Паводка прыйшла

Нумары Соцыум

170318e

На бягучым тыдні ў ліку праблем была бяспека пропуску вясенняй паводкі. Пытанне гэтае разгледжана на пасяджэнні раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях.

– Трывогу выклікаюць два ўчасткі ў Новым Свержані. Па вуліцы Лясной у сувязі з сыходам талай вады пачалося падтапленне дарогі. Там працуе ДРБУ № 135, задзейнічана пяць адзінак тэхнікі, – пачаў адразу з інфармацыі аб прынятых мерах намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака.

Начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын звярнуў увагу на правядзенне маніторынгу абстаноўкі ў раёне. У цэлым яна застаецца спакойнай, кантралюемай. Пагрозы людзям няма, хоць у Новым Свержані ў зоне падтаплення аказаліся дзесяць падворкаў. Сітуацыя не крытычная, аднак вада ў рацэ Жацераўцы на той момант працягвала прыбываць. Адпаведна, у далейшым можа спатрэбіцца падвоз пітной вады і правядзенне спецыялістамі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі работ па абеззаражванні шахтавых калодзежаў. У гэты перыяд для сельгаспрадпрыемстваў, райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя найбольш важны клопат – не дапусціць падтаплення складоў ядахімікатаў, ажыццяўляць кантроль за сцёкамі з жывёлагадоўчых фермаў. Прадпрыемствам і арганізацыям, на чыім балансе знаходзяцца гідратэхнічныя збудаванні, важна праверыць іх спраўнасць і адсочваць рэгуляванне вады, у горадзе – стан ліўневай каналізацыі. АКС належыць забяспечыць гатоўнасць водаадпампоўваючай і іншай тэхнікі.

– Кіраўнікам дарожных і будаўнічых арганізацый нельга забываць пра план прыцягнення сіл і сродкаў, які распрацаваны на выпадак паводкі. Усе павінны дзейнічаць аператыўна і зладжана, – падкрэсліў Валерый Ілюшын.

Адказваючы на пытанні, начальнік ДРБУ № 135 Вадзім Савіцкі паведаміў, што на праблемным участку па вуліцы Лясной у Новым Свержані выстаўлены адпаведныя дарожныя знакі аб часовай забароне руху, арганізаваны аб’езд. На праблемным участку на яшчэ адной аўтадарозе, Мархачоўшчына–Галавенчыцы–Савоні, недахопы ўжо ўхілены, рух па ім адноўлены.      

Сярод задач, пастаўленых перад суб’ектамі гаспадарання, – правядзенне растлумачальнай работы. Што датычыць вуліцы Лясной у Новым Свержані, па якой дзеці ходзяць у школу, то было даручана правесці інструктажы з дзецьмі і іх бацькамі, выставіць на перыяд забароны руху пасты з ліку работнікаў школы. Да домаўладальнікаў варта давесці, што падтапленне агарода або двара не з’яўляецца парушэннем жыццядзейнасці, таму адпампоўванне з іх вады работнікамі МНС не прадугледжана. Самі гаспадары могуць элементарна аказаць сабе пасільную дапамогу. Напрыклад, пракапаць канаўку і даць вадзе сысці ў ніжэйшае месца. У любым выпадку выратавальнікі і іншыя службы рэагуюць на ўсе званкі па меры іх паступлення, даюць неабходныя кансультацыі.  

Адпрацоўка сумесных дзеянняў (ад тэлефоннага званка аб падтапленні да эвакуацыі пацярпелых) была прадэманстравана ўчора падчас абласных планавых камандна-штабных вучэнняў.

Як вядома, вясенні перыяд хуткаплынны, як і паводка, услед за якой непрыкметна прыходзіць перыяд, небяспечны ў плане пажараў. Падрыхтоўка да яго такая ж, як і ў мінулыя гады, але галоўнае – не зацягваць з прывядзеннем у парадак мотапомпаў, устаноўкай шлагбаумаў на ўваходзе ў лясныя масівы, стварэннем мінералізаваных палос, прызначэннем адказных асоб, распрацоўкай графікаў дзяжурстваў і т. п. Каб падкрэсліць прыярытэт прафілактычнай работы і важнасць узаемадзеяння суб’ектаў прафілактыкі, Валерый Ілюшын давёў аператыўную абстаноўку з пажарамі.

 

НЁМАН ПРЫБЫВАЕ

Як адзначылі ў раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях, па стане на 14 сакавіка ўзровень вады ў рацэ Нёман ля Стоўбцаў дасягнуў 198 см. 13 сакавіка ўзровень быў меншы на 22 см. Пры ўзроўні 200 см Нёман выходзіць на пойму ці, як кажуць у народзе, – з берагоў.

У бліжэйшыя дні сіноптыкі прагназуюць паніжэнне тэмпературы паветра, таму працэсы раставання снегу і разбурэння лёду на Нёмане замарудзяцца.

 

РЭКАМЕНДАЦЫІ ЖЫХАРАМ ПРЫВАТНЫХ ДАМОЎ

Ачысціць свой падворак ад снегу і лёду.

Пры неабходнасці зладзіць са спадручных матэрыялаў простыя перашкоды для вады.

Вызваліць падвальныя памяшканні (склеп) ад прадуктаў харчавання і неабходных рэчаў.

У падтопленых памяшканнях ні ў якім выпадку нельга карыстацца электрапрыборамі, уключаць асвятленне.

Па ўсіх пытаннях можна атрымаць інфармацыю, патэлефанаваўшы на нумар 101.

 

У ЭКСТРАННЫХ ВЫПАДКАХ

Экстранныя выпадкі – калі вада прыходзіць у дом (падтапленне агарода, двара да іх разраду не адносіцца).

Варта перанесці каштоўныя рэчы на гарышча або верхнія паверхі. Падрыхтавацца да эвакуацыі: узяць з сабою грошы, дакументы, сабраць неабходнае адзенне і прадукты. Аказаць па магчымасці дапамогу састарэлым. Пры паведамленні аб эвакуацыі адключыць газ і электрычнасць, калі будзеце пакідаць дом.

Калі мясцовасць знаёмая і глыбіня вады нязначная, можна дайсці да збудавання, якое ўзвышаецца на незатопленых участках сушы.

Калі аказаліся ў зоне, якая хутка затапліваецца, неабходна даць сігнал выратавальнікам. Перасоўвацца па вадзе марудна, намацваючы глыбіню шастом або палкай.

 

МОЖНА НЕ ЗВАНІЦЬ У ВОДАКАНАЛ

У сакавіку жыхары раё               на могуць разлічвацца з аб’яднаннем камунальных службаў за ваду, не перадаючы паказанняў лічыльніка ў водаканал.

– Жыхарам раёна ўжо няма патрэбы званіць кожны месяц у водаканал, каб перадаць паказанні лічыльніка. Мы пераходзім на спрошчаную схему плацяжоў, таму дастаткова пазначыць паказанні непасрэдна пры аплаце – у банку, праз АРЫП ці на пошце, – падкрэслівае намеснік дырэктара Стаўбцоўскага АКС па водаканалізацыйнай гаспадарцы Андрэй Суднік. Ён звяртае ўвагу, што пры аплаце трэба пазначаць бягучыя паказанні лічыльніка, а аплачваць менавіта той аб’ём, які быў спажыты за мінулы месяц.

Да канца 2018 года водаканал плануе поўнасцю перайсці на пратакол аўтаматызаваных разлікаў за ваду. Электронныя плацяжы дазволяць выкараніць тыя прыкрыя сітуацыі, калі абанент забываў своечасова падаць паказанні або спасылаўся на тое, што не змог дазваніцца ў водаканал.

Упарадкуюцца пытанні разлікаў за ваду, а таксама камунальнікамі вядзецца планамерная работа ў накірунку змяншэння фактаў парушэнняў водаспажывання. Асноўныя з іх, як сведчыць рэчаіснасць, звязаны з несанкцыянаваным, мінуючы прыборы ўліку, спажываннем. Калі за мінулы год на парушальнікаў было складзена 92 акты, то ўжо за першыя два месяцы бягучага года – 16.

Рэагуючы на гэта, водаканал сфарміраваў падменны фонд прыбораў уліку і прыступіў да паверкі ўстаноўленых прыбораў. Як паказалі першыя вынікі гэтай работы ў мікрараёне Акінчыцы, з правераных лічыльнікаў прайшлі паверку толькі 40 працэнтаў (ёсць прыборы, якія ўвогуле адсутнічаюць у рэестры метралогіі). «У гэтым – нашы страты і рэзервы», – адзначае Андрэй Суднік.

Акрамя таго, для барацьбы з крадзяжамі водаканал увёў у практыку ўстаноўку на лічыльнікі антымагнітных пломбаў. АКС набывае іх за свой кошт і «аснашчае» імі ў першую чаргу тых абанентаў, у якіх паказанні лічыльніка выглядаюць не зусім карэктна. «Устаноўлена 100 такіх пломбаў. Набылі яшчэ 200, – гаворыць Андрэй Суднік. – Пры яе пашкоджанні або выяўленні ўздзеяння на лічыльнік магнітнага поля на абанента накладаем штраф у памеры да 50 базавых велічынь. Таксама яму прыходзіцца кампенсаваць выдаткі за водаспажыванне ў поўным аб’ёме, а гэта 805,62 рубля пры дыяметры трубы 15 мм».

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *