галоўнае, – мірная. Вы – наша будучае. Поспехаў вам, добрага настрою і мірнага неба над галавой!

Дэпутат Мінскага абласнога Савета дэпутатаў Жанна Лысая заклікала моладзь берагчы культурную і гістарычную спадчыну, ствараць новыя культурныя набыткі, выхоўваць у сабе вернасць роднаму краю. Быць яго патрыётам – даў наказ воін-інтэрнацыяналіст Рыгор Мамайка. Супрацоўнік міліцыі Аляксандр Цярэня пажадаў заставацца сумленнымі і законапаслухмянымі грамадзянамі.

Перад паважанымі людзьмі раёна гучыць клятва маладога грамадзяніна Рэспублікі Беларусь. Са словам у адказ выступіла вучаніца Заямнаўскай школы Алёна Валько. З адказнасцю за дзяцей меў слова ад імя бацькоў падпалкоўнік у адстаўцы Сяргей Падалянчык. Творча павіншавала моладзь спявачка Вольга Дземеш. Вядучая ўрачыстасці Вольга Камко звярнула ўвагу на яшчэ адну падзею – асабістую – для вучаніцы Засульскай школы Дар’і Фянько, якой акурат 15 сакавіка споўнілася 14 гадоў. Імянінніца атрымала кветкі і падарунак ад раённай арганізацыі ГА «Белая Русь».

Пасля ўручэння пашпартоў адбыўся адкрыты дыялог. Маладыя людзі цікавіліся ў кіраўніка раёна праектам будаўніцтва ў Стоўбцах культурна-забаўляльнага цэнтра (ён уключаны ў інвестпраграму на бягучы год), перспектывай з’яўлення ў райцэнтры каледжа або ліцэя. У Год малой радзімы старшыню папрасілі расказаць пра яго малую радзіму. «Гэта горад Сураж Бранскай вобласці, які, – прызнаўся Юрый Горлаў, – вельмі падобны да Стоўбцаў. Лічу сваім домам і малой радзімай Стаўбцоўскі раён, таму што тут знаходжуся я і мая сям’я, усе намаганні мае і маіх калег скіраваны на тое, каб раён годна выглядаў сярод іншых раёнаў Міншчыны і рэспублікі».

На пытанне, да каго прыслухоўваецца старшыня падчас прыняцця важных рашэнняў, адказ быў адназначны: да думкі сваіх памочнікаў, думкі людзей. Пытанне, што падабаецца і што не падабаецца ў сучаснай моладзі, выклікала далучэнне да размовы ўсіх шаноўных гасцей. Выснова атрымалася аптымістычнай: станоўчага ў сучаснай моладзі значна больш, а пазбягаць ёй варта шкодных звычак. Старшыня раёна прапанаваў моладзі быць актыўнымі стваральнікамі, дзяліцца цікавымі ідэямі і прапановамі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *