Стоўбцы прызнаны сталіцай духавой музыкі вобласці

Культура Нумары

310418c

У Стоўбцах 15-16 сакавіка адбылася культурная падзея міжнароднага маштабу – прайшоў І Міжнародны форум духавога мастацтва «Фанфары Наднямоння-2018». Для тых, для каго гэтая падзея засталася незаўважанай, хто па нейкіх прычынах не змог дакрануцца да высокага мастацтва, мы праводзім інтэрв’ю з арганізатарам гэтага форуму, мастацкім кіраўніком і дырыжорам заслужанага калектыву Рэспублікі Беларусь духавога аркестра «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў Аляксандрам Нічыпаровічам.

–             Аляксандр Анатольевіч, прысутнасць на форуме Нацыянальнага тэлебачання, журналістаў рэспубліканскіх друкаваных СМІ сведчыць аб тым, што гэта падзея не толькі для нашага горада, але і для рэспублікі ў цэлым. Што ўяўляў сабою міжнародны форум?

–             Да правядзення форуму супрычыніліся прадстаўнікі Міжнароднай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў (WASBE-UNESCO), Сусветнай Гільдыі трубачоў ITG, вядучых замежных і беларускіх спецыялістаў духавога мастацтва. Праграма форуму ўключала некалькі ключавых мерапрыемстваў – навукова-практычную канферэнцыю, канцэрт «Парад еўрапейскіх дырыжораў» і конкурс юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах. На форум прыбылі дырыжоры з сусветнымі імёнамі з сямі краін свету: прэзідэнт фестываляў і конкурсаў Даўгаўпілскага краю (Латвія) Сподрыс Качанс; заслужаны работнік культуры Польшчы, магістр музычнай педагогікі, кавалер ганаровага знака асацыяцыі духавых аркестраў Польшчы, дырыжор духавога аркестра Дома культуры г. Лобеза Дарыуш Адам Ледзіён; дацэнт, дырыжор канцэртнага духавога аркестра Белгарадскай дзяржаўнай філармоніі (Расія) Юрый Меркулаў; саліст дзяржаўнага аркестра духавых інструментаў Літвы, выкладчык Уладзімір Школьны; доктар мастацтвазнаўства, прафесар, г. Шчэцін (Польшча) Багдан Матлаўскі; дырыжор духавога аркестра, выкладчык музыкі г. Афула (Ізраіль) Самуіл Хагін; старшыня праўлення Беларускай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, член Сусветнай Гільдыі трубачоў ITG Аляксандр Карацееў; народны артыст Беларусі, дацэнт Беларускай акадэміі музыкі Міхаіл Берсан; дацэнт ваенна-дырыжорскай кафедры ваеннага ўніверсітэта Міністэрства абароны Расійскай Федэрацыі Ігар Цупікаў; доктар музыкі, дырыжор духавога аркестра і біг-бэнда, прафесар універсітэта імя Адама Міцкевіча г. Познань (Польшча) Міраслаў Кардоўскі; дырыжор народнага духавога аркестр Істрынскага дома культуры (Расія) Юрый Здрогаў; заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, кампазітар, дырыжор і саліст Нацыянальнага акадэмічнага народнага аркестра Беларусі імя Іосіфа Жыновіча Аляксандр Крамко; кампазітар, прафесар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў Ігар Мангушаў. Усе яны падрыхтавалі даклады на міжнародную навукова-практычную канферэнцыю, якая прайшла ў Стаўбцоўскай дзіцячай школе мастацтваў. Былі абмеркаваны актуальныя пытанні выканальніцтва і музычнай педагогікі духавога мастацтва. Выказвалася аднадушная думка, што працэс развіцця духавога мастацтва не можа адбывацца ў замкнутай культурнай прасторы адной краіны. Такія міжнародныя форумы, як гэты, які прайшоў у Стоўбцах, даюць магмымасць неабходнага абмену вопытам работы ў розных кірунках, спрыяюць творчым кантактам са спецыялістамі замежных краін. Усе гэтыя дырыжоры – яшчэ і выкладчыкі-практыкі ў акадэміях музыкі, універсітэтах, музычных каледжах, школах мастацтваў. Яны падзяліліся неацэнным вопытам выкладчыцкай дзейнасці. Вядучыя спецыялісты духавога мастацтва правялі майстар-класы.

–             Аляксандр Анатольевіч, прыемна было чуць радасныя водгукі стаўбчан, якія прысутнічалі на канцэрце «Парад еўрапеўскіх дырыжораў», што яны ў поўнай красе маглі ўбачыць заслужаны духавы аркестр «Віціны». Для многіх стала адкрыццём, што ў Стоўбцах ёсць калектыў такой прафесіянальнай вышыні. Аднак гэта ж быў не толькі канцэрт на сцэне раённага Цэнтра культуры.

–             Так, гэта быў парад дырыжораў з розных краін свету. Нам вельмі прыемна, што форум ушанавалі сваёй увагай прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, упраўлення культуры Мінскага аблвыканкама, Беларускага саюза музычных дзеячаў, Беларускай асацыяцыі духавых аркестраў і ансамбляў, Асацыяцыі выканаўцаў на духавых інструментах. Былі зачытаны прывітальныя адрасы ўдзельнікам Міжнароднага форуму міністра культуры Рэспублікі Беларусь, старшыні Беларускага саюза музычных дзеячаў, рэктара Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, кіраўніцтва Мінскага аблвыканкама. З заслужаным калектывам Рэспублікі Беларусь духавым аркестрам «Віціны» Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў масцітыя дырыжоры з розных краін правялі майстар-класы. Гэта быў сапраўдны трыумф духавога мастацтва, гледачы атрымалі задавальненне ад высокага выканальніцкага майстэрства калектыву пад кіраўніцтвам вопытных прафесіянальных дырыжораў. Прагучалі нацыянальныя творы розных краін, іх аранжыроўкі.

–             Наколькі парадавалі членаў журы з ліку шаноўных гасцей-дырыжораў удзельнікі конкурсу юных выканаўцаў на духавых інструментах?

–             У конкурсе юных выканаўцаў на духавых і ўдарных інструментах прынялі ўдзел больш за 130 юных музыкантаў – з усіх абласцей нашай краіны, Мінска, а таксама з Расіі, Польшчы, Літвы, Латвіі. Праслухоўванне праходзіла на чатырох пляцоўках – у школе мастацтваў і ў раённым Цэнтры культуры. Удзел у конкурсе бралі выканаўцы ва ўзросце ад 8 да 25 гадоў. Гэта былі не толькі выхаванцы школ мастацтваў, але і навучэнцы музычных каледжаў, Акадэміі музыкі, універсітэта культуры і мастацтваў. Падрыхтоўка юных музыкантаў была настолькі высокай, што прыйшлося зацвердзіць некалькі гран-пры – іх заваявалі дзевяцігадовы трубач з Латвіі, флейтыстка з Дзяржынска, тубіст з Баранавіцкага каледжа, саксафаніст з Мінска. Выкладчыкі школ мастацтваў з усёй рэспублікі па-добраму зайздросцілі, што Стаўбцоўская школа мастацтваў сумела выставіць на конкурс 20 юных выканаўцаў з высокай падрыхтоўкай. У гэтым пастараліся выкладчыкі духавога аддзялення – А. Нічыпаровіч, У. Татарыцкі, Р. Бець, Д. Вяршэня, Ю. Князюк, С. Лубчонак, У. Рэцкі.

У выніку нашы вучні заваявалі лаўрэацкі дыплом І ступені, тры лаўрэацкія дыпломы ІІ ступені, сем лаўрэацкіх дыпломаў ІІІ ступені. Акрамя гэтага ёсць пяць дыпламантаў І ступені, два дыпламанты ІІ ступені і столькі ж – дыпламантаў ІІІ ступені. Вялікі ўклад у паспяховае выступленне вучняў уклалі канцэртмайстры Н. Сінягуб, В. Ляхоўская, Л. Новікава, Л. Тукач.

–             І які далейшы лёс Міжнароднага конкурсу «Фанфары Наднямоння»?

–             Прадстаўнікі вышэйстаячых арганізацый далі высокую ацэнку Міжнароднаму музычнаму форуму на Стаўбцоўшчыне. Стоўбцы былі названы сталіцай духавой музыкі Міншчыны. Прынята рашэнне, што Міжнародны конкурс «Фанфары Наднямоння» стане традыцыйным, будзе праводзіцца раз у два гады і чаргавацца з яшчэ адным значным конкурсам духавой музыкі – «Залатая труба» імя І. С. Янкоўскага. Імя Івана Сцяпанавіча, майго выкладчыка і многіх іншых яго паслядоўнікаў на Стаўбцоўшчыне, увекавечана ў гэтым конкурсе, які з кожным годам пашырае геаграфію ўдзельнікаў і іх колькасць.

Спадзяёмся і верым, што і конкурс духавога мастацтва «Фанфары Няднямоння» будзе славіць наш край і надаваць прэстыж і вагу культурнай Стаўбцоўшчыне. Хачу выказаць вялікую ўдзячнасць усім дырыжорам, некаторыя з якіх пераадолелі тысячы кіламетраў, за тое, што яны ўшанавалі форум сваім прыездам і плённай работай на ім. Форум не адбыўся б без падтрымкі райвыканкама, асабістага ўдзелу начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Алены Суднік. Вялікая работа па прыёме шматлікіх гасцей выпала на педагагічны калектыў Стаўбцоўскай дзіцячай школы мастацтваў. Усе дастойна справіліся з гэтай задачай, каб у гасцей з іншых краін свету засталіся ад Стоўбцаў прыемныя ўражанні.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Аляксандра ПЯТРОВА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *