Мінімальныя стандарты забяспечаны

Нумары Улада. Слова. Справа

Работа мясцовай улады, і гэта галоўная яе задача, накіравана на вырашэнне сацыяльна-эканамічных праблем насельніцтва, а значыць, на павышэнне якаснага ўзроўню жыцця людзей. Вырашаюцца пытанні ў цесным узаемадзеянні з кіраўнікамі мясцовых прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў, а таксама з падтрымкай насельніцтва.

– Не ўсё з намечанага ўдаецца выканаць, але мы вырашаем многія складаныя пытанні, – гаворыць старшыня Дзераўнянскага сельвыканкама Таццяна Босая. – І ў першую чаргу гэта забеспячэнне сацыяльных стандартаў для нармальнага жыцця сялян. На тэрыторыі нашага сельсавета налічваецца 17 населеных пунктаў, у якіх пражываюць 2528 чалавек, сярод іх 1367 працаздольных і 839 пенсіянераў. Дэмаграфічная сітуацыя стабільная. Мінімальныя стандарты ў частцы гандлёвага і медыцынскага абслугоўвання, цепла-, водазабеспячэння, пасажырскіх перавозак і асвятлення вуліц выконваюцца.

У сельсавеце працуюць 16 стацыянарных магазінаў, палова з іх прыватныя, і тры разы на тыдзень у аддаленыя вёскі прыязджае аўтамагазін райспажыўтаварыства. Водгукі аб іх рабоце ў насельніцтва станоўчыя. У Дзераўной працуе ўчастковая бальніца, дзе ёсць і сацыяльныя ложкі. Насельніцтва ў невялікіх вёсках пераважна пажылога ўзросту, ёсць адзінокія і адзінокапражываючыя – такіх налічваецца каля 500 чалавек. Па стане здароўя яны маюць патрэбу ў дапамозе. Састарэлых людзей абслугоўваюць 14 сацыяльных работнікаў, якія клапоцяцца і аб іх пажарнай бяспецы, бо гэтае пытанне стаіць на асаблівым кантролі. Праяўляюць клопат сельвыканкам, дэпутаты, грамадскія арганізацыі. Летась 25 грамадзян гэтай катэгорыі атрымалі дапамогу з раённага фонду сацыяльнай абароны насельніцтва. Ім аказваецца дапамога ў набыцці паліва і вырашэнні іншых жыццёва важных пытанняў. Варта адзначыць, што пытанні па забеспячэнні вясковага насельніцтва палівам у нас практычна зняты. Сем населеных пунктаў газіфікаваны, у планах правесці блакітнае паліва яшчэ ў тры вёскі.

Пасля таго як у пасёлку меліяратараў быў праведзены рамонт ацяпляльных катлоў і заменена цеплатраса, не стала асаблівых пытанняў па падтрыманні тэмпературнага рэжыму ў кватэрах шматпавярховых дамоў. Адзінкавыя сітуацыі вырашаюцца па меры з’яўлення. Водаправоднай вадой не забяспечаны толькі тры населеныя пункты і два – часткова. Для дастаўкі людзей у райцэнтр і сталіцу курсіруюць аўтобусы аўтапарка і прыватных перавозчыкаў.

Для жыхароў мае вялікае значэнне вулічнае асвятленне. Некаторыя вуліцы і населеныя пункты ў зімовы перыяд стараемся асвятляць дадаткова. Каб зменшыць расход сродкаў на аплату электраэнергіі, устаноўлены светлавыя рэле. Плануецца правесці асвятленне па вуліцы Меліяратараў, дзе з дапамогай аб’яднання камунальных службаў былі спілены аварыйныя дрэвы. Такая ж работа праведзена на вуліцы Набярэжнай, дзе пасадзілі рабінавую алею і ўстанавілі лаўкі.

– Таццяна Іванаўна, навядзенне парадку на зямлі – адзін з галоўных накірункаў у рабоце сельвыканкама. Што яшчэ зроблена і будзе рабіцца ў гэтым плане?

– Работа праводзіцца пастаянна і немалая. Для навядзення парадку прыцягваюцца працоўныя калектывы прадпрыемстваў, устаноў і арганізацый, насельніцтва. Свой уклад уносяць дэпутаты, старасты, свяшчэннікі. Вяскоўцы стараюцца падтрымліваць парадак на вуліцах і прысядзібных участках. Добраўпарадкуюцца могілкі. Хоць яны і перададзены на баланс аб’яднання камунальных службаў, аднак мы таксама трымаем гэтае пытанне на кантролі. Тэрыторыі могілак агароджаны, вядзецца падкошванне, высякаецца хмызняк. Спілаваны ўсе дрэвы на могілках у пасёлку Школьным. У Дзераўной, дзякуючы насельніцтву, праводзіцца такая ж работа.

Працягваем зносіць трухлявыя і пустыя дамы, знесены трыццаць такіх пабудоў. Тры дамы прададзены, столькі ж выстаўлена на аўкцыён – два ў Дзераўной і адзін у Лубяні. Жадаючыя могуць іх купіць. Сёлета паводле рашэння суда ўнесены ў рэестр пустуючых яшчэ шэсць дамоў.

Праблем нямала, пастаянна ўзнікаюць і новыя. Мы стараемся па меры магчымасці іх вырашаць.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *