Бяспека – справа кожнага

Кантроль, бяспека Нумары

«ПРАМЕНЬ» – У ЛІКУ ЛАЎРЭАТАЎ

Ва УУС Мінскага аблвыканкама прайшло падвядзенне вынікаў і ўзнагароджанне лаўрэатаў 5-га Мінскага абласнога конкурсу сродкаў масавай інфармацыі «ДАІ і СМІ – за бяспеку на дарогах».У конкурсе прымалі ўдзел рэдакцыі раённых газет, творчыя аб’яднанні, аўтарскія калектывы, журналісты, пісьменнікі і пазаштатныя карэспандэнты сродкаў масавай інфармацыі. Конкурс праводзіўся па некалькіх намінацыях. З 64-х прадстаўленых работ 12 былі адзначаны дыпломамі. Газета «Прамень» на чале з рэдактарам Нэлі Астрэйка таксама сярод пераможцаў у намінацыі «За цеснае і плённае супрацоўніцтва», за грунтоўныя матэрыялы па праблемах бяспекі дарожнага руху.

Акрамя ўзнагароджання ва УУС Мінскага аблвыканкама адбылася і прэс-канферэнцыя з начальнікам УДАІ УУС палкоўнікам міліцыі М. М. Караткевічам, намеснікам начальніка УУС палкоўнікам міліцыі І. Л. Падвойскім і начальнікам аддзела па рабоце са СМІ Мінскага аблвыканкама С. А. Кісель.

Падчас гаворкі былі закрануты пытанні, якія з’яўляюцца актуальнымі для падраздзяленняў дзяржаўтаінспекцый у сферы бяспекі дарожнага руху. На прэс-канфэрэнцыі прааналізавана сітуацыя, якая зараз складваецца ў Мінскай вобласці. З 1 студзеня па 6 сакавіка 2018 года ў нашай вобласці было зарэгістравана 131 дарожна-транспартнае здарэнне. У выніку іх загінуў 21 чалавек, а 137 атрымалі пашкоджанні рознай ступені цяжкасці. За гэты перыяд павялічылася колькасць ДТЗ, учыненых вадзіцелямі, якія знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

Прычынамі аўтааварый становяцца няправільны выбар хуткаснага рэжыму, парушэнне правіл дарожнага руху, кіраванне ў стане алкагольнага ап’янення.

У цяперашні час асаблівую заклапочанасць выклікае дзіцячы дарожна-транспартны траўматызм. З пачатку года ў Мінскай вобласці быў зафіксаваны ўсплеск колькасці дарожна-транспартных здарэнняў. Павялічыўся і лік дзяцей, якія ў іх загінулі. У вобласці зарэгістравана 12 ДТЗ з удзелам непаўналетніх, у якіх трое дзяцей загінулі, 12 атрымалі пашкоджанні. Зафіксаваны і факты, калі дзяцей у аўто перавозілі няправільна, без утрымліваючага прыстасавання ці не прышпіленых рамянямі бяспекі. Нездарма ў лютым супрацоўнікамі дзяржаўтаінспекцыі Мінскай вобласці была праведзена прафілактычная акцыя «Дзіця – галоўны пасажыр». Асноўная ўвага надавалася прафілактычнай рабоце, выяўленню выпадкаў парушэння правілаў пры перавозцы дзяцей. За пяць дзён было выяўлена 875 фактаў няправільнай перавозкі дзяцей.

Яшчэ адна праблема, якая патрабуе ўвагі, – гэта кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення. На 5 сакавіка 2018 года ў рэспубліцы затрымана каля трох тысяч такіх вадзіцеляў, у Мінскай вобласці – 558. Калі садзішся за руль у п’яным выглядзе, заўсёды трэба памятаць аб наступствах, якія цябе чакаюць: пазбаўленне правоў, штраф да 1000 базавых велічынь (24 500 руб.), канфіскацыя аўтамабільнага сродку і нават пазбаўленне волі. Напрыклад, у 2017 годзе было затрымана больш за 5100 вадзіцеляў, якія кіравалі аўтамабілем у стане алкагольнага ап’янення. З іх 250 былі затрыманы паўторна на працягу года (гэтыя справы накіроўваліся ў суд). Таксама ў мінулым годзе канфіскавана больш за 300 аўтамабіляў.

Таму выказана просьба да журналістаў абнародаваць наступнае. Не заставайцеся абыякавымі, калі ведаеце, што нехта паехаў або плануе гэта зрабіць у стане алкагольнага ап’янення, паведамляйце ў дзяжурную часць, Дзяржаўтаінспекцыю Мінскай вобласці (8-017) 229-04-44, у аператыўныя дзяжурныя службы тэрытарыяльных падраздзяленняў органаў унутраных спраў або па тэлефоне 102. Кожны факт недапушчэння кіравання транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення – гэта павышэнне ўзроўню бяспекі насельніцтва і прадухіленне трагедыі. Клапаціцеся аб сабе і сваіх блізкіх.

Ксенія РУБІН

 

ПСІХАТРОПНЫЯ РЭЧЫВЫ З ІНТЭРНЭТ-МАГАЗІНАЎ

Сёлета, у лютым, судом Стаўбцоўскага раёна да васьмі гадоў пазбаўлення волі, з адбыццём пакарання ў калоніі ўзмоцненага рэжыму, за збыт асабліва небяспечнага псіхатропнага рэчыва асуджаны жыхар г. Стоўбцы. Гэты грамадзянін пастаўляў на тэрыторыю горада і ў далейшым распаўсюджваў сярод сваіх знаёмых асабліва небяспечныя псіхатропныя рэчывы. Псіхатропы ён набываў у так званых інтэрнэт-магазінах у Мінску і Мінскім раёне. Рабіліся «закладкі», калі пакупнік набывае наркотыкі шляхам пераводу грашовых сродкаў на рахунак, а ў далейшым яму ўказваецца месца, дзе знаходзіцца наркотык.

 

ЗБЫТ, БУЙНЫ ПАМЕР

У мінулым годзе па лініі незаконнага абароту наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і іх аналагаў, а таксама супрацьдзеяння гандлю людзьмі райаддзелам міліцыі выяўлена на 30 працэнтаў злачынстваў больш, чым у 2016 годзе.

З 43-х злачынстваў 30 адносяцца да катэгорыі цяжкіх і асабліва цяжкіх. Восем злачынстваў звязаны са збытам наркотыкаў. Па крымінальных справах з незаконнага абароту канфіскавана 7,3863 грама марыхуаны, 0,8058 грама альфа РVР, 43,63 грама гашышнага масла, што з’яўляецца буйным памерам.

У ходзе праведзеных практычных мерапрыемстваў у рамках спецыяльнай праграмы «Мак» выяўлена 25 фактаў вырошчвання наркаўтрымліваючых раслін, у выніку чаго складзена 12 адміністрацыйных пратаколаў згодна з артыкулам 16.1 КоАП Рэспублікі Беларусь.

Яўген КУРЫЛА,старшы оперупаўнаважаны крымінальнай міліцыі РАУС  

 

ЭЛЕКТРАБЯСПЕКА Ў ВЫПАДКУ ПАВОДКІ

Трансфарматарныя падстанцыі, размешчаныя ў нізкіх месцах, пры моцнай паводцы могуць аказацца ў зоне падтаплення, у сувязі з чым узнікае пагроза паражэння электрычным токам.

З набліжэннем вясны інспекцыя энерганагляду нагадвае, што пры пад’ёме паводкавых водаў на ўчастках паветраных ліній электраперадачы 0,4 – 110 кВ, якія трапляюць пад затапленне, магчыма часовае зніжэнне бяспечнага габарыту. Надзвычай небяспечна знаходзіцца або лавіць рыбу, катацца на лодцы пад правадамі паветраных ліній, якія трапілі ў зону затаплення.

Жыхарам дамоў, размешчаных паблізу рэк, варта звяртаць увагу на пад’ём узроўню вады і магчымасць падтаплення будынкаў. У выпадку небяспекі неабходна адключыць падачу электраэнергіі ў размеркавальнай шафе, якая знаходзіцца ў доме або ў двары. Пры надзвычайнай сітуацыі адказныя службы адключаць электрычнасць на ўсёй тэрыторыі падтаплення.

Калі паводка падабралася блізка, перад тым як пакінуць жыллё, неабходна адлючыць электраэнергію, а таксама газ, ваду і мясцовае ацяпленне ў доме і гаспадарчых пабудовах. Варта памятаць, што электрычнасць нельга падключаць і адключаць мокрымі рукамі, таму што вада – добры праваднік току. Пасля затаплення выкарыстоўваць разеткі можна толькі ў выпадку іх поўнага высыхання. Дзейнічаць трэба абдумана, без панікі. Пры выяўленні няспраўнасцяў электраўстановак, якія аказаліся ў зоне падтаплення (абрыў правадоў, іскрэнне, пашкоджанне апораў, ізалятараў, незачыненых або зламаных дзвярэй трансфарматарных падстанцый ці электрычных шчытоў) неабходна паведаміць дзяжурнаму дыспетчару электрычных сетак (нумар тэлефона ўказаны на дзвярах трансфарматарнай падстанцыі) або дзяжурным па нумарах 5-02-19 ці 144.

Пасля спаду вады ў будынак трэба ўваходзіць з асцярожнасцю, папярэдне пераканаўшыся, што канструкцыі не пацярпелі. Перш за ўсё неабходна праветрыць памяшканне, адчыніўшы ўсе вокны і дзверы. Ні ў якім выпадку нельга ўключаць электрычнасць, запальваць агонь. Важна праверыць спраўнасць электраправодкі, трубаправодаў газазабеспячэння, водаправода і каналізацыі. Не карыстайцеся імі, пакуль не пераканаецеся ў іх спраўнасці з дапамогай спецыялістаў.    

Памятайце, што электрычнасць нясе смяротную небяспеку, калі не выконваць правілы электрабяспекі.

Вадзім ХАЛОПІЦА, інспектар Стаўбцоўскага МРА «Энерганагляд»



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *