Сімвалы Стоўбцаў – на гары Кіліманджара

Год малой родины Мае родныя Стоўбцы Нумары

170318c

Да 80-годдзя Мінскай вобласці ў нашай газеце быў змешчаны матэрыял пра выпускніцу СШ № 2 г. Стоўбцы Анастасію Лапко – супрацоўніцу і аспірантку Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі. З навуковым праектам Анастасія Лапко паўдзельнічала ў Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «ХХI век: маладосць інтелекту» ў рамках XIX Сусветнага фестывалю моладзі і студэнтаў у мінулым годзе ў Сочы і стала пераможцай у намінацыі «Здароўе нацыі».

На гэты раз Анастасія Лапко і яе муж Канстанцін, таксама стаўбчанін і таксама выпускнік сярэдняй школы № 2, у гонар 425-гадовага юбілею сваіх родных Стоўбцаў здзейснілі ўзыходжанне на самую высокую горную вяршыню Афрыкі – вулкан Кіліманджара – і пакінулі там сімвалы родных Стоўбцаў. Альпінізмам Канстанцін і Анастасія займаюцца не першы год. 20 ліпеня мінулага года яны здзейснілі ўзыходжанне на самую высокую горную вяршыню Еўропы – Эльбрус (5642 метры). А цяпер падняліся на Кіліманджарскую вышыню 5895 метраў. Гэтай навіной і прыгожымі здымкамі з Афрыкі Анастасія падзялілася з рэдакцыяй. І мы запрасілі яе на інтэрв’ю.

–             Анастасія, вашу перамогу ў пакарэнні вышынь з поўным правам можна залічыць у юбілейны скарб Стоўбцаў. Нам цікава пачуць усё, што звязана з прабываннем у Афрыцы.

–             Мы з Канстанцінам грунтоўна рыхтаваліся да гэтай падзеі. Узялі з сабою сімвалы Стоўбцаў – сцяг і нашу любімую «раёнку» – газету «Прамень». Падчас работы чацвёртага форуму рэгіёнаў Расіі і Беларусі, удзельніцай якога я была, я выйшла з прапановай падняць сцяг дружбы БРСМ на самую высокую горную вяршыню Еўропы – Эльбрус. А на Кіліманджара мы трымалі ў руках сцяг Стоўбцаў і стаўбцоўскую газету «Прамень».

–             Анастасія, як была ажыццёўлена ваша задума ўзыходжання на Кіліманджара?

–             Ёсць аб’яднанне аматараў альпінізму «Клуб 7 вяршынь» з цэнтральным офісам у Маскве і рабочымі офісамі па ўсім свеце. Асноўная дзейнасць клуба накіравана на арганізацыю ўзыходжанняў практычна на любую вяршыню свету. Прыярытэтныя праграмы клуба – «7 вулканаў» і «7 вяршынь» – найвышэйшыя пікі ўсіх кантынентаў. З дапамогай гэтага клуба мы і здзейснілі ўзыходжанне на Кіліманджара.

–             Колькі часу заняло такое экстрэмальнае падарожжа?

–             У адпаведнасці з законамі Танзаніі замежныя грамадзяне не маюць права самастойна ўзысці на Кіліманджара: абавязаны наняць мясцовых гідаў-праваднікоў і абслуговы персанал. Паралельна з намі ўзыходзіла шмат камандаў з розных куткоў свету: Японіі, Чылі, Аргенціны, Бразіліі, Польшчы, Латвіі, Эстоніі, Аўстраліі, Германіі, Швейцарыі, ЗША, Карэі, Ізраіля, Нарвегіі. На маршруце ўсе гэтыя зусім розныя і незнаёмыя людзі дапамагалі адзін аднаму, падтрымлівалі ў цяжкіх сітуацыях і заўсёды былі рады зносінам. Мы працягваем мець зносіны з альпіністамі з Осакі, а з бразільцамі паехалі на сафары. Чатыры дні заняло ўзыходжанне на пік Ухуру – найвышэйшую кропку вулкана Кіліманджара, у перакладзе з суахілі – пік Незалежнасці, і два дні – на спуск з гары да месца старту. Гідамі было задакументавана наша ўзыходжанне на вяршыню, а нацыянальным паркам Кіліманджара пры ўрадзе Танзаніі нам былі выдадзены залатыя сертыфікаты за ўзыходжанне. На наступны дзень, паводле мясцовай традыцыі, нас віншавала ўся каманда на вышыні 3720 метраў у лагеры Харомба. Ужо ў атэлі нам уручылі медалі ад «Клуба 7 вяршынь» за ўзыходжанне на Кіліманджара.

–             Анастасія, вашы фотаздымкі яскрава сведчаць, які надзвычайны цуд прыроды афрыканская саванна.

–             Так. У нас было сафары па трох нацыянальных парках Танзаніі: Тарангiрэ, Нгорангора, Серэнгеці. Жылі ў кемпінгах, ноччу ад палаткі адганялі гіен. Афрыканская саванна – гэта цудоўная казка са статкамі жырафаў, зебраў і антылопаў. Вадаёмы – з бегемотамі і буйваламі. Вельмі блізка мы назіралі за сланамі, ільвамі, леапардамі, гепардамі і мноствам іншых звяроў. Гэтае падарожжа незабыўнае і чароўнае.

–             Змешчаныя ў газеце здымкі дапамогуць нашым чытачам дакрануцца да гэтай экзотыкі, а вас віншуем з пакарэннем чарговай вяршыні.

Святлана ЖЫБУЛЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *