Старанным і гаспадарлівым

Нумары Улада. Слова. Справа

210318c

У зале пасяджэнняў райвыканкама прайшло мерапрыемства па ўшанаванні пераможцаў раённага спаборніцтва па закупках сельскагаспадарчай прадукцыі ў насельніцтва за мінулы год і падвядзенне вынікаў штогадовага спаборніцтва сярод органаў мясцовага самакіравання. Сярод прысутных былі старшыні сельвыканкамаў, старасты вёсак, а таксама малаказборшчыкі і малаказдатчыкі, якія забяспечылі летась вышэйшыя паказчыкі.

Адкрываючы мерапрыемства, старшыня раённага Савета дэпутатаў Сяргей Шэсцель адзначыў, што вялікую работу сельвыканкамам у вырашэнні пытанняў жыццезабеспячэння насельніцтва, добраўпарадкаванні населеных пунктаў, навядзенні парадку на зямлі аказваюць 139 старастаў вёсак. Яны – галоўныя памочнікі старшыняў сельвыканкамаў, сувязное звяно паміж жыхарамі і мясцовай уладай, якія карыстаюцца аўтарытэтам сярод аднавяскоўцаў. Улада і грамадства з павагай адносяцца да гэтых людзей і ўдзячны ім за тую дапамогу, якую яны аказваюць у вырашэнні розных надзённых пытанняў. Аднак кантактаваць неабходна цясней. Трэба, каб кожнага старасту ведалі не толькі па месцы яго пражывання, а і ў раённых службах, райвыканкаме. Не першы год у раёне праводзяцца святы вёсак, у іх падрыхтоўцы і правядзенні актыўна ўдзельнічаюць старасты. І гэта дае плён. Агульнымі намаганнямі наводзіцца парадак на вуліцах і прысядзібных тэрыторыях, папулярызуюцца народныя традыцыі. Усё гэта нясе выхаваўчы аспект для моладзі, каб даражыла яна тым куточкам, дзе жылі продкі, дзе сёння жывуць іх дзядулі і бабулі, бацькі.

– Сёлетні год аб’яўлены Годам малой радзімы, – падкрэсліў Сяргей Яўгеньевіч. – І трэба будзе ўсім – мясцовай уладзе, дэпутацкаму корпусу, старастам і грамадзянам – сур’ёзна папрацаваць, каб навесці парадак у кожным населеным пункце.

Адзначалася, што малако – адна з асноўных крыніц даходу не толькі для нашай дзяржавы і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, а і дадатковыя грошы ў сямейны бюджэт для грамадзян, якія маюць уласных кароў. Справа гэтая клапатлівая і працаёмкая, таму той, хто трымае на падвор’і карміцельку і рэалізуе лішкі малака дзяржаве, заслугоўвае ўвагі і павагі. Як падкрэсліў старшыня райсавета, з-за розных аб’ектыўных прычын аб’ём закупу малака ў насельніцтва паступова зніжаецца. У вёсках меншае колькасць жыхароў, больш становіцца пажылых людзей, якія не ў стане даглядаць жывёлу. Цяпер у сельскай мясцовасці ў гаспадароў налічваецца 517 кароў, у той час як у 2010 годзе было 1450. І тэндэнцыя да зніжэння працягваецца далей. Найбольш кароў трымаюць вяскоўцы Рубяжэвіцкага і Літвенскага сельсаветаў.

Затым адбылося ўзнагароджанне пераможцаў і прызёраў. У спаборніцтве сярод органаў мясцовага самакіравання першае месца прысуджана старасце вёскі Задвор’е Заямнаўскага сельсавета Яўгенію Комару, другое – старасце вёскі Скамарошкі Старасвержанскага сельсавета Марыі Пальчык і трэцяе – старасце пасёлка Коласава Наваколасаўскага сельсавета Віктару Кузіну. Гэтыя людзі старанныя, добрасумленныя і нераўнадушныя да праблем вяскоўцаў, сапраўдныя дарадчыкі старшыняў сельвыканкамаў.

Сярод малаказдатчыкаў, як і летась, перамог Міхаіл Бець (Дзераўнянскі сельсавет). Міхаіл Іосіфавіч рэалізаваў 10 155 кілаграмаў малака. Другое месца за Іосіфам Паўлаўцом (Старасвержанскі сельсавет), які здаў 9436 кілаграмаў малака. Заахвочвальныя прэміі ў згаданай намінацыі атрымалі Юрый Рымашэўскі, Галіна Пявец, Надзея Мароз, Вячаслаў Супрун (Мікалаеўшчынскі сельсавет) і Яніна Кураш (Літвенскі сельсавет). Малаказборшчыкам, работа якіх заўжды была няпростай, таксама ўручаны заахвочвальныя прэміі. Іх атрымалі Ганна Коржык (Мікалаеўшчынскі сельсавет), Ганна Карневіч (Дзераўнянскі сельсавет), Віктар Янушкевіч (Літвенскі сельсавет), Баляслаў Гайдук (Рубяжэвіцкі сельсавет) і Аляксандр Глобаж (Вішнявецкі сельсавет).

На здымках: старшыня райсавета дэпутатаў Сяргей Шэсцель уручае дыплом Іосіфу Паўлаўцу; старасты-пераможцы (злева направа) Яўгеній Комар, Марыя Пальчык і Віктар Кузін; старанныя малаказдатчыкі і малаказборшчыкі (злева направа) Віктар Янушкевіч, Яніна Кураш, Надзея Мароз, Ганна Коржык і Галіна Пявец.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *