Дзе знаходзяцца ключы бяспекі

Апавяшчальнік. Служба 101, 112 Нумары РАНС інфармуе

Чарговае пасяджэнне раённай камісіі па надзвычайных сітуацыях пачалося з разгляду пазапланавага пытання, якое абумоўлена наступствамі жудаснай трагедыі ў расійскім горадзе Кемерава.

У гандлёвым цэнтры «Зімняя вішня» здарыўся пажар, падчас якога загінулі 64 чалавекі, у тым ліку 41 дзіця. Прэзідэнтам Беларусі дадзена даручэнне адносна правядзення на тэрыторыі рэспублікі праверак і маніторынгаў аб’ектаў з масавым і кругласутачным знаходжаннем людзей, а таксама аб’ектаў з патэнцыйнай рызыкай для людзей.

Як адзначыў старшыня раённай камісіі, намеснік старшыні райвыканкама Аляксандр Цывака, у рамках даручэння ў Стоўбцах ужо адпрацаваны два магазіны «Еўраопт» і гандлёвы цэнтр «Арманда». Не абышлося без недахопаў, але ўсе пытанні не крытычныя. Вызначаны самыя сціслыя тэрміны для ўхілення выяўленых хібаў. На гэтым тыдні працягнуліся адпрацоўкі ведамасных інтэрнатаў, бальніцы і т. п., усяго ў спісе значацца два дзясяткі аб’ектаў.

Падчас праверак асаблівая ўвага звяртаецца на стан шляхоў эвакуацыі. Яны павінны быць даступнымі для выхаду пастаянна (для гэтага ключ варта замяніць шпінгалетам). У праверку таксама ўключана правядзенне эвакуацыі ў рэальных умовах з выкарыстаннем дымавога эфекту. «Будзьце гатовы да правядзення трэніровак па эвакуацыі ў тым ліку і ў начны час», – папярэдзіў суб’екты гаспадарання начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Валерый Ілюшын.

Раённы аддзел па надзвычайных сітуацыях ажыццяўляе пастаянны кантроль за ўхіленнем недахопаў. У сувязі з тым, што адна з асноўных версій кемераўскай трагедыі – кароткае замыканне сілавога кабелю, акцэнт зроблены і на праверцы электрабяспекі аб’ектаў.            

У цэнтры пасяджэння раённай камісіі былі пытанні пажарнай бяспекі, звязаныя з чарговым пажаранебяспечным перыядам. Пра яго надыход яскрава сведчаць штодзённыя выезды выратавальнікаў на загаранне сухой травы, выпальванне ржышча. Па гэтай прычыне ў Аталезі загарэліся пабудовы. У Ваўкавыскім раёне Гродзенскай вобласці пры выпальванні расліннасці загінуў чалавек. Падобныя выпадкі ў мінулыя гады былі і ў нашым раёне.

Не дапусціць загаранняў і гібелі людзей у пажаранебяспечны перыяд – такая задача пастаўлена ўрадам краіны перад суб’ектамі прафілактыкі, землекарыстальнікамі. І ў яе выкананні вялікае значэнне мае растлумачальная работа сярод насельніцтва, а таксама ўзровень выканальніцкай дысцыпліны.  

– Забаронена спальванне расліннасці, палы ржышча. Захаванне правілаў пажарнай бяспекі – першая ўмова пры наведванні лясоў, тарфяных масіваў. У жылым сектары кастры дапускаюцца пры ўмове захавання ўсіх мер бяспекі, – нагадаў Валерый Ілюшын.

А ўвогуле смецце, іншыя адходы лепш за ўсё вывозіць – для гэтага ў домаўладальнікаў і суб’ектаў гаспадарання заключаны дагаворы з аб’яднаннем камунальных службаў. Нельга забываць, што ў выпадку пажару выдаткі на яго тушэнне спаганяюцца з землекарыстальніка.  

На пажаранебяспечны перыяд у раёне створана рабочая група, якая выконвае каардынуючую функцыю. Распрацаваны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы сіл і сродкаў да пажаранебяспечнага перыяду.

Да прысутных даведзена інфармацыя рэспубліканскай камісіі па надзвычайных сітуацыях аб бяспечнай эксплуатацыі сістэм газазабеспячэння, праверцы стану дымавых і вентыляцыйных каналаў.  

Таццяна ПЯТКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *