На фермах

Нумары Сельская гаспадарка

ДБАЙНЫЯ СПЕЦЫЯЛІСТЫ

Менавіта ад умелай работы тэхніка-асемянатара, ад яго адносін да даручанай справы залежыць паспяховая работа сельгаспрадпрыемства ў вытворчасці малака і мяса. Гэтыя спецыялісты закладваюць аснову і на будучае – больш будзе атрымана цялят, складуцца лепшыя ўмовы для павелічэння надояў і прываг прадукцыі фермаў. У райплемстанцыі адзначаюць, што ў мінулым годзе спрацавалі на ўзроўні і дасягнулі вышэйшых паказчыкаў па выхадзе цялят на 100 кароў і цялушак тэхнікі па штучным асемяненні Святлана Даргевіч і Валянціна Мусік (ТАА «СЖК «Налібакі»), Іна Крывель (ААТ «Агранёманскі»), Валянціна Паляшчук (ААТ «Каганец»), Лідзія Бусько (ААТ «Шашкі»), Анатолій Ажгірэвіч, Вольга Ермаковіч, Аляксандр Курловіч (ААТ «Вішнявецкі-агра»), Марыя Руч’ёва (ААТ «Дзераўное»).

 

ЛІДЗІРУЕ ЛЮДМІЛА ЗЯНЬКО

Аператары машыннага даення МТФ «Залужжа» ААТ «Агранёманскі» Людміла Зянько, Тамара Патапава і Іна Дзядовіч – у першай тройцы лідараў па колькасці атрыманага з пачатку года ад кожнай каровы сваёй групы малака. За два месяцы кожная прыбавіла больш за паўтону. Не саступае па гэтым паказчыку лідарства Людміла Зянько, якая надаіла 1759 кілаграмаў. У яе каляжанак таксама даволі высокія паказчыкі – адпаведна 1666 і 1628 кілаграмаў малака. Наступныя тры месцы – за працаўніцамі ТАА «СЖК «Налібакі» Аленай Гаптар, Святланай Бабрыковіч і Ганнай Саланкевіч. Ненамнога адсталі ад іх Нона Філіна (ААТ «Агранёманскі) і Наталля Банадысева (ТАА «СЖК «Налібакі»). У дзясятцы мацнейшых таксама Таццяна Чэмка і Аксана Маліноўская з ААТ «Каганец».

 

СТАРАННЫЯ ЦЯЛЯТНІЦЫ

Паступова нарошчваюцца паказчыкі ў мясным цэху ААТ «Вішнявецкі-агра». Сярэднясутачныя прыбаўленні ў вазе жывёлы практычна дасягнулі шасцісот грамаў. І ў гэтым немалая заслуга аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы Галіны Загуста і Святланы Дзявойна. Жанчыны працуюць на МТК «Вішнявец» і вызначаюцца асаблівай стараннасцю. Удзвюх яны даглядаюць і кормяць звыш 180 цялят. З пачатку года маленькія гадаванцы ў іх групе прыбываюць за суткі на 1150 грамаў кожны – гэта на 323 грамы больш за леташні вынік. За сваю рупнасць цялятніц неаднаразова ўшаноўвалі на розных узроўнях, іх паважаюць у калектыве за стараннасць і добразычлівасць. Дарэчы, Святлана Дзявойна сёлета прымала ўдзел у раённым Свяце працы.

Надзея БАТАЛКА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *