Прафсаюзы

Нумары Соцыум

240318j

ПЛЁННА ПРАЦАВАЦЬ І ЗМЯСТОЎНА АДПАЧЫВАЦЬ

Прафсаюз аграпрамысловага комплексу аб’ядноўвае ў сваіх радах 29 пярвічак. Адну з іх, якая створана і працуе ў ААТ «Вялікі Двор», чатырнаццаты год узначальвае Вікторыя Райская. Вікторыя Валер’еўна – прызнаны лідар і паважаны ў калектыве чалавек. Яна адказна ставіцца да сваёй грамадскай работы. Стараецца па меры магчымасці вырашаць праблемы, якія ўзнікаюць у працаўнікоў.

– Вікторыя Валер’еўна, вы маеце немалы вопыт у гэтай грамадскай рабоце, а якія асноўныя кірункі дзейнасці вашага прафсаюзнага камітэта?

– У нашым калектыве налічваецца 147 работнікаў, усе з’яўляюцца членамі прафсаюза. У прафсаюзны камітэт уваходзяць дзевяць чалавек. Гэта мае памочнікі, людзі зацікаўленыя і ініцыятыўныя. Пры прафкаме створаны і актыўна працуюць некалькі камісій. Рэгулярна праводзім пасяджэнні, на якіх вырашаем надзённыя і набалелыя пытанні. Асноўнымі кірункамі работы нашага прафкама з’яўляюцца стварэнне работнікам бяспечных умоў працы, прафілактыка траўматызму, забеспячэнне працаўнікоў спецадзеннем, адпачынак і аздараўленне членаў прафсаюза. Рэалізуем усе іх праз калектыўны дагавор, заключаны паміж прафсаюзам і дырэкцыяй таварыства. Гэты дакумент мы паступова змяняем і дапаўняем новымі пунктамі. Удзяляем увагу маладым спецыялістам, якія пражываюць у доме з выгодамі, абстаўленым мэбляй і бытавой тэхнікай. Прадастаўляем таксама льготы. На жаль, моладзь не затрымліваецца ў вёсцы, пасля адпрацаванага тэрміну людзі звальняюцца. Працуем у цесным узаемадзеянні з райкамам прафсаюза, адкуль атрымліваем неабходную метадычную дапамогу.

– Прафсаюзы прымаюць самы непасрэдны ўдзел у арганізацыі працоўнага спаборніцтва ў калектывах. А як пастаўлена гэтая работа ў вашай пярвічцы?

– У гаспадарцы штогод распрацоўваюцца і ўзгадняюцца з прафкамам умовы спаборніцтва па розных відах і перыядах работ, згодна з якімі падводзяцца вынікі і адзначаюцца лепшыя работнікі, як раслінаводчай, так і жывёлагадоўчай галін вытворчасці. Людзі, якія шчыруюць на палях і фермах, заслугоўваюць асаблівай павагі і ўвагі. І нам ёсць чым пахваліцца. Летась хлебаробы намалацілі 8380 тон збожжа, зернебабовых, кукурузы і рапсу пры высокай сярэдняй ураджайнасці – звыш 64 цэнтнераў з гектара. За дасягненне высокіх паказчыкаў на веснавой сяўбе і ўборцы ўраджаю наша гаспадарка заняла ў раёне першыя месцы і адзначана прэміямі. Гэтыя грошы мяркуем выкарыстаць на арганізацыю экскурсійнай паездкі па Беларусі. Усім работнікам, хто прымаў непасрэдны ўдзел у жніве, уручаем ад прафкама сувеніры. Арганізавана спаборніцтва паміж фермамі. Па вытворчасці малака нашы жывёлаводы таксама ў лідарах.

Кожная даярка таварыства стараецца мець высокі надой, каб трапіць на злёт аператараў машыннага даення, які праводзіцца штогод. Праходзяць дні жывёлаводаў, на якіх ушаноўваюць перадавых работнікаў. На фермах абсталяваны пакоі адпачынку, дзе жывёлаводы могуць паснедаць і папіць чаю, за сродкі прафкама набыты электрычныя чайнікі і чайныя сервізы. Працуюць душавыя. Устаноўлены пральныя машыны-аўтаматы.

– Культурна-масавыя і спартыўныя мерапрыемствы таксама плён вашай дзейнасці?

– Так, мы стараемся падтрымліваць маральна-псіхалагічны клімат у калектыве. Робім усё для таго, каб нашы работнікі былі аб’яднаны не толькі прафесійнай дзейнасцю, а і адпачынкам. Прымаем актыўны ўдзел у раённых спартакіядах – зімовай і летняй. Каманда не заўсёды займае прызавыя месцы, але ўсе атрымліваюць зарад бадзёрасці. Нашы работнікі выязджаюць на экскурсіі, канцэрты, у цырк. Прафкамам заключаны дагавор з адміністрацыяй фізкультурна-аздараўленчага комплексу на наведванне трэнажорнай залы і басейна. Маем цесныя стасункі з падшэфнай Нававёскаўскай сярэдняй школай. Заўсёды з удзелам прафкама, так традыцыйна склалася, праводзяцца школьныя навагоднія вечары, вечары сустрэчы выпускнікоў і мерапрыемствы ў сувязі з заканчэннем школы.

– І, зразумела, не застаюцца работнікі і ветэраны працы гаспадаркі без матэрыяльнага стымулявання.

– Безумоўна. Прафсаюзны камітэт аказвае грашовую дапамогу тым работнікам, якія трапілі ў цяжкую жыццёвую сітуацыю. Клапоцімся аб ветэранах Вялікай Айчыннай вайны. Не забываем аб пенсіянерах, ім выдзяляецца матэрыяльная дапамога на лячэнне, віншуем іх з юбілейнымі датамі, на дзень пажылых людзей кожны атрымаў прадуктовы набор. У праекце рашэнне аб выплаце штомесячнай грашовай дапамогі да пенсіі былым работнікам, якія добрасумленна адпрацавалі ў гаспадарцы не менш за дваццаць гадоў, маюць першую або другую групу інваліднасці.

Віншуем сваіх работнікаў з дзяржаўнымі, прафесійнымі і рэлігійнымі святамі. Адзначаем юбіляраў і імяніннікаў. На Дзень жанчын і Дзень абаронцаў Айчыны традыцыйна ўручаем сувеніры, як за кошт прафкама, так і за кошт таварыства.

Дзецям нашых работнікаў, па хадайніцтве прафкама, прадастаўляюцца бясплатныя пуцёўкі ў аздараўленчыя лагеры. А вось пуцёўкі на санаторна-курортнае лячэнне не карыстаюцца попытам. Будзем у гэтым кірунку рухацца, каб нашы работнікі не толькі плённа працавалі, а і змястоўна адпачывалі, адначасова папраўляючы сваё здароўе.

 

РАЗАМ З ПРАФЕСІЙНЫМ ПАВЫШАЦЬ І ЎЗРОВЕНЬ ПРАФСАЮЗНАЙ РАБОТЫ

У нашым раёне прайшоў семінар-вучоба для старшыняў райкамаў і прафкамаў пярвічных прафсаюзных арганізацый аграпрамысловага комплексу сталічнай вобласці. Мінскі абласны камітэт прафсаюза па традыцыі праводзіць такія мерапрыемствы ў базавых райкамах. Адпаведны статус нададзены летась і Стаўбцоўскаму райкаму прафсаюза работнікаў АПК, які ўзначальвае Тамара Калошыч. Удзел у семінары прынялі 80 прафсаюзных актывістаў з чатырох раёнаў – Капыльскага, Салігорскага, Уздзенскага і нашага ў тым ліку.

Мерапрыемства праходзіла ў раённым Цэнтры культуры, у фае якога была разгорнута своеасаблівая выстава – на стэндах прадстаўлены матэрыялы аб рабоце Стаўбцоўскага райкама прафсаюза і прафсаюзных пярвічак сельгасарганізацый і прадпрыемстваў раёна, якія аб’ядноўвае ў сваіх радах прафсаюз аграрыяў. Удзельнікі семінара атрымалі магчымасць азнаёміцца з перадавым вопытам калег. Яны ўважліва і з цікавасцю перагортвалі падшыўкі дакументацыі, старонкі буклетаў, абменьваліся думкамі. Водгукі былі самымі станоўчымі.

Адкрыў семінар старшыня Мінскага абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода. Міхаіл Тарасавіч, разам з іншымі пытаннямі, засяродзіў увагу прысутных на важнасці навучання для павышэння свайго прафесійнага ўзроўню і адначасова ўзроўню вядзення прафсаюзнай работы. Прафсаюзным актывістам быў прадэманстраваны даволі цікавы відэафільм аб асноўных кірунках дзейнасці Беларускага прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

Затым з дакладам выступіла Тамара Калошыч, якая спачатку коратка азнаёміла з раёнам, прадпрыемствамі і сельгасарганізацыямі, якія вядуць сваю гаспадарчую дзейнасць на яго тэрыторыі, з людзьмі, якімі мы ганарымся. Далей Тамара Іосіфаўна расказала пра асноўную работу па абароне правоў і сацыяльных гарантый працаўнікоў, якую праводзіць райкам прафсаюза, аб супрацоўніцтве прафсаюзаў у гэтым і іншых пытаннях з наймальнікамі. А таксама аб злётах, акцыях, конкурсах і іншых культурных мерапрыемствах, якія арганізоўваюцца на працягу года. Адзначана, што праграма гэтая даволі разнастайная і заслугоўвае высокай адзнакі. Затым размова вялася пра ўзаемадзеянне райкама прафсаюза з пярвічнымі прафсаюзнымі арганізацыямі. Налічваецца іх дваццаць дзевяць – апошнія чатыры за справаздачны перыяд створаны ў арганізацыях з прыватнай формай уласнасці. Даная работа вядзецца ў поўным кантакце і ўзаемаразуменні са старшынямі пярвічак, якія ва ўсім падтрымліваюць свайго лідара. З практыкай работы прафсаюзнай пярвічкі ТАА «СЖК «Налібакі» расказаў яе старшыня Міраслаў Грыгаровіч.

Далей разглядаліся актуальныя пытанні дзейнасці прафсаюзных арганізацый у сучасных умовах. Намеснік старшыні абкама прафсаюза Пётр Окунеў вялікую ўвагу ўдзяліў пытанням калектыўна-дагаворнога рэгулявання сацыяльна-эканамічных адносін, арганізацыйнай работы як сродку рэалізацыі статутных функцый, ажыццяўленню грамадскага кантролю за прытрымліваннем заканадаўства аб працы, а галоўны прававы інспектар працы абкама прафсаюза Андрэй Лагвінец скіраваў яе на асноўныя парушэнні гэтага заканадаўства, якія былі выяўлены падчас грамадскага кантролю. Аб ролі і задачах старшынь прафкамаў па ажыццяўленні грамадскага кантролю за прытрымліваннем заканадаўства па ахове працы гаварыў галоўны тэхнічны інспектар працы абкама прафсаюза Аляксандр Мотуз. У адпаведнасці з планам работы абкама прафсаюза, семінар-вучоба праводзіўся з удзелам прадстаўнікоў вучэбна-метадычнага аддзела РВМЦП УА «Міжнародны інстытут працоўных і сацыяльных адносін». Лекцыю на тэму «Здаровы псіхалагічны клімат – залог паспяховай работы» прачытала выкладчыца гэтай навучальнай установы Таццяна Пласцініна.

Падвёў вынікі семінара старшыня абкама прафсаюза работнікаў АПК Міхаіл Бода.

 

НА ПРАДСТАЎЛЕННЕ Ў СТАЛІЦУ

У лютым-сакавіку, акурат да дзяржаўных святаў Дня абаронцаў Айчыны і Дня жанчын, прафсаюзныя камітэты ААТ «Дзераўное», «Шашкі» і «Вялікі Двор» арганізавалі для сваіх работнікаў паездкі ў сталічны цырк. На прадстаўленне Маскоўскага цырка Нікуліна «Ледовая феерия» было набыта больш за 180 білетаў, палова з іх – прафкамам ААТ «Дзераўное». Вясковыя працаўнікі і іх дзеці засталіся вельмі задаволенымі. Падчас паездкі яны ўдзельнічалі і ў пазнавальнай экскурсіі.

Надзея БАТАЛКА, фота аўтара



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *