Авацыі для Мусліма Магамаева

Культура Нумары

170318b

У ліку адметна прыгожых з’яў у нашым горадзе можна назваць музычныя гасціныя, якія рыхтуюцца ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў.

Мне давялося пабыць на трох апошніх, прысвечаных творчасці Уладзіміра Мулявіна, Райманда Паулса і Мусліма Магамаева. Як мне расказваюць арганізатары музычных гасціных, традыцыя іх правядзення была закладзена больш за 20 гадоў назад і звязана з імёнамі людзей, некаторых з якіх ужо няма побач з намі. Тут нельга не ўспомніць былога загадчыка аддзела культуры райвыканкама Анатоля Грэкава. Ён пакінуў у многіх светлую памяць, і яго творчыя праекты працягваюць жыць.

Усе ў школе мастацтваў аднагалосна звязваюць доўгае жыццё гасціных з адным чалавекам – музычным тэарэтыкам школы Тамарай Фірулёвай. Гэта яе творчымі стараннямі музычныя гасціныя атрымліваюцца такімі напоўненымі сэнсам, прыгожымі ў падачы матэрыялу, у прадуманым і прыемным музычным суправаджэнні, яны як бальзам на кожную душу, якая шукае чысціні. Літаратурна-музычныя памкненні Тамары Андрэеўны дапамагае ўвасобіць яшчэ адзін выкладчык школы мастацтваў маладзейшага пакалення настаўнікаў – загадчыца тэатральнага аддзялення Вольга Навіцкая, якая нязменна выступае рэжысёрам музычных гасціных. Вольга Георгіеўна гаворыць, што яе жыццё з дзяцінства звязана са школай мастацтваў. І яна памятае, як у музычных гасціных удзельнічала яе матуля Людміла Хілімон, выконвала творы сваім прыгожым сапрана. Людміла Рыгораўна і цяпер працягвае выкладаць у школе мастацтваў фартэпіяна і спявае ў хоры кафедральнага сабора г. Стоўбцы.

Жыццё знакамітых артыстаў нярэдка складанае, дарогі іх асабістых лёсаў не такія прамыя і роўныя. Тамара Фірулёва, як пчолка, умее сабраць нектар. І вобраз Мусліма Магамаева ў яе атрымаўся настолькі прыгожым, яркім, яна дапамагла прысутным палюбіць яго ўсім сэрцам – прадстаўнікам і старэйшага пакалення, і маладога. Каб сабраць гэты матэрыял, Тамары Андрэеўне патрэбна было адшукаць не толькі ў інтэрнэце, але і на паліцах кнігарняў біяграфічны і творчы матэрыял аб спеваку, перапрацаваць яго ў сваім розуме і сэрцы. І на гэта пайшоў не адзін месяц працы.

Хоць Муслім Магамаеў пражыў толькі 66 гадоў, яго жыццёвая і творчая біяграфія настолькі яркая і насычаная, што хапіла б на некалькі зямных жыццяў. Выберам толькі некалькі характэрных момантаў з біяграфіі легендарнага спевака. Удзельнікам гасцінай цікава было даведацца, што Муслім Магамаеў – дзіця вайны, рос сіратою, яго бацька тэатральны мастак Магамет Магамаеў загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, за 15 дзён да свяшчэннай Перамогі. Муслім выхоўваўся ў дзядзькі Джамала, брата бацькі, на радзіме ў Баку. Азербайджанская дзяржаўная кансерваторыя носіць імя дзеда Мусліма Магамаева па бацьку – азербайджанскага кампазітара Абдул-Мусліма Магамаева. Сімпатыі да Мусліма Магамаева ўзнікаюць, калі знаёмішся і з многімі іншымі старонкамі яго жыцця. Што ж датычыць творчасці народнага артыста СССР, то яго кар’ера з першых крокаў на прафесійнай эстрадзе была трыумфам. Гэта прыклад сапраўднага спевака, суперзоркі, яркасць і сапраўднасць таленту якога выдзяляецца на фоне зоркавага пылу, які навязліва спрабуе прывабіць публіку мішурным бляскам. Муслім Магамаеў ніколі не гнаўся за пераменлівай модай, не заігрываў з публікай. Яго найпрыгажэйшы голас, высокі артыстызм, душэўная шчодрасць пакарылі не адно пакаленне слухачоў. Несці ў масы чыстае слова, высокі слог дапамаглі спеваку і бліскучыя кампазітары і паэты – Арно Бабаджанян, Мікіта Багаслоўскі, Ісаак Дунаеўскі, Роберт Ражджэственскі, Леанід Дзербянёў, Аляксандра Пахмутава і Мікалай Дабранраваў, Оскар Фельцман, Расул Гамзатаў…

Выдатна дапоўніць яркі вобраз Мусліма Магамаева, шмат што скажа пра яго як пра асобу ўрывак з яго кнігі: «Са сцэны я пайшоў. Пайшоў незаўважна, без гучных заяў. Не хачу, каб людзі пачалі заўважаць… паступовы адыход сцэны ад мяне! Сцэна – адушаўлёны арганізм, які любіць і натхняе таленты і цярпець не можа бяздарнасцяў, людзей выпадковых, якіх яна з цягам часу ўсё роўна спіхае са сваіх падмосткаў. Таму артыст павінен вельмі паважаць сцэну і не карыстацца яе цярпеннем. Не магу даказваць камусьці, што я магу доўга спяваць, – навошта? Сваімі спевамі трэба дастаўляць задавальненне людзям, а не даказваць штосьці. Бо кожнаму голасу, кожнаму таленту Гасподзь адпусціў пэўны час».

Як паказала музычная гасціная, песні Мусліма Магамаева актуальна і прыгожа гучаць і сёння. «За того парня», «Позови меня», «Ноктюрн», «Свадьба»,»Благодарю тебя», «Загадай желание», «История любви», «Герои спорта», «Темная ночь», «Шаланды полные кефали», «Веселый ветер», «Луч солнца золотого», «Королева красоты», «Капитан»… Гэтыя і іншыя вядомыя песні прыгожа выканалі на музычным вечары дырэктар Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Дзмітрый Слесарчык, выкладчыкі Дзмітрый Вяршэня, Маргарыта Мікалаева, Валерыя Вясёлка, Алег Камко, вучаніца Вікторыя Прыбытка, народны вакальны ансамбль «Берагіня» пад кіраўніцтвам Тамары Барэхавай, народны аркестр народных інструментаў «Кругліца» пад кіраўніцтвам Генадзя Несялоўскага з удзелам узорнага ансамбля мажарэтак пад кіраўніцтвам Кацярыны Жук, узорнага тэатра «Чараўнікі» пад кіраўніцтвам Вольгі Навіцкай, ансамбля танца «Шчабятушкі» пад кіраўніцтвам Юліі Бохан. Адну з песень – «Благодарю тебя» – у выкананні Ірыны Карніцкай педагогі прысвяцілі сваёй калезе Антаніне Бондаравай, актыўнай удзельніцы музычных гасціных. Цяжкая хвароба забрала яе з жыцця ў поўным росквіце творчых і жыццёвых сіл. Аб ёй засталася светлая памяць у калег і сяброў…

У музычнай гасцінай прыняў удзел госць школы мастацтваў – студэнт Маладзечанскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М. К. Агінскага Дзмітрый Лагун. Ён захапляецца творчасцю Мусліма Магамаева, можа выканаць многае з рэпертуару знакамітага спевака. Яго голас – жамчужына. Кіраўніцтва Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў накіравала падзячнае пісьмо ў Маладзечанскі каледж Георгію Юрэвічу – выкладчыку па вакале Дзмітрыя Лагуна.

Завяршыўся музычны вечар гучаннем найпрыгажэйшага барытона Мусліма Магамаева з экрана. Арганізатараў і вядучых гасцінай Тамару Фірулёву і Вольгу Навіцкую засыпалі словамі ўдзячнасці за душэўны настрой.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *