З цеплынёй і павагай

Нумары Сельская гаспадарка

170318

Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу працягвае ажыццяўляць аб’яўленую рэспубліканскім камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў АПК акцыю «Наш жывёлавод». На гэты раз віншаванні прымалі руплівыя жывёлаводы ААТ «Дзераўное». Зразумела, паспяховая работа немагчыма без старання людзей, без іх сумленнай працы, але многае залежыць і ад кіраўніка, ад яго ўмення арганізаваць работу, забяспечыць дастойныя ўмовы працы. Узначальвае таварыства малады дырэктар Юрый Тарасевіч.

Ушанаванне праходзіла ва ўрачыстай абстаноўцы ў абноўленай сталовай, дзе папярэдне быў праведзены касметычны рамонт. Абедзенную залу адмыслова аформілі. Спачатку слова прадаставілі дырэктару таварыства. Юрый Тарасевіч адзначыў, што мінулы год быў для жывёлаводаў паспяховым. Людзі шчыра працавалі і дабіліся неблагіх паказчыкаў у вытворчасці малака і мяса. Прыбаўка па надоях на карову склала 546 кілаграмаў пры гадавым надоі 4752 кілаграмы. Больш вырашчана мяса ялавічыны, на 32 грамы павялічыліся сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы. Юрый Мікалаевіч падзякаваў працаўнікам за плённае шчыраванне на фермах і выказаў спадзяванне, што сёлета вынікі будуць лепшымі, а значыць, адпаведна вышэйшай стане і заработная плата. Варта дадаць, што Юрый Тарасевіч прыкладае шмат намаганняў для таго, каб не толькі палепшыць умовы працы людзей (будуюцца новыя жывёлагадоўчыя памяшканні), а і стварыць ім належныя сацыяльна-бытавыя ўмовы, наладзіць змястоўны адпачынак.  

У мерапрыемстве прыняў удзел галоўны тэхнічны інспектар працы абкама прафсаюза работнікаў АПК Аляксандр Мотуз, які выказаў удзячнасць работнікам за іх нялёгкую працу, прафесіяналізм, майстэрства, і пажадаў далейшых поспехаў у штодзённай і пачэснай справе. Аляксандр Васільевіч уручыў перадавікам вытворчасці падзячныя пісьмы абкама прафсаюза і прэміі. У ліку першых была адзначана аператар машыннага даення Ірына Рудовіч, якая дваццаць гадоў працуе на МТФ «Лубень». Сярод каляжанак Ірына Іванаўна мае лепшы паказчык у гаспадарцы па надоях малака ад каровы. На другім месцы па надоях Жанна Высоцкая, якая рупіцца на гэтай жа ферме і пастаянна дабіваецца высокіх паказчыкаў. Жанна Эдуардаўна – мінчанка, але разам з мужам пераехала жыць на яго малую радзіму, у вёску Лубень. З таго часу прайшло дваццаць сем гадоў, але яна ніколі не пашкадавала аб зробленым выбары. У Таццяны Сарокінай з МТК «Ніўнае» таксама высокія вынікі ў рабоце. Таццяна Анатольеўна сем гадоў у прафесіі і набыла немалы вопыт. Усе гэтыя жанчыны – старанныя і добрасумленныя працаўніцы.

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Тамара Калошыч дала высокую ацэнку арганізаванаму мерапрыемству, адначасова выказала ўдзячнасць кіраўніцтву гаспадаркі і прафсаюзнаму камітэту за цеплыню, з якой яны адносяцца да людзей працы, і ўручыла падзячныя пісьмы райвыканкама, райкама прафсаюза работнікаў АПК і падарункі васьмі руплівым працаўнікам. У іх ліку цялятніца Ларыса Карчагіна і тэхнік-асемянатар Марыя Руч’ёва з МТФ «Заброддзе». Ларыса Андрэеўна хоць і працуе параўнальна нядаўна, яна прыехала з Казахстана, але кіраўніцтва гаспадаркі задаволена яе работай. Выдатна спраўляецца са сваімі абавязкамі і Марыя Паўлаўна. Аператар машыннага даення Ганна Мішук і цялятніца Валянціна Левіна з МТФ «Барок» не адно дзесяцігоддзе шчыруюць у жывёлагадоўлі і вылучаюцца выключнай працавітасцю. Часлаў Скурат і Сяргей Каразей завіхаюцца аператарамі па адкорме бычкоў на МТФ «Лубень» – вопыту і ўмення ім не займаць. Ірына Ламака і Яніна Талэйка з МТК «Ніўнае» таксама адкормліваюць бычкоў і дабіваюцца высокіх вынікаў. Тамара Іосіфаўна ўручыла падарунак і ветурачу Івану Карповічу, які рупіцца ў прафесіі звыш сарака гадоў. Гэты спецыяліст вельмі адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. Івана Аляксандравіча, а разам з ім і яшчэ дзевятнаццаць жывёлаводаў і спецыялістаў, адзначыла падзячнымі пісьмамі і падарункамі кіраўніцтва таварыства. Ад прафсаюзнага камітэта ўсім шчырым працаўнікам былі ўручаны кветкі.

Цікавую культурную праграму падрыхтавалі для жывёлаводаў работнікі Дзераўнянскай музычнай школы.

На здымках: перадавая цялятніца Ларыса Карчагіна; галоўны тэхнічны інспектар працы абкама прафсаюза Аляксандр Мотуз уручае падзячнае пісьмо аператару машыннага даення Ірыне Рудовіч; жывёлавода Сцяпана Скурата віншуюць дырэктар Юрый Тарасевіч і старшыня прафкама Галіна Карповіч.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *