Вятры майго дзяцінства

Год малой родины Нумары

Маё далёкае дзяцінства было звязана з яздой на веласіпедзе. Мясцовыя жыхары веласіпед называлі роварам. У пасляваенны час (з сямі гадоў) я спраўна круціў педалі замежнага ровара, аглядаючы знаёмыя прасторы роднага кута.

Пасля вайны ў нашай вёсцы былі толькі два веласіпеды: у Аляксея Карпуця і ў нашай сям’і. Пры адступленні нямецкія салдаты пад пагрозай расстрэлу адбіралі ў насельніцтва ўсе транспартныя сродкі. Наш веласіпед, у разабраным выглядзе, быў надзейна схаваны ў розных месцах. Салдатам не ўдалося знайсці ніводнай дэталі ад веласіпеда, затое – забралі каня і калёсы.

Мы вельмі бераглі наш веласіпед. У той час я быў асноўным карыстальнікам гэтага цудоўнага транспартнага сродку. Ездзіў на ім у школу і пакідаў яго ў Захарэвічаў, дзе часта і кватараваў. Матуля пасылыла мяне ў бліжэйшыя вёскі па фарбы для нітак і іншыя гаспадарчыя патрэбы.

Пастух – чалавек, які пасвіць жывёлу. Такая чалавечая дзейнасць звязана з жывёлагадоўляй і мае карані далёкага мінулага ад паўночных да паўднёвых зямных шырот. Раней у беларускіх вёсках пастухі выконвалі гэты важны від дзейнасці і за кошт яго існавалі на белым свеце. За імі цягнуўся цэлы шлейф смешных і цікавых выпадкаў. Яны былі сувязным звяном для жыхароў вёскі.

Хутарское жыццё не давала магчымасці аб’ядноўваць жывёлу ў агульны статак, таму кожнаму гаспадару ці гаспадыні неабходна было мець свайго пастуха. Прыпамінаюцца цяжкія пасляваенныя гады, калі за яду і адзенне наймалі пастухоў з ліку бежанцаў: з Расіі, Украіны, Малдавіі… Мае бацькі нанялі пастуха Ваню Косціна, які разам са сваімі бацькамі, малодшай сястрой Груняй і маленькім брацікам мігрыравалі з горада Дзядзькава Бранскай вобласці. Для сям’і Косціных прыдаўся невялікі домік.

У вёсцы арганізоўвалі чэргі-адпаскі, але мелі і наёмных пастухоў тыя гаспадары, дзе дзеці былі малымі або ў дарослых не было магчымасці пасвіць агульны статак.

Выганаў і папараў для пасьбы дамашняй жывёлы (коней, кароў, авечак…) было недастаткова. Паша была лясістай і балоцістай, а таму пастухі павінны былі мець некаторыя навыкі ў гэтай справе, ведаць паводзіны важакоў статка. Багністыя мясціны, дрыгва стваралі шмат праблем не толькі для пастухоў. Добра, што ў такіх выпадках абыходзілася без ахвяр.

Калі было дажджлівае надвор’е і намакала адзенне (порткі, кафтаны, камізэлькі, шапкі, шкарпэткі ці анучы), пастухі насілі на дроце ў бляшанках гарачае вуголле для таго, каб хутчэй развесці касцёр на новым месцы. Дымам ад бляшанак насычалася пастухоўскае адзенне, але затое не назалялі камары. У цёплыя дні патрэба ў такіх бляшанках, па зразумелых прычынах, адсутнічала. Маім абавязкам лічылася прыносіць падсілкаванне для пастухоў і набірацца пастухоўскага вопыту.

З цягам часу хутары знікалі і тэрыторыя для пасьбы жывёлы пашыралася. На адкрытых участках статак быў добра бачны, а пастухі мелі магчымасць пагуляць у свае гульні: лапту, каменьчыкі, пікера… На Сёмуху пастухі плялі вянкі для кароў, за што атрымлівалі падарункі ад сваіх гаспадароў.

Пасляваенны час напамінаў аб сабе знаходкамі гільзаў ад патронаў, саржавелымі астаткамі зброі і ваеннай тэхнікі. Непадалёку ад чыгункі, на якунскім гасцінцы, стаяў падарваны нямецкі танк «тыгр». Пастухі майстравалі пнеўматычныя стрэльбы з маладых хвояў, выразалі на ліпавых ці асінавых кійках, абпаленых на агні, мудрагелістыя ўзоры і плялі прыгожыя кашы.

У гарачыя летнія дні яны паспявалі схадзіць на рэчку або паплаваць у мачыльні з назвай Чортавая міса.

Многія не мелі магчымасці прадаўжаць далейшую вучобу пасля заканчэння пачатковай школы.

– Калі гэта было? – спытаюцца ў мяне.

– Тады, калі дзьмулі вятры майго дзяцінства.

Рыхтуючы сябе да пастухоўскай дзейнасці, я дапамагаў маці даглядаць малодшага брата Валіка. Дзевяцігадовым падлеткам пасвіў сваіх дзвюх кароў (Малюту і Рабую) ды авечак. 18 мая 1948 года лёс падарыў мне яшчэ аднаго браціка – Іосіфа. Мы з бацькам ездзілі праз лес на нашу сенажаць, каб нарыхтаваць сена для жывёлы. Бацька часта касіў асаку на балоце. Асака была найлепшым кормам.

У хуткім часе былы пастушок Ваня Косцін разам са сваёй сям’ёй вярнуўся ў Бранскую вобласць. Кожную раніцу я самастойна выганяў на пашу нашых кароў-карміцелек.

Запомнілася песня пастуха-суседа Мікалая Гражынскага, якую ён вельмі гучна і часта спяваў.

Аднойчы, каб пацешыць сваіх дзяцей, наш бацька прывёз з івейскага рынку гармонік. Гэта стала лёсавызначальнай падзеяй для мяне і майго брата Валянціна, які ў сталым узросце закончыў Беларускую акадэмію музыкі, а я самастойна пачаў вывучаць нотную грамату і – таксама – атрымаў вышэйшую музычную адукацыю ў Маскве. 1948 год быў пачаткам суцэльнай калектывізацыі ў Заходняй Беларусі.

Гэтая падзея поўнасцю змяніла наш хутарскі ўклад жыцця.

У 1950 годзе я закончыў пачатковую школу і пачаў сваю вучобу ў гарадскім пасёлку Юрацішкі. Вятры дзяцінства змянілі свой кірунак у бок майго юнацтва. Далей быў пераезд у Стоўбцы, дзе прайшла большая частка майго жыцця.

Яўген КАРПУЦЬ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *