Прыём грамадзян у Новым Свержані

Добраўпарадкаванне Нумары

280318b

На мінулым тыдні старшыня райвыканкама Юрый Горлаў правёў выязны прыём у Навасвержанскім сельвыканкаме. Да яго звярнулася больш за 20 чалавек. Большасць узнятых імі пытанняў датычыла прывядзення ў парадак навасвержанскіх вуліц.

Напярэдадні прыёму на многіх з вуліц і завулкаў пабывалі супрацоўнікі райвыканкама (на некаторыя вуліцы спецыялісты выехалі пасля размоў з людзьмі), каб ацаніць іх рэальны стан і прыняць рашэнне адносна далейшага добраўпарадкавання. Актуальнасць гэтаму пытанню надаў у пэўнай ступені сезонны фактар – веснавая паводка. Новы Свержань, размешчаны на беразе Нёмана і яго прытока – Жацераўкі, традыцыйна знаходзіцца ў зоне рызыкі падтапленняў. Але сёлета характар паводкі з-за рэзкага раставання снегу выдаўся асабліва непрадказальным. Падобнае, як сцвярджаюць старажылы, назіралася ў 2010 годзе. На два праблемныя ўчасткі прыйшлося прыцягваць тэхніку ДРБУ № 135.

Ні горад, ні вёска

Дэлегацыі ў складзе Л. М. Крыт, Л. А. Кардзялюк і С. М. Ліхарад звярнуліся адносна добраўпарадкавання вуліц Лугавой, Мархачоўшчынскай, Лясной, Зарэчнай, В. П. Валіцкай і М. П. Стула – завулка Чыгуначнага, Н. І. Сасноўскай і А. П. Бельскага – завулка Ляснога, Г. А. Зубрыцкай і П. М. Драчова – вуліцы Мінскай і завулка Наднёманскага, Р. І. Хамо – вуліцы Савецкай. Юрый Віленчыц узняў пытанне ачысткі Жацераўкі па-за мостам, каб пры пад’ёме ў рацэ вады забяспечыць яе бесперашкоднае праходжанне. Яму, у былым – работніку МНС, падчас прыёму была выказана ўдзячнасць за актыўную пазіцыю і дапамогу ў ліквідацыі наступстваў сёлетняй паводкі. У сувязі з паводкай і надыходам вясны многія новасвяржане выказалі гатоўнасць выйсці на суботнік, каб навесці парадак на вуліцах сваёй малой радзімы.

– Я часта бываю ў Новым Свержані і бачу, якая тут сітуацыя з дарогамі, – адзначыў Юрый Горлаў. – Раней у райвыканкам ужо паступалі звароты ад новасвяржан. У Новым Свержані толькі дзве асфальтаваныя вуліцы – цэнтральная, якая з’яўляецца транзітнай дарогай рэспубліканскага значэння, і частка вуліцы Трактарнай (не так даўно заасфальтаваная). Ёсць планы добраўпарадкаваць пешаходную дарожку, па якой дзеці ходзяць у школу. Думаем над тым, каб асфальтаваць пад’езд да школы з другога боку – ад могілак. Але на гэта трэба праект. На яго выраб пойдзе не менш за паўгода. Трэба ўлічваць і тое, што ў бюджэце не закладзены сродкі на ўтрыманне вуліц сельскіх населеных пунктаў. Будзем шукаць крыніцу фінансавання, каб не былі пакрыўджаны жыхары Новага Свержаня. Гэта адзіны сельскі населены пункт, які, у адрозненне ад вуліц аграгарадкоў, не знаходзіцца на балансе аб’яднання камунальных службаў. З першачарговых задач – забяспечыць на праблемных участках вуліц спуск вады і, з надыходам спрыяльнага перыяду, заняцца грэйдзіраваннем вуліц і завулкаў. Што датычыць прапановы ачысткі Жацераўкі ў рысе Новага Свержаня, то райвыканкам выказаў гатоўнасць зрабіць заказ у спецыялізаваную арганізацыю на выраб праекта, каб уключыць яго ў праграму наступнага года, – падкрэсліў Юрый Горлаў.  

У ажыўленым, насычаным транспартнымі сродкамі Новым Свержані людзі прасілі грэйдзіраваць дарогі кожны месяц. Аднак работы па прафіляванні вуліц будуць выконвацца дарожнікамі па меры неабходнасці. Пакуль у раёне недастаткова грэйдараў – у дарожнікаў і камунальнікаў іх сем, патрэбна як мінімум яшчэ чатыры адзінкі.  

Старшыні сельвыканкама Анатолю Богдану дадзена даручэнне адпрацаваць з людзьмі ўсе неабходныя пытанні па адводзе вады, ДАІ – разабрацца з велікагрузным транспартам, які паркуецца на вуліцы Зарэчнай, і разгледзець пытанне аб устаноўцы там дарожнага знака аб забароне руху грузавога транспарту. «Гэты транспарт разбівае вуліцу», – узняў праблему старшыня.

Н. А. Богдан працягнула тэму добраўпарадкавання, вырашэння смеццевай праблемы ў лясным масіве Сінява, вакол Новага Свержаня. Пакеты са смеццем валяюцца акурат на пад’ездзе да палігона цвёрдых бытавых адходаў.

– Парадак навядзём, – запэўніў Юрый Горлаў. – Даручым лясгасу, падключым насельніцтва.

Прагучала і слушная прапанова: калі парушэнні носяць масавы характар, чаму б не ўстанавіць на гэтай дарозе «фоталавушку»?

Юрый Горлаў, выслухаўшы грамадзян, даў даручэнне адказным службам вывучыць сітуацыю са станам вулічна-дарожнай сеткі не толькі ў Новым Свержані, а і ў цэлым па раёне і скласці графік чарговасці рамонту. Да 1-га мая гэты графік будзе надрукаваны ў раённай газеце.        

Мець рабочае месца  

Акрамя добраўпарадкавання, старшыні райвыканкама паступілі і іншыя пытанні. Некаторыя, як, да прыкладу, з закрыццём у Новым Свержані камунальнай лазні, нічым не абгрунтаваныя (лазня з парылкай, душам, гандлёвай кропкай працуе і яе ніхто не збіраецца закрываць), а ёсць і жыццёва важныя.

Жыхары, якія атрымліваюць ваду з воданапорнай вежы на тэрыторыі школы, паскардзіліся на яе дрэнную якасць. «Нарматыў па ўтрыманні ў вадзе жалеза перавышаны ў два разы», – пацвердзіла і прадстаўніца санітарнай службы Алена Лойка.

– Мы будзем будаваць станцыю абезжалезвання, але ў першую чаргу – у Вішняўцы, – патлумачыў Юрый Горлаў. – У гэтым населеным пункце сітуацыя з жалезам у вадзе больш крытычная. Кошт станцыі перавышае 100 тысяч рублёў. Выкарыстоўвайце для ачысткі фільтры, яны не такія дарагія, – параіў старшыня.

А. М. Манак (вуліца Трактарная, 12) звярнуўся па пытанні капітальнага рамонту дома. Яму ўжо 52 гады, ёсць праблемы з дахам, фундаментам. «Выехаць на месца і вызначыць аб’ём неабходных работ. Ухіліць цечы на даху», – старшыня даў даручэнне дырэктару АКС Дзмітрыю Мурыну. Гэты дом АКС прыняў ад райаграсэрвіса на свой баланс у 2015 годзе. Было патлумачана і тое, што заяўкі адносна цечаў і вырашэння іншых камунальных пытанняў варта своечасова падаваць у дыспетчарскую службу прадпрыемства.  

А. М. Крамсаева выказала зацікаўленасць у хутчэйшым завяршэнні рамонту на прахадной ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс». Жанчына працуе вартаўніком, фактычна не мае рабочага месца. «Рамонт неабходна завяршыць у кароткія тэрміны – да 1-га мая», – акрэсліў задачу перад дырэктарам прадпрыемства кіраўнік раёна.

Адносна рабочага месца і работы былі і яшчэ два звароты – ад В. І. Навумовіч і Т. Г. Атрушкевіч. В. І. Навумовіч прасіла дапамагчы з працаўладкаваннем на Навасвержанскі лесазавод. Ёй, маладой матулі з двума дзецьмі, было б зручна працаваць побач з домам. Служба занятасці прапанавала жанчыне вакансію з улікам яе спецыяльнасці маляра-тынкоўшчыка ў РБУ. Гэтае будаўнічае прадпрыемства працуе ў межах раёна, прыбыткова. Шматдзетная матуля Т. Г. Атрушкевіч, якая адна выхоўвае пяцёра дзяцей, прасіла садзейнічання, каб наймальнік, Навасвержанскі лесазавод, прадаставіў ёй магчымасць дадатковага заробку ў выхадныя дні, падчас начных змен (за дзецьмі ёсць каму прыглядзець). Старшыня райвыканкама даручыў дырэктару лесазавода Віктару Лужкоўскаму разгледзець просьбу работніцы і ў рамках закона прадаставіць ёй магчымасць папоўніць бюджэт вялікай сям’і.

Прыём прайшоў канструктыўна і дапамог жыхарам Новага Свержаня вырашыць многія набалелыя пытанні. Разгледжаны і пытанні грамадзян, якія прыйшлі на прыём без папярэдняга запісу.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *