Дырэктар камбіната – жанчына года Беларусі

Нумары Соцыум У перапрацоўшчыкаў

210318a

Сярод 42-х пераможцаў Х Рэспубліканскага конкурсу Беларускага саюза жанчын «Жанчына года» названа і прадстаўніца Стаўбцоўшчыны – дырэктар ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Рамуальда Бурдукевіч.

Дырэктар аднаго з вядучых прадпрыемстваў раёна адзначана ў намінацыі «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва», што сімвалічна падкрэслівае яе жаночы статус і асабісты дырэктарскі вынік, а таксама эфектыўнасць сумеснай працы з калегамі, калектывам, які, паводле прызнання Рамуальды Браніславаўны, выглядае адной дружнай камандай. Жыхарам нашага раёна дырэктар мясакансервавага камбіната ўжо не першы год паказвае прыклад актыўнасці і павышанай адказнасці, штодзённага служэння ў імя таго, каб любоў, вера ў людзей, хрысціянскія законы былі спадарожнікамі нашага жыцця, незалежна ад таго, дзе мы працуем. Старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Наталля Лапко, калі прадстаўляла для ўдзелу ў названым вышэй конкурсе кандыдатуру Рамуальды Бурдукевіч, ні на мінуту не сумнявалася, што праца і ўклад гэтай жанчыны будуць ацэнены ў маштабах Беларусі.

– Для мяне вельмі хвалююча пабываць у Палацы Рэспублікі на такім высокім форуме, сярод знакамітых жанчын рэспублікі. Незабыўныя ўражанні сілкуюць жаданне працаваць яшчэ больш, каб утрымаць пазіцыі прадпрыемства, – падзялілася Рамуальда Браніславаўна. – За апошні час мяне ўзнагародзілі медалём «За працоўныя заслугі», Ганаровай граматай Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Цяпер надалі высокае званне «Жанчына года». І гэта, напэўна, аванс, перспектыва мая і мясакансервавага камбіната.

У гэтых словах – душа шчырай беларускі, якая ў першую чаргу думае не пра сябе, а пра іншых, умее спалучыць вытворчае, грамадскае і мацярынскае, не спыняецца на дасягнутым і сваёй сціплай штодзённай працай мацуе мір і стабільнасць у нашай краіне.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ: дыплом пераможцы конкурсу ў намінацыі «За лідарства і паспяховае кіраўніцтва» дырэктару ААТ «Стаўбцоўскі мясакансервавы камбінат» Рамуальдзе Бурдукевіч уручае старшыня Дзяржкамваенпрама Алег Дзвігалёў.

Фота БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *