95-ы дзень нараджэння: па жыцці з аптымізмам

Людзі і лёсы Нумары Соцыум

Да ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Андрэя Турко з вёскі Ператокі завітала вялікая дэлегацыя гасцей. Андрэю Лук’янавічу ў сакавіку споўнілася 95!

Цудоўны юбілей сабраў у яго доме старшыняў раённай ветэранскай арганізацыі Наталлю Лапко і Старасвержанскага сельвыканкама Марыну Таяноўскую, прадстаўнікоў райваенкамата, ААТ «Агранёманскі», Старасвержанскага цэнтра культуры. Пад песні ваенных гадоў у выкананні мясцовых артыстаў кожны выказаў шаноўнаму ветэрану, у якога ўсе грудзі ў медалях і ордэнах, словы глыбокай павагі і прызнання. Для яго і ў яго гонар былі падрыхтаваны кветкі, віншавальны адрас, падарункі… Сваё мірнае працоўнае жыццё Андрэй Лук’янавіч цалкам прысвяціў калгасу, і ААТ «Агранёманскі» не забывае пра такі ўклад. А сам ён імкнецца заставацца аптымістам, жыць з верай у заўтрашні дзень. Андрэем Лук’янавічам і яго жонкай, інвалідам першай групы па зроку, апякуецца сын.

Цёплая дамашняя абстаноўка толькі падкрэсліла значнасць пражытых ветэранам гадоў і перажытага ім. Яго багатая жыццёвая біяграфія змяшчае амаль цэлы век, эпоху адкрыццяў і падзей.

– Андрэй Лук’янавіч – мясцовы, ператоцкі жыхар. Партызаніў, а потым быў прызваны ў армію. Дэмабілізаваўся ў званні старшыны, – удакладняе старшыня пярвічнай ветэранскай арганізацыі Старасвержанскага сельсавета Уладзімір Шчарбацэвіч. – Наш Лук’янавіч усё жыццё быў шчырым работнікам. Увіхаўся жывёлаводам-пастухом. Быў у пашане. Да пасады ён не рваўся, а стараўся працаваць.

Сёння на тэрыторыі сельсавета засталося ўсяго шэсць удзельнікаў вайны. Акрамя жыхара Ператокаў Андрэя Лук’янавіча Турко, пражывае ў Вечатарове Іван Віктаравіч Булаш, у Залужжы – Уладзімір Васільевіч Санько, у Казейках – Барыс Міхайлавіч Усачоў, у Новай Вёсцы – Мікалай Іванавіч Гутко і Сяргей Сцяпанавіч Хмель. У апошнія гады пераехаў са Старога Свержаня ў Стоўбцы, да сына, шаноўны ветэран Сямён Мікалаевіч Стома. Дай Бог кожнаму з іх моцнага здароўя і даўгалецця!

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *