Разам дома і на рабоце

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

240318g

Ірына і Сяргей Касцевічы працуюць у адной арганізацыі – Стаўбцоўскім аб’яднанні камунальных службаў. Ірына – спецыяліст па зваротах грамадзян, яе муж – майстар участка санітарна-тэхнічнага абслугоўвання. Іх ведаюць многія стаўбчане, асабліва Сяргея Іванавіча. Спецыялістаў такога ўзроўню, як ён, у раёне не так і шмат. На працу яны ідуць усёй сям’ёй, і па дарозе збочваюць у дзіцячы садок, каб уладкаваць на дзень сваю чатырохгадовую Варвару.

У АКС, дарэчы, працуе нямала сямейных пар, і прыклад паказвае не хто-небудзь, а сам дырэктар Дзмітрый Мурын. Работа ў большасці камунальнікаў не нарміраваная, арыентавана на зменны кругласутачны графік дзяжурстваў, які не ўлічвае выхадных і святочных дзён, і, пры гэтым, не з’яўляецца самай прыбытковай у матэрыяльным плане, таму без узаемаразумення нельга ўявіць сямейнае шчасце. У Касцевічаў склалася такім чынам, што менавіта ў АКС нарадзілася іх маладая сям’я. Лёс звёў, у, так бы мовіць, рабочай абстаноўцы.    

Ірына прыйшла на прадпрыемства ў 2010 годзе, адпрацаваўшы маладым спецыялістам у Налібацкай школе. Да гэтага, прызнаецца, мала што ведала пра такую арганізацыю, як АКС. «Усё жыццё мы самі прыбіралі свае пад’езды, двары і не здагадваліся, што можна на некага наракаць, скардзіцца», – дзеліцца ўласнымі дзіцяча-юнацкімі ўражаннямі Ірына, ураджэнка Дзераўной. Цяпер, працуючы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб, яна звяртае ўвагу, што зваротная сувязь АКС і спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг наладжана цесным чынам. Сведчаннем таму – летась паступілі і былі разгледжаны 54 пісьмовыя звароты, 34 пісьмовыя прэтэнзіі. Больш за 3300 жыхароў раёна набіралі нумар тэлефона дыспетчарскай службы і давяралі аб’яднанню камунальных службаў вырашэнне сваіх жыццёва важных пытанняў.

Сяргей прыйшоў у АКС значна раней, у 2006 годзе. На той момант закончыў Мінскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум па спецыяльнасці «Санітарна-тэхнічнае ўстройванне будынкаў», крыху паспрабаваў сябе ў ролі сантэхніка ў сталіцы. Яго прафесійныя веды грунтоўныя, аднак найлепшым настаўнікам, як лічыць сам, з’яўляюцца штодзённыя будні на прадпрыемстве.

За апошнія два гады, як сцвярджае Сяргей Касцевіч, яны сталі больш ураўнаважанымі, безаварыйнымі. Гэта вынік таго, што на сетках выконваецца шмат планава-прафілактычных мерапрыемстваў, укаранёны пастаянныя абходы і аб’езды жылога фонду. Агулам гэта каля сотні шматпавярховых дамоў у Стоўбцах, Заямным, Новым і Старым Свержанях, Мікалаеўшчыне. Члены брыгады аказваюць усе віды платных паслуг, якія звязаны з рамонтам унутрыдомавых сістэм водазабеспячэння і водаадвядзення, ацяплення. «Без работы не бывае, – адзначае майстар і дадае: – Прыемна, калі людзі кажуць «дзякуй». І калектыў брыгады падабраўся як на заказ. Усе ў ім – дасведчаныя, з пэўным вопытам і пачуццём павышанай адказнасці».

– У кнізе заўваг і прапаноў АКС шмат падзяк ад жыльцоў гэтай брыгадзе, – зазначае Ірына Касцевіч як спецыяліст па зваротах грамадзян.

У адной прафесійнай камандзе працуюць электрагазазваршчык Уладзімір Лешчанка, сантэхнікі Уладзімір Сахар (брыгадзір), Віктар Сцяцюха, Уладзімір Садаўнічы, Валянцін Зуеўскі, Алег Радчанка. Сярод самых маладых членаў брыгады – Даніл Сырых, які прыйшоў год таму пасля заканчэння курсаў зваршчыкаў. У брыгадзе якраз праходзіць практыку навучэнец аднаго са сталічных каледжаў – Уладзіслаў Загдай. Адказнасць за аператыўнасць нясе вадзіцель Андрэй Качановіч, аўтамабіль якога замацаваны за брыгадай.

У гэтым годзе сям’я Ірыны і Сяргея Касцевічаў плануе справіць наваселле. Даводзяць да ладу дом, які пабудавалі ў новым мікрараёне Стоўбцаў Паўночны-2. Высвятляецца, што шмат што ў ім, не кажучы пра інжынерныя сеткі, зроблена рукамі самога гаспадара. Жонка падказвае, што ён яшчэ і добры муляр, тынкоўшчык, плітачнік, маляр… Дапамагалі ў будаўніцтве па выхадных днях сваякі, сябры па брыгадзе. Вольнага часу ў Сяргея мала, але абавязкова любіць пагуляць з дачкой у канструктар або пайсці на рыбалку. Зразумела, таксама з дачкой. На яе «дзіцячы» спінінг добра ловяцца розныя карасікі і акунькі. Потым з улову вараць усе разам юшку на абед. Тата Варвары Касцевіч – часты госць і на ранішніках у дзіцячым садку.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *