Стаўбчане. Ветэраны, суседзі

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

210318

На пачатку бягучага года ДРБУ № 135 адзначыла сваё 60-годдзе. Большую палову, а менавіта 38 гадоў, з 1967-га па 2005-ы, Вікенцій Ксяневіч (на здымку справа) быў звязаны з ДРБУ. Фактычна тут, у гэтай арганізацыі, прайшла яго слаўная працоўная біяграфія. Пра яе красамоўна гавораць узнагароды Вікенція Паўлавіча – ордэн «Знак Пашаны» (1976 год) і ордэн Працоўнай славы ІІІ ступені (1986 год).    

«Карацей, Паўлавіч – заслужаны пенсіянер, пра яго варта расказаць у газеце, – гаворыць Мікалай Грахоўскі пра свайго добрага таварыша і суседа. Тлумачыць: – Мы ж з ім праз дом жывём. Ведаю, якая ў яго была работа. У дванаццаць ці гадзіну ночы прыходзіла машына і – на дзяжурства. Не было калі спаць! Чысціў, пасыпаў дарогі…»

Жыццё гэтых працавітых сем’яў, Ксяневічаў і Грахоўскіх, працякае побач, навідавоку, таму, зразумела, нічога не застаецца незаўважаным. У апошнія гады, калі абодва даўно на пенсіі і часу вольнага ўдосталь, добрасуседскія адносіны сталі яшчэ больш цесныя, па-сямейнаму шчырыя.

Па ўзросце Вікенцій Паўлавіч і Мікалай Іванавіч фактычна равеснікі, дзеці вайны. Абодва ў былым – прадстаўнікі адной, механізатарска-вадзіцельскай, прафесіі. Хоць працавалі ў розных арганізацыях, маюць шмат чаго сказаць адзін аднаму. Абодва – не шукалі лёгкага хлеба. Уяўляю, колькі розных карысных спраў зрабілі яны за сваё жыццё! На восьмым дзясятку нярэдка балячкі ўжо даймаюць, таму надзвычай важна падтрымаць адзін аднаго ў жыццёвых сітуацыях. Такія яны, стаўбчане з вясковымі каранямі!

А цяпер – пра заслужанага работніка ДРБУ Вікенція Ксяневіча. Ураджэнец вёскі Русаковічы, ён увесь час быў трактарыстам-машыністам. Працаваць давялося на трактарах розных марак. Аднак у большасці гэта МТЗ-82. Трактар, праўда, быў не зусім звычайны, адзіны такі ў арганізацыі, – з біркай «Выпрабаванне». Рэч у тым, што родны брат Вікенція Паўлавіча працаваў генеральным канструктарам Мінскага трактарнага завода і спецыяльна выдзяляў яму тэхніку для праверкі яе рэсурсу. «Не бойся, «рэж» па максімуме!» – даваў указанне брат-канструктар (светлай памяці).

І Вікенцій Паўлавіч не стамляўся «наразаць» на сваім эксперыментальным трактары па 300 кіламетраў за дзень. Тэхніка, кажа, не падводзіла, але, калі што ўзнікала, то сам і рамантаваў. Грэйдзіраваў дарогі раёна, чысціў іх ад снегу і пасыпаў супрацьгалалёднай сумессю.

– Калі азірнуцца, то на кожным кіламетры папрацаваў не адзін-два разы, а значна больш, – разважае Вікенцій Паўлавіч. – Летам касілку чапляў да трактара. Калі трэба, дык браў сякеру ў рукі. Мне аднойчы прараб, былы ваенкам, сказаў: «Ты, Ксяневіч, сталінскай закалкі». Сапраўды, сталінскага хлеба я пакаштаваў. З маленства пачаў працаваць. Пасвіў цялят калгасных. Пасля ўрокаў, на канікулах. Ніводнага дня не пагуляў. У 1963 годзе, пасля заканчэння вучылішча № 24 у Смалявічах, атрымаў «корачкі» трактарыста-машыніста 3-га класа для работы ў Казахстане. На цаліне сеяў і ўбіраў хлеб. Адпрацаваў там пяць гадоў замест двух. Помніцца і сёння, як еду на камбайне – стоячы, з парасонам. Такія былі ўмовы… Скажу, што за час маёй працы ў ДРБУ змянілася сем дырэктараў. Да мяне яны ўсе былі добрымі, таму што на працы не лічыўся з асабістым часам…

Вікенцій Ксяневіч з улікам цаліннай эпапеі адпрацаваў на трактары 44 (!) гады. Лічба значная, калі не сказаць – унікальная. Пры гэтай характарыстыцы ў шчырага працаўніка, гарачага прыхільніка тэхнікі з’яўляецца ўсмешка на твары. Ён падкрэслівае яшчэ адну важную лічбу ў сваім жыцці – 25-гадовы партыйны стаж. Калісьці Вікенцій Паўлавіч ішоў па Стоўбцах 7-га лістапада ў першых радах вялікай калоны, якая складалася з работнікаў трох дарожных арганізацый, са сцягам у руках.

– Якое здароўе было! – сёння сам сабе здзіўляецца. Пасля аперацыі ён па хаце ходзіць з кіёчкам. У жонкі – таксама праблемы са здароўем. Сын – далёка, пусціў карані ў Расіі, у Чалябінску. Кожны год прыязджае ў бацькоўскую хату. «Дапамагае. Памяняў у доме ўсе вокны», – радуецца бацька. Сусед падказвае: «Сёлета ў яго будзе юбілей – 50-годдзе».

…Не бывае ў жыцці выпадковых сустрэч, і гэтая, з шаноўнымі ветэранамі працы Вікенціем Ксяневічам і Мікалаем Грахоўскім, – таксама невыпадковая. Для старэйшага пакалення важна, каб яго помнілі і паважалі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *