Газанебяспечныя работы – на кантроль

На кантролі Нумары

807270Нягледзячы на меры, якія прымаюцца ў арганізацыях рэспублікі па прафілактыцы вытворчага траўматызму, штогод рэгіструюцца няшчасныя выпадкі з цяжкімі наступствамі, якія адбываюцца пры правядзенні газанебяспечных работ. У іх пералік уваходзяць агляд, ачыстка, рамонт тэхналагічнага абсталявання, камунікацый, у тым ліку работы ўнутры ёмістасцяў, рэзервуараў, цыстэрнаў, калодзежаў, прыямкаў. Менавіта пры правядзенні вышэйназваных работ  не выключана магчымасць выдзялення ў рабочую зону выбухова- і пажаранебяспечных або шкодных пароў, газаў і іншых рэчываў, якія здольны аказаць шкоднае ўздзеянне на арганізм чалавека.

Важнейшай мерай забеспячэння бяспекі пры выкананні газанебяспечных работ з’яўляецца пісьмовы дазвол на вытворчасць работ павышанай бяспекі. Да выканання такога віду работ дапускаюцца асобы ва ўзросце не маладзей за 18 гадоў, якія прайшлі ва ўстаноўленым парадку навучанне і праверку ведаў па пытаннях аховы працы, абавязковыя медыцынскія агляды, навучанне карыстанню сродкамі індывідуальнай аховы і прасцейшым спосабам праверкі іх спраўнасці, мерам аказання першай (даўрачэбнай) медыцынскай дапамогі, дзеянням у аварыйнай сітуацыі. Абавязковым патрабаваннем пры рабоце ў загазаваным асяроддзі з’яўляецца прымяненне ізалюючых шлангавых процівагазаў. Выкарыстанне фільтравых процівагазаў не дапускаецца.

Варта згадаць, што летась у рэспубліцы здарыліся тры няшчасныя выпадкі са смяротнымі зыходамі. У адным з іх ад атручэння газам у памяшканні каналізацыйна-помпавай станцыі пацярпелі сем работнікаў, чацвёра з якіх загінулі. У выніку загарання паветра ўнуры рэзервуара пры правядзенні фарбавальных работ загінуў маляр. Падчас правядзення прафілактычных работ унутры ёмістасці лініі разліву харчовай прадукцыі атруціўся вуглякіслым газам наладчык. У апошнім выпадку працаўнік знаходзіўся на рабочым месцы ў стане алкагольнага ап’янення.

Як сведчыць праведзены статыстычны аналіз аператыўных даных, смяротныя выпадкі часцей адбываюцца з-за ігнаравання наймальнікамі патрабаванняў нарматыўных прававых актаў, якія рэгламентуюць патрабаванні бяспекі пры выкананні газанебяспечных работ. Адсутнічае кантроль за прытрымліваннем работнікамі працоўнай і вытворчай дысцыпліны.

У мэтах недапушчэння вышэйпрыведзеных выпадкаў, Дэпартамент дзяржаўнай інспекцыі працы Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь рэкамендуе ўзмацніць кантроль  за выкананнем наймальнікамі патрабаванняў заканадаўства  па забеспячэнні аховы працы работнікаў.

Фёдар ЧАРНАГАЛОЎ, начальнік Стаўбцоўскага міжраённага аддзела Мінскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *