На карысць свайму гораду

Добраўпарадкаванне Нумары

280318

З раніцы ў мінулую суботу было мінус пяць, ды веснавое сонца хутка змяніла «надвор’е» раённага суботніка. Яно садзейнічала таму, каб работнікі ўсіх працоўных калектываў раёна пашчыравалі з энтузіязмам, добрым настроем, на карысць свайму гораду.

Паколькі гэта першы пасля зімы суботнік, то фронт работ у большасці яго ўдзельнікаў быў звязаны з уборкай пясчанага змёту на замацаваных вуліцах. Так, з мяцёлкамі і шуфлямі выйшлі на вуліцу Танкістаў паштавікі на чале з намеснікам начальніка Марынай Петух, на вуліцу Гагарына – дарожнікі ДБТ № 7 на чале з галоўным інжынерам Аляксеем Макаўчыкам, на вуліцу Першамайскую – камунальнікі на чале з начальнікам участка добраўпарадкавання Валерыем Красоўскім і т. п. Камунальнікаў можна было сустрэць і на многіх іншых участках – вуліцах Піянерскай і Задворанскай, плошчы Бессмяротнасці, аб’язной дарозе.

– Працуем згодна з планам мерапрыемстваў раённага суботніка. Выйшлі ўсе падраздзяленні прадпрыемства, усяго – 147 чалавек, – адзначыў начальнік службы адміністрацыйна-гаспадарчай і ідэалагічнай работы АКС Валерый Бохан. – Задзейнічана 12 адзінак тэхнікі – трактары, пагрузчыкі, самазвалы, аўтавышка.

Для тэхнікі камунальнікаў, як і для тэхнікі энергетыкаў, дарожнікаў і іншых арганізацый, знайшлася работа на вуліцах Адамовіча і Лёсіка, дзе вялася падсыпка праезджай часткі. Разраўноўваць пясок дапамагалі Аляксандр Мядзведзеў і Дзмітрый Бухавец, прадстаўнікі ўчастка цеплавых сетак АКС. Балазе, яны якраз тут і пражываюць, таму і сем’і выйшлі падтрымаць іх маральна. Дырэктар АКС Дзмітрый Мурын пад’ехаў на вуліцу Адамовіча, каб ацаніць якасць работ.

– Сёння зробім столькі, колькі паспеем, – заўважыў Дзмітрый Яраслававіч. – Астатнія работы па падсыпцы працягнем у іншыя дні.

Сезонныя работы актыўна праводзіліся ў парку «Дружба народаў», на вуліцы Ленінскай. Сярод тых, хто праводзіў абрэзку крон дрэў, была і брыгада Стаўбцоўскіх электрычных сетак на чале з майстрам Аляксандрам Дубатоўкам. «Работа нам знаёмая. Справімся!» – не сумняваецца малады майстар. Брыгада РЭСа на чале з майстрам Сяргеем Галавацкім працавала на абрэзцы дрэў на вуліцы Сацыялістычнай. Побач з аўтавышкай «дзяжурыў» трактар, куды згружалі галлё. Яго ўслед вывозілі. У цэлым па горадзе ў дзень суботніка працавала 10 адзінак тэхнікі энергетыкаў.        

Кіпела работа і на тэрыторыі пустых дамоў, пустыроў, прыдарожных палос. Відавочна, што зроблена шмат, але недастаткова для таго, каб гаварыць пра навядзенне парадку. Акрамя таго, ёсць участкі, дзе яшчэ ляжыць лёд, і яны таксама чакаюць сваёй чаргі.

Вынікі першага ў гэтым годзе (а ён адметны тым, што аб’яўлены ў нашай краіне Годам малой радзімы, для Стаўбцоўшчыны – 425-годдзем горада Стоўбцы) суботніка падвёў намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака:

– На ўсіх аб’ектах горада, якія былі вызначаны для правядзення работ, падчас суботніка наводзіўся парадак. У красавіку мы плануем добраўпарадкаванне вуліцы Набярэжнай з планіроўкай грунту, каб выключыць яе падтапленне. Абавязкова будуць яшчэ такія работы, як пасадка зялёных насаджэнняў і кветак.

Суботнікі прайшлі і ў сельскіх населеных пунктах раёна.        

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Абавязак домаўладальнікаў, якія пражываюць па асфальтаваных вуліцах з тратуарам, – падмятаць іх да восі праезджай часткі па ўсёй даўжыні ўчастка. Гэта варта рабіць пастаянна, без напамінку санітарнай службы.



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *