Паважаныя жыхары Стоўбцаў і Стаўбцоўшчыны! Выйдзем насустрач Вялікадню

Добраўпарадкаванне Нумары

310418b

2018 год абвешчаны Годам малой радзімы. Яна ёсць у кожнага з нас, прыцягвае да сябе і натхняе. Гэта можа быць горад, а ў ім – родная вуліца, двор. Або вясковы дом з вокнамі ў сад, дзе мы нарадзіліся і працягваем жыць і працаваць.

Давайце праявім клопат пра сваю малую радзіму, і, напярэдадні самага доўгачаканага свята – Светлага Вялікадня, – разам з чысцінёй думак, душы і сэрца ўнясем чысціню і парадак у нашы дамы і навокал.

Для гэтага ачысцім прылеглую тэрыторыю, уключаючы зялёную зону і пешаходную дарожку каля дома, ад дробнага бытавога смецця, вулічнага змёту, леташняга лісця і т. п. Навядзем парадак на прысядзібнай тэрыторыі, упарадкуем захоўванне матэрыялаў, якія не выкарыстоўваюцца, пакінуты ў запас. Падрамантуем і пафарбуем плот. Не будзем абыякавымі і дапаможам навесці парадак тым, хто пражывае з намі па суседству, пажылым і адзінокім людзям.

Не забудзьце пра чысціню на ўчастках, што выдзелены для будаўніцтва, прывядзіце ў парадак домаўладанне, якое дасталося ў спадчыну.

Па пытанні вывазу габарытнага смецця, будаўнічых і іншых адходаў неабходна звяртацца ва УП «Стаўбцоўскае АКС» (тэл. для даведак 7-82-62).

Упэўнены, што мы ўсе пакажам сябе сапраўднымі руплівымі гаспадарамі на роднай зямлі!

Ігар КУНЦЭВІЧ, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна

 

РАЗВІТАЦЦА З НАСТУПСТВАМІ ЗІМЫ

Надыходзіць Вялікдзень, і, хоць вясна не спяшаецца ўступаць у свае правы, пастаўлена задача акурат да вялікага хрысціянскага свята развітацца з наступствамі зімы, а калі дакладней, з яе пясчанымі бруднымі слядамі.

У мінулую суботу стаўбчан паклікаў першы ў гэтым годзе суботнік. Агульнымі намаганнямі працоўных калектываў нямала зроблена па ўборцы вулічнага змёту, аднак далёка не ўсе гарадскія вуліцы выглядаюць належным чынам, што і засведчыў аб’езд санітарнай камісіі ў складзе начальніка аддзела ЖКГ райвыканкама Любові Жыбуль, памочніка ўрача-гігіеніста раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Анастасіі Карнеевай і карэспандэнта газеты.

Работы ў гэтым напрамку працягваюцца. Акцэнт варта зрабіць на асобных вуліцах з прыватнай забудовай, аснашчаных тратуарамі. У рашэнні райвыканкама не прадугледжана іх замацаванне за прадпрыемствамі, і ў сувязі з гэтым відавочна – без актыўнага ўдзелу домаўладальнікаў парадак у горадзе не навесці. На раскачку няма часу, таму кожнаму варта знайсці магчымасць і пашчыраваць на прылеглай да дома тэрыторыі. Непрыбраны пясок псуе не толькі агульную карціну вуліцы, а і працу гаспадыні здольны зрабіць безвыніковай: пры парыве ветру ён пылам пакрывае вокны, з абуткам заносіцца ў двор і т. п.

З мэтай актывізацыі домаўладальнікаў для навядзення парадку ў сваіх дварах і на прылеглай тэрыторыі, санітарная служба распрацавала лістоўку-заклік. З дапамогай паштальёнаў гэтая лістоўка дайшла да многіх жыхароў нашага раёна.

Падчас аб’езду, дарэчы, ужо знайшліся прыклады гаспадарлівых домаўладальнікаў, якія не чакаюць нічыіх напамінкаў, а цвёрда ведаюць і выконваюць свае абавязкі. Так, можна палюбавацца на акуратныя тэрыторыі каля дамоў №№ 51, 65 на вуліцы Сацыялістычнай. І так у іх – з году ў год. Звярнуў увагу і дом на рагу вуліцы Таварнай, дзе гаспадары падтрымліваюць у чысціні прылеглую тэрыторыю і ў свой час аздобілі яе пасадкамі ядлоўцу. Своеасаблівая вечназялёная зона на рагу дзвюх вуліц – цудоўны і, самае галоўнае – даступны, варыянт добраўпарадкавання.

На суботніку на замацаваных вуліцах добра папрацавалі работнікі аўтапарка № 17, ТАА «Стоўбцыгазбуд», упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, Стаўбцоўскай ПМК. Праўда, пясок ізноў з’явіўся на вуліцах Ленінскай і Міру – ён вывозіцца на колах аўтамабіляў з будаўнічых пляцовак.  

Падмятанне горада – бягучая актуальная задача (сітуацыя змяняецца літаральна кожны дзень), а якія яшчэ факты трапілі ў поле зроку санітарнай камісіі? Прэтэнзіі ўзніклі да аб’яднання камунальных службаў пасля таго, як на ўездзе ў мікрараён Усходні сустрэла перапоўненая кантэйнерная пляцоўка. Побач з ёй гаспадарыў сабака. З разарваных пакетаў смецце расцягнута і разнесена ветрам па ўсім бліжэйшым пустыры.

Смецце праз край кантэйнераў і на пустыры, што суседнічае з домам сямейнага тыпу. Забруджана кантэйнерная пляцоўка на вуліцы Зялёнай. Шматпавярховы жылы мікрараён па вуліцы Міру ў цэлым выглядае прыбраным, але ёсць і адзінкавыя негатыўныя факты (да прыкладу, перапоўненыя кантэйнеры ля ЖБК «Кристалл»). Кінуліся ў вочы папяровыя і пластыкавыя «падснежнікі», што праглядаюцца з ляснога масіву ўздоўж вуліцы Стаўбцоўскай.

Уздоўж чыгункі яшчэ не прыбраны адкосы. На тэрыторыі, прылеглай да яе, у раёне вуліцы Свярдлова, скінута галлё і струхлелыя раслінныя рэшткі. Хто іх пакінуў: чыгуначнікі, ці жыхары бліжэйшых дамоў знеслі непатрэбнае сюды, пад бетонную агароджу?!. Галлём была ўслана абапал цэнтральная пешаходная дарожка ў парку «Дружба народаў», аднак гэта, трэба спадзявацца, гаворыць пра інтэнсіўнасць праведзенай тут абрэзкі дрэў.

Наведзены парадак вакол пустых дамоў па завулку Палявым,34 (РБУ), завулку 17 Верасня, 10 (РЭС), вуліцы Якуба Коласа, 78 (АКС).

Вясна заклікае быць працавітымі і нераўнадушнымі.

На здымках: на вуліцы Сацыялістычнай ёсць у каго павучыцца; зялёная зона на вуліцы Таварнай; смеццем сустракае ўезд у мікрараён Усходні; куча галля – ля агароджы чыгункі.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *