Калодзеж – чыстая крыніца

На кантролі Нумары

image_pdfimage_print

comment_1139335Дзякуючы мерапрыемствам, якія  праводзяцца на працягу 2011-2013 гадоў, у раёне застаецца стабільнай сітуацыя з якасцю калодзежнай вады. У маніторынг уключаны калодзежы ў месцах агульнага карыстання на тэрыторыі сельсаветаў, а таксама па просьбах жыхароў раёна індывідуальныя калодзежы.  

Лабараторыя раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзіць даследаванні вады з калодзежаў па мікрабіялагічных і санітарна-хімічных паказчыках. За мінулы год было даследавана 125 проб і 131 проба адпаведна. Калі па «мікрабіялогіі» ўсе ўзятыя пробы адпавядалі гігіенічным нарматывам, то па санітарна-хімічнай якасці – толькі крыху больш за 76 працэнтаў.

Асноўная праблема нестандартных проб калодзежнай вады – павышанае ўтрыманне ў ёй нітратаў. Даная праблема характэрна і для нашай рэспублікі ў цэлым. Уплывае на нездавальняючае ўтрыманне калодзежаў празмернае ўнясенне ў глебу арганічных угнаенняў, суседства калодзежаў з гнаясховішчамі, пабудовамі для жывёлы і т. п.

Павышанае ўтрыманне нітратаў у пітной вадзе не змяняе яе колеру і смаку, аднак працяглае ўжыванне такой вады можа выклікаць кіслароднае галаданне арганізма за кошт назапашвання нітратаў у крыві. Першыя прыкметы атручэння: млоснасць, ірвота, пачашчэнне дыхання. Да нітратаў асабліва адчувальныя дзеці.    

Каб калодзеж быў крыніцай чыстай і смачнай вады, неабходна размяшчаць яго не менш чым за 50 м ад хлява, туалета, гнаясховішча і іншых ачагоў мікробнага і хімічнага забруджвання, на тэрыторыі, якая не затапліваецца атмасфернымі ападкамі. Зруб –  з герметычнымі навесам і накрыўкай, вышынёю не менш за 0,7 м ад паверхні зямлі, па перыметры абясшкоджаны «замком» з тлустага суглінку глыбінёю 2 м і шырынёю 1 м, адмосткай з каменю, цэглы, бетону шырынёю ад 1 да 2 м з ухілам ад калодзежа ў бок латка. Сценкі калодзежа павінны быць шчыльнымі, ізаляванымі ад пранікнення паверхневага сцёку. Аб’ём вядра для грамадскіх калодзежаў – не больш за 10 л (забаронена выкарыстанне індывідуальных вёдраў і помпаў). У радыусе 20 м ад калодзежа забаронена мыццё транспартных сродкаў, вадапой жывёлы, мыццё і паласканне бялізны, складзіраванне гною, кампостных кучаў і т. п.

Уладальнікам шахтавых калодзежаў неабходна не радзей як раз у год праводзіць яго чыстку, рамонт абсталявання і ўмацавання, дэзынфекцыю. Дэзынфекцыя асабліва неабходна пры падтапленні тэрыторыі падчас паводкі, пасля праведзеных рамонту і ачысткі. Для дэзынфекцыі падыдзе хлорная вапна або іншыя сродкі. Пасля дэзынфекцыі калодзежа варта правесці адпампоўванне вады да знікнення рэзкага паху хлору.

Прапануем перыядычна ажыццяўляць лабараторны кантроль якасці вады з шахтавых калодзежаў з дапамогай паслуг лабараторыі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі (тэл. для даведак – 5-19-74, 5-44-09).     

Калі ў вадзе знойдзена павышанае ўтрыманне нітратаў, зрабіць яе бяспечнай дапамагаюць спецыяльныя бытавыя фільтры. Для грудных дзяцей і дзяцей-дашкольнікаў рэкамендуем выкарыстоўваць ваду ў бутэльках гарантаванай якасці.

Алена ЛОЙКА, загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *