Сонечны настрой і фантазія

Культура Нумары

З нагоды жаночага свята ў Шашкоўскім доме культуры прайшла конкурсная праграма «А ну, дзяўчаты!». У конкурсе прынялі ўдзел дзве каманды старшакласніц Аталезскага вучэбна-педагагічнага комплексу і Шашкоўскай СШ.

Юным прыгажуням трэба было праявіць свае творчыя здольнасці, эрудыцыю, гаспадарлівасць. Дзяўчаты павінны былі ў творчай форме прадставіць сваю каманду, свой дэвіз, назву ў першым конкурсе «Прыемна пазнаёміцца».

У конкурсе «Інтэлектуалкі» дзяўчаты паказалі сваю эрудыцыю. Канкурсанткі прыемна здзівілі гледачоў, прадэманстраваўшы сваё майстэрства ў конкурсе «Кулінарныя шэдэўры». Кожная дзяўчына – будучая гаспадыня. Асаблівае ажыўленне выклікалі конкурсы «Папялушка», «Вялікае мыццё», «Пальчыкі абліжаш», у якіх кожная каманда праявіла ўменне і спрыт. А калі вядучая аб’явіла конкурс «Рыбалка», усе гледачы бурнымі авацыямі падтрымлівалі ўдзельніц.

Спатрэбіліся фантазія і творчасць у конкурсе «Мадэльеры». Арыгінальныя мадэлі былі выкананы з падручных матэрыялаў. Дзяўчаты з Аталезскага ВПК падрыхтавалі сукенку з часопісаў «Арыфлэйм», а ўдзельніцы з Шашкоўскай школы пашылі сукенку «Вясна» з папяровых кветак, матылькоў і тканіны. Самым цікавым, вясёлым і відовішчным быў апошні «Творчы конкурс». Дзяўчаты ўразілі ўсіх гледачоў і журы сваімі вакальнымі і танцавальнымі талентамі. Бурныя апладысменты балельшчыкаў гучалі ў іх адрас.

Паміж конкурсамі журы, гледачы маглі паглядзець канцэртную праграму «Вясна, кветкі і кампліменты», падрыхтаваную вучнямі Шашкоўскай школы.

Хваляваліся дзяўчынкі і хлапчукі, бо не часта ім даводзіцца выступаць на сцэне. Якія толькі песні не гучалі ў гэты дзень – дзіцячыя і эстрадныя, вясёлыя і лірычныя, жартоўныя, пра каханне, пра сяброўства і, вядома, пра маці. Удзельнікі канцэрта падарылі гледачам выдатны настрой і мора станоўчых уражанняў і эмоцый.

Журы конкурсу пераканалася, што нашы дзяўчынкі ўмеюць выдатна гатаваць, танцаваць, спяваць, адказваць на самыя розныя пытанні і знаходзіць выйсце з любой сітуацыі.

Дзякуючы сваёй артыстычнасці, кемлівасці, вялікай адказнасці, годна прайшоўшы ўсе этапы конкурсу «А ну, дзяўчаты!», першае месца заняла каманда Шашкоўскай сярэдняй школы. Каманды былі ўзнагароджаны граматамі, а кожная ўдзельніца атрымала памятны сувенір ад Шашкоўскага дома культуры.

Лідзія КІРЫЛЕНКА, мастацкі кіраўнік Шашкоўскага дома культуры



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *