Падзеі і здарэнні

Нумары Падзеі і здарэнні

ЗАГСам зарэгістравана па раёне за апошнія тры тыдні шэсць шлюбаў, столькі ж зроблена адзнак аб скасаванні сямейнага саюза. Пасведчанні аб нараджэнні атрымалі 15 маленькіх жыхароў Стаўбцоўшчыны: Ева Высоцкая, Пётр Длугазіма, Ясенія Станкевіч, двайняты Ксенія і Валерыя Булах, Іван Мазур, Марыя Баранава, Карына Кусцінская, Ягор Кадацкі, Ягор Каралецкі, Макар Бохан, Валерыя Крывава, Яўгеній Облік, Арцём Ясючэня і Дар’я Новік.

Зямны шлях закончыўся для 37 жыхароў раёна.

У пажарнай часці згадалі тры пажары. У Ячонцы і Наваколасаве загарэліся лазні, якія сумешчаны з летняй кухняй і мансардай. У Аталезі ўспыхнуў жылы дом. Прычыны здарэнняў устанаўліваюцца.

Міліцыяй зарэгістравана 111 паведамленняў аб правапарушэннях, у ходзе чаго ўзбуджаны чатыры крымінальныя справы, у двюх з іх устаноўлены падазроныя. Абрабаваны тры дачныя дамы – у Запольцах і Хутар-Барку.

Стаўбцоўскай міжраённай інспекцыяй аховы жывёльнага і расліннага свету складзены пратаколы ў адносінах да двух жыхароў раёна, якія на затоцы Нёмана (Мікалаеўшчынскі сельсавет) з дапамогай сетак незаконна здабылі 9,2 кг рыбы. Кожнаму з браканьераў пагражае штраф – да 50 базавых велічынь.

Пракуратурай раёна па выніках праверак унесены прадстаўленні старшыні райвыканкама ў сувязі з парушэннямі ў вядзенні справаводства і разглядзе зваротаў грамадзян і юрыдычных асоб ва ўстановах адукацыі раёна, а таксама адносна ўхілення парушэнняў заканадаўства аб ахове працы ў рабоце мабільнай групы. Кіраўнікам ААТ «Агранёманскі», «Жацерава», «Радзіма Дзяржынскага» і «Радзіма Якуба Коласа» ўнесены прадстаўленні аб ухіленні парушэнняў Дырэктывы № 1, у тым ліку пры правядзенні перад- і паслярэйсавага кантролю фізічнага стану вадзіцеляў.

ДАІ выявіла 138 парушэнныў правілаў дарожнага руху. Сярод парушальнікаў – пяць вадзіцеляў-бяспраўнікаў, 18 недысцыплінаваных пешаходаў. Падчас прафілактычнай акцыі «Цвярозы вадзіцель» (з 6 па 12 сакавіка) былі затрыманы шэсць вадзіцеляў. Здарылася пяць ДТЗ. Раніцай 12-га сакавіка на магістралі перавярнуўся грузавы аўтамабіль. Абышлося без пацярпелых.

«Хуткая» выязджала з пачатку сакавіка 467 разоў, у тым ліку 13 выклікаў было да асоб з алкагольным ап’яненнем.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *