Дэкрэт нумар 18. Трывожыць сацыяльнае сіроцтва

Нумары Соцыум

Пытанне рэалізацыі Дэкрэта № 18 ад 24.11.2006 «Аб дадатковых мерах па дзяржаўнай абароне дзяцей у нядобранадзейных сем’ях» – у ліку асноўных напрамкаў дзейнасці органаў дзяржаўнага кіравання, службаў і ведамстваў. У гэтым годзе яго разглядалі на адным з пасяджэнняў раённага выканаўчага камітэта, а таксама на пашыраным пасяджэнні раённай камісіі па справах непаўналетніх і каардынацыйнага савета. З інфармацыяй выступіла начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Людміла Стонька.

Са станоўчага варта адзначыць ранняе выяўленне сямейнай нядобранадзейнасці і 100-працэнтнае ўладкаванне дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, на сямейныя формы выхавання, з адмоўнага – павелічэнне сацыяльнага сіроцтва пры жывых бацьках, змяншэнне працэнта спагнання з абавязаных асоб грашовых сродкаў.    

– У рэалізацыі Дэкрэта № 18 рашэннем райвыканкама зацверджаны комплекс арганізацыйна-практычных мер, якім і кіруюцца ў сваёй дзейнасці ўсе ўстановы адукацыі, прадпрыемствы. Работа праводзіцца маштабная, аднак нямала і праблемных момантаў, – адзначыла Людміла Стонька.  

У ліку найбольш важных раздзелаў комплексу арганізацыйна-практычных мер – абарона правоў і законных інтарэсаў дзяцей, якія выхоўваюцца ў нядобранадзейных сем’ях. У мэтах ранняга выяўлення сямейнай нядобранадзейнасці ў раёне праводзяцца акцыі «Сям’я без насілля», «Дом без насілля», «Быт» і т. п. Падчас акцый наведаны 347 сем’яў і, акрамя таго, 3607 сем’яў – спецыялістамі ўстаноў адукацыі. У выніку становішча 184 непаўналетніх з 99-ці сем’яў прызнана сацыяльна небяспечным. Усяго ў сацыяльна небяспечным становішчы ў раёне ў 2017 годзе аказаліся 206 непаўналетніх у 117-ці сем’ях. 47 працэнтаў гэтых дзяцей – дашкольнікі або першакласнікі, 41 працэнт – ва ўзросце ад 7 да 16 гадоў, 12 працэнтаў – ад 15 да 18 гадоў.

Летась акрэслілася і іншая праблема. Сацыяльна небяспечным было прызнана становішча дзіцяці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і чацвярых дзяцей з рознай ступенню інваліднасці, што прымушае ўстановы адукацыі, тэрытарыяльны цэнтр звярнуць пільную ўвагу на сем’і, дзе ёсць такія дзеці. Паўторна сацыяльна небяспечным прызнана становішча 72 дзяцей з 39-ці сем’яў. 17 дзяцей з 15-ці сем’яў мелі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 92 дзіцяці знаходзіліся ў сацыяльна небяспечным становішчы менш за паўгода, 41 дзіця – ад 6 да 12 месяцаў, 45 дзяцей – больш за 24 месяцы. Калі праводзіць аналіз гэтых сем’яў, то кожная трэцяя з’яўляецца няпоўнай, кожная пятая – шматдзетнай. Пераважная большасць іх (63 працэнты) пражывае ў сельскай мясцовасці.

Часцей за ўсё сацыяльна небяспечнае становішча дзяцей у сем’ях выклікана такімі крытэрыямі, як неналежнае выкананне бацькамі сваіх бацькоўскіх абавязкаў па выхаванні дзяцей, злоўжыванне спіртнымі напіткамі. Факты паўторнага прызнання сацыяльна небяспечным становішча дзяцей (мелі месца ў Аталезскім ВПК, Заямнаўскай СШ, СШ 3 г. Стоўбцы) выкліканы той жа прычынай: бацькі злоўжываюць спіртнымі напіткамі. У сувязі з гэтым узнікае пытанне: хто недапрацаваў – самі бацькі, медыкі, педагогі? Урач-нарколаг Яўген Бахар патлумачыў, што праблема гэтая значна шырэй медыцыны, важную ролю тут адыгрываюць тэрміны пасля праходжання супрацьалкагольнага лячэння. Намеснікам старшыні камісіі па справах непаўналетніх Наталляй Хвасько прапанавана знаходжанне такіх сем’яў на ўліку, нягледзячы на станоўчыя заключэнні службаў, больш працяглыя тэрміны, а менавіта 6-12 месяцаў.                      

У мінулым годзе 19 непаўналетніх з 11-ці сем’яў (у 2016 годзе – 22 дзіцяці) прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. 13 з іх былі вызначаны ў аддзяленне дзіцячага сацыяльнага прытулку, чатыры – у замяшчальныя сем’і, два – у Барысаўскі дом дзіцяці. З 19-ці бацькоў, у якіх дзеці былі адабраны і прызнаны маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне, шасцёра – нідзе не працавалі. Адсюль вынікае, што садзейнічаць ім у працаўладкаванні неабходна яшчэ на ўзроўні сацыяльна небяспечнага становішча сям’і. Са станоўчага варта адзначыць, што выкаранена практыка экстраннага адабрання дзяцей з сям’і і паўторнага на працягу года прызнання іх маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне.  

Неабходна больш працаваць над тым, каб дзеці пасля адабрання вярталіся ў біялагічную сям’ю. Пакуль прыходзіцца гаварыць пра рост сацыяльнага сіроцтва: толькі 14 непаўналетніх з шасці сем’яў вернуты ў біялагічныя сем’і, а 12 дзяцей сталі сіротамі ў сувязі з пазбаўленнем бацькоўскіх правоў.

Не зусім якасная работа адзначана па выніках мінулага года і ў плане спагнання сродкаў, што затрачвае дзяржава на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. Працэнт спагнання склаў 54,2. Не ўсе наймальнікі своечасова пералічваюць сродкі, даюць магчымасць абавязаным асобам для дадатковага заробку, каб яго памер дазваляў рабіць кампенсацыю ў больш поўным аб’ёме. Сярод абавязаных асоб 14 – злосныя прагульшчыкі, якія дапусцілі па 10 і больш прагулаў. Па месцы працы абавязаных асоб нярэдка высвятляецца і такая праблема, як нясвоечасовае накіраванне выканаўчых лістоў.    

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *