Эксклюзіў ад лепшага повара

Нумары У калектывах Стаўбцоўшчыны

040418b

Не адзін раз даводзілася чуць, што лепшыя павары – з ліку мужчын, хоць прафесія гэтая мае жаночы твар. Магчыма, у сталічных рэстаранах нацыянальнай кухні розных краін і пераважаюць сярод кулінараў прадстаўнікі моцнай палавіны. А вось у нашым горадзе – такіх адзінкі. Повар піцэрыі «Ветразь» Сяргей Корань, аднак, звярнуў нашу ўвагу не толькі па гэтай прычыне. А як пераможца конкурсу прафесійнага майстэрства «Лепшы повар-2017» у Мінскай вобласці і як лаўрэат трэцяй ступені ў рэспубліканскім конкурсе, што адбыўся ў горадзе Кіраўску.

На кулінарны паядынак з’ехаліся лепшыя павары краіны. І адваяваць у іх «золата» і «бронзу» было вельмі няпроста. Сціплы і нешматслоўны Сяргей Корань аб конкурсе гаворыць скупа. Канкурсантам прыйшлося прыгатаваць кулінарны эксклюзіў па прынцыпе «чорнай скрынкі» – выцягнуць жэрабя і выбраць набор прадуктаў для аўтарскіх страў, паўдзельнічаць у конкурсе «Майстар Пельменыч».

Пра Сяргея больш расказалі нам яго калегі з піцэрыі. Мы даведваемся, што ён плённа працуе – рыхтуе стравы згодна са штодзённым меню. Піцэрыя знаходзіцца на аўтамабільнай трасе, і тут прыпыняюць свой транспарт, заходзяць падсілкавацца праезджыя. Напружаныя дні, калі патрэбна абслугоўваць банкеты, іншыя заказныя мерапрыемствы. Акрамя гэтага, повар штодзённа выконвае вялікі аб’ём работы па прыгатаванні ўручную дамашніх пельменяў для прадпрыемстваў грамадскага харчавання, кулінарыі, робіць таксама дамашнія каўбасы для рэалізацыі ў ведамасных гандлёвых кропках спажывецкай кааперацыі, буфетах, якія працуюць у арганізацыях. Ну і вядома ж, ён – прызнаны майстар піц. Многія аматары гэтай стравы прызналі, што піцы ў «Ветразі» – самыя смачныя ў горадзе.

У Год малой радзімы прыемна адзначыць, што Сяргей Корань – стаўбчанін, закончыў сярэднюю школу № 2. На сваім рабочым месцы ён можа рабіць вялікі ўклад у скарбонку нацыянальнай культуры, ва ўсёй смакаце і разнастайнасці прапагандуючы стравы беларускай кухні.

Пасля атрымання спецыяльнасці тэхніка-тэхнолага і повара ў Мінскім каледжы ён ужо каля дзесяці гадоў самастойна працуе. Выбар прафесійнай сцяжыны для яго быў усвядомленым, узважаным. Лічыць, што вельмі важна ў жыцці правільна выбраць прафесію, не памыліцца. З гэтым яму пашанцавала. Прафесія повара для яго стала рэалізацыяй творчых задум, уменняў яго рук. Гэта прафесія, на якую ўскладваецца важная задача – стварыць настрой. Што казаць, нават на ўзроўні рэспублікі прызнана, што Сяргей Корань – адмысловы майстар.

Гаворым Сяргею, што, пэўна ж, яго жонцы пашанцавала мець уласнага повара. У адказ пачулі, што ён вельмі любіць, калі яму гатуе жонка. Вольга знаходзіцца цяпер у дэкрэтным адпачынку, у сям’і растуць двое дзетак. І Сяргея дома заўсёды чакаюць толькі што прыгатаваная страва, любоў яго дамачадцаў, мір, спакой, утульнасць. Гэты тыл таксама яму падмога раскрыць сябе ў любімай справе з прыкладаннем сваіх сіл і таленту.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *