Эфектыўная ў спалучэнні практыкі з тэорыяй

Ахова працы Нумары

На базе нашага раёна адбыўся міжрэгіянальны семінар на тэму «Бяспечная праца – залог пасяўной і ўборачнай кампаній 2018», арганізаваны ўпраўленнем па працы і сацыяльнай абароне і ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама. У мерапрыемстве, якое прайшло ў раённым Цэнтры культуры, прынялі ўдзел галоўныя інжынеры і спецыялісты па ахове працы сельгаспрадпрыемстваў з шасці раёнаў вобласці – Дзяржынскага, Клецкага, Капыльскага, Нясвіжскага, Уздзенскага і Стаўбцоўскага.

Адкрыла семінар першы намеснік старшыні Камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Таццяна Дамарацкая, якая заўважыла, што сельскагаспадарчая галіна траўманебяспечная, таму галоўная задача, якая пастаўлена перад кіраўнікамі і спецыялістамі ўсіх суб’ектаў гаспадарання, – максімальна зменшыць выпадкі вытворчага траўматызму і захаваць самае каштоўнае – здароўе і жыццё людзей.

Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колясень расказаў аб эканамічным і сацыяльным становішчы раёна і адзначыў, што ахове працы на вытворчасці ўдзяляецца пільная ўвага. Пастаянна праводзяцца навучанне і праверка ведаў сярод кіраўнікоў, службовых асоб і членаў камісій суб’ектаў гаспадарання раёна па пытаннях аховы працы. Аднак пазбегнуць траўматызму не ўдаецца, бо дапускаюцца парушэнні патрабаванняў інструкцый па ахове працы, незабеспячэнне службовымі асобамі належнага кантролю за бяспечнай вытворчасцю работ, незахаванне працоўнай і вытворчай дысцыпліны, асабістая неасцярожнасць і недысцыплінаванасць пацярпелых.

Пра гэтыя прычыны і аб накірунках асноўнай дзейнасці спецыялістаў па ахове працы гаварылі і іншыя выступоўцы. Начальнік Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь Аляксандр Воран спыніўся на прычынах вытворчага траўматызму ў сельскагаспадарчай галіне і прафілактыцы няшчасных выпадкаў на вытворчасці падчас правядзення масавых сельскагаспадарчых работ. Правядзенню інструктажоў з работнікамі і іх перыядычнасці неабходна абавязкова прытрымлівацца, праводзіць паўторныя інструктажы. Няспраўная тэхніка не павінна выходзіць на лінію. Многа выпадкаў траўматызму адбываецца па прычыне непрымянення работнікамі індывідуальных сродкаў аховы, эксплуатацыі няспраўнага абсталявання.

Актуальнымі застаюцца пытанні атэстацыі рабочых месцаў па ўмовах працы. Аб гэтым расказала начальнік упраўлення дзяржаўнай экспертызы ўмоў працы і аховы працы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне аблвыканкама Аксана Кавалёва. Галоўны спецыяліст сектара аховы працы камітэта Іван Шыманскі адзначыў, што ў аказанні практычнай і метадычнай дапамогі арганізацыям аграпрамысловага комплексу па забеспячэнні прытрымлівання заканадаўства аб ахове працы прымаюць удзел мабільныя групы.

Начальнік аддзела нагляду і прафілактыкі ўстановы «Мінскае абласное ўпраўленне Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Рэспублікі Беларусь» Уладзімір Янчык расказаў аб арганізацыйных і практычных мерапрыемствах па забеспячэнні пажарнай бяспекі ў сельгасарганізацыях. На гэтую тэму быў прадэманстраваны відэафільм.

На семінары вялася размова аб страхавым кампенсаванні страт у сувязі з няшчаснымі выпадкамі на вытворчасці і прафесійнымі захворваннямі, аб уплыве фактараў вытворчага асяроддзя, цяжкасці і напружанасці працоўнага працэсу на здароўе работнікаў. Падкрэслівалася, што ў забеспячэнні аховы працы застаецца вялікай роля сродкаў масавай інфармацыі, у прыватнасці часопіса «Ахова працы і сацыяльная абарона», які прадстаўляў галоўны рэдактар Анатолій Садаўнічы, ён уручыў прысутным сувеніры.

У фае была арганізавана выстаўка спецадзення і сродкаў індывідуальнай аховы.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *