Аб развіцці вёскі і аграрнага сектара

Нумары Тэма тыдня

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 3 красавіка прыняў удзел у рэспубліканскім семінары-нарадзе аб развіцці вёскі і павышэнні эфектыўнасці аграрнай галіны краіны. Семінар-нарада стаў лагічным прадаўжэннем практыкі сістэмнага і аб’ектыўнага аналізу работы канкрэтных галін эканомікі ў мэтах павышэння іх эфектыўнасці ў сучасных умовах і павелічэння іх укладу ў сукупны нацыянальны даход.

Разам з эканамічнай – палітычная значнасць сельскай гаспадаркі

«Сельскагаспадарчая вытворчасць ужо даўно выйшла за рамкі яе разгляду выключна як часткі эканомікі. Харчаванне – гэта палітыка, і ўнутраная, і знешняя. Таму стаўка на развіты аграрны сектар як на адзін з прыярытэтаў развіцця краіны яшчэ на зары нашай незалежнасці была правільнай. Цяпер ужо ніхто з гэтым не спрачаецца. Ад стану спраў у аграпрамысловым комплексе шмат у чым залежаць дабрабыт і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне», – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што Беларусь паўнацэнна забяспечвае ўласную харчовую бяспеку, што з’яўляецца важнейшым фактарам незалежнасці.

Прэзідэнт канстатаваў, што цяпер па вытворчасці і спажыванні большасці відаў сельгаспрадукцыі на душу насельніцтва Беларусь істотна перасягае іншыя краіны СНД. Валютная выручка ад рэалізацыі айчынных прадуктаў харчавання за 2017 год склала амаль $5 млрд. «Аднак задача па дасягненні паказчыка $7 млрд не знята», – звярнуў увагу беларускі лідар.

У мінулым годзе атрыманы добры ўраджай збожжа, рапсу, цукровых буракоў. Сфарміравана нядрэнная сыравінная база. У цэлым за 2017 год дасягнуты прырост у параўнанні з папярэднім па асноўных паказчыках вытворчасці і экспарту сельгаспрадукцыі. «Але сёння размову трэба весці не аб поспехах аграрыяў, а аб існуючых праблемных пытаннях, вырашэнне якіх дазволіць выйсці на больш высокія рубяжы», – падкрэсліў беларускі лідар.

Дыктатура тэхналогій у форме заканадаўчага акта

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць выканання неабходных тэхналагічных працэсаў у сельскай гаспадарцы для атрымання добрых эканамічных вынікаў.

«Гаворыце, што патрэбна дыктатура тэхналогій? Яна будзе. У форме заканадаўчага акта. І такі заканадаўчы акт ураду трэба падрыхтаваць. І адказнасць за рэалізацыю кожнага яго палажэння», – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу на пытанні вытворчасці, у прыватнасці на спецыялізацыю рэгіёнаў і сельгасарганізацый. «У шэрагу рэгіёнаў яшчэ не забяспечваецца сяўба плошчаў у адпаведнасці з навукова абгрунтаванай структурай, – канстатаваў ён. – І наогул пытанні севазвароту – гэта, на жаль, забытая тэма».

Адзначаецца змяншэнне аб’ёмаў унясення мінеральных угнаенняў, правядзення ахоўных мерапрыемстваў на пасевах, што ў канчатковым выніку не дазваляе атрымаць запланаваны ўраджай і вядзе да недахопу кармоў для жывёлагадоўлі, зніжэння ўрадлівасці глеб і іншых негатыўных з’яў.

«У кожнай вобласці павінна быць свая структура сяўбы. Але догляд пасеваў універсальны. Калі дзесьці немэтазгодна вырошчваць вялікія аб’ёмы збожжавых – значыць, асноўныя намаганні трэба накіраваць на канюшыну, іншыя травы, каб забяспечыць кармамі жывёлагадоўлю. Гэтая галіна для нас галоўная. І наогул жывёлагадоўля – важнейшая сфера для сельскай гаспадаркі», – сказаў Прэзідэнт.

Асвойваць вытворчасць арыгінальнайхарчовай прадукцыі

«Вырабіць прадукцыю мала. Яе яшчэ трэба перапрацаваць і выгадна прадаць. Сёння пакупнік патрабавальны і збалаваны. Прапанавання прадукцыі шмат, а будзе яшчэ больш», – падкрэсліў беларускі лідар.

«Але пранікаць на знешнія рынкі з традыцыйнай наменклатурай вырабаў становіцца ўсё складаней. Трэба арганізаваць на аснове глыбокай перапрацоўкі сыравіны вытворчасць не толькі якаснай, але і арыгінальнай прадукцыі», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, трэба ўлічваць і ўзмацненне канкурэнцыі з боку сусветных экспарцёраў і вытворцаў, зменлівасць цэн на глабальным харчовым рынку, а таксама гандлёвыя, палітычныя і тэхнічныя бар’еры. «Таму МЗС і Мінсельгасхарчу трэба працаваць у цеснай увязцы, вырашаць агульную задачу», – даручыў кіраўнік дзяржавы.

Трэба таксама змяніць практыку забеспячэння вытворчасці сыравінай.

Павышаць прадукцыйнасць малочнай жывёлагадоўлі

«У жывёлагадоўлі асаблівая роля належыць малочнаму напрамку. Тое, што ён з’яўляецца крыніцай паступлення грашовых сродкаў, добра. Дрэнна, што гэта адзіная стабільная крыніца для вельмі многіх гаспадарак. У нас набыты вопыт інтэнсіфікацыі малочнай вытворчасці. У шэрагу сельскагаспадарчых арганізацый надой у сярэднім большы за 10 т малака (за год ад каровы. – Заўвага БелТА), – сказаў кіраўнік дзяржавы. – Але ёсць і адваротныя прыклады, калі ў асобных гаспадарках у мінулым годзе не выйшлі нават на 1 тыс. 800 кг. Менш за дзве тоны. Куды глядзяць кіраўнікі гаспадарак і раёнаў? Такія факты проста недапушчальныя! Агульная сітуацыя таксама насцярожвае».

«Інвестыцыі ў мадэрнізацыю малочнай галіны далі станоўчыя вынікі. Амаль 40 працэнтаў малочнатаварных фермаў працуюць па сучасных тэхналогіях. Але нямала іх яшчэ застаецца недабудаванымі. Патрабаванні да ўрада і аблвыканкамаў ранейшыя: да канца гэтай пяцігодкі завяршыць усё пачатае будаўніцтва такіх фермаў», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Нараўне з гэтым ён звярнуў увагу, што мала пабудаваць добры будынак і ўстанавіць найноўшае абсталяванне, трэба яшчэ ўкамплектаваць фермы высакаякасным статкам, паўнацэнна і танна накарміць жывёл і захаваць іх здароўе.

Аляксандр Лукашэнка таксама звярнуў увагу на неабходнасць павелічэння прадукцыйнага гаспадарчага выкарыстання кароў. «На гэтай аснове трэба павялічыць пагалоўе буйной рагатай жывёлы зыходзячы з крытэрыю: адна галава на адзін гектар сельскагаспадарчых угоддзяў, – сказаў ён. – На жаль, у гаспадарках пагалоўе кароў павялічваецца нізкімі тэмпамі».

Павышэнне прадукцыйнасці ў малочнай жывёлагадоўлі павінна быць забяспечана і за кошт сістэмнай селекцыйна-племянной работы. «Тут рашаючае слова за вучонымі. Створана папуляцыя галштынскай жывёлы айчыннай селекцыі. Па прадукцыйнасці ў два разы пераўзыходзіць нашу чорна-пярэстую пароду. Што яшчэ трэба? Толькі дысцыпліна выканання. Яе павінны забяспечыць мясцовыя ўлады», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Выпрацаваць дзейсны механізм рэалізацыі канцэпцыі «вёска будучага»

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што забяспечыць галіну кваліфікаванымі кадрамі, прыпыніць адток працаздольнага насельніцтва ў горад без павышэння якасці жыцця сельскага насельніцтва, прывабнасці аграрнай працы і сельскага ладу жыцця немагчыма. Таму яшчэ адной задачай з’яўляецца стварэнне «вёскі будучага». Жыццё ў ёй ні ў чым не павінна ўступаць гарадскому, падкрэсліў Прэзідэнт.

Ён запатрабаваў прыняць усе меры для комплекснага развіцця тэрыторый, уключаючы эфектыўнае выкарыстанне пустуючага жылля ў малых вёсках і на хутарах. Таксама неабходна распрацаваць планы развіцця сельскіх населеных пунктаў і аграгарадкоў, вынікам выканання якіх стане поўная адпаведнасць гармоніі прыроды і дынамікі тэхналогій.

Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў ва ўсіх сельскіх населеных пунктах і аграгарадках Беларусі распрацаваць і поўнасцю ўкараніць новыя сацыяльныя стандарты. «У кожным раённым цэнтры, аграгарадку, вёсцы павінны быць добрыя дарогі, якасная вада, сацыяльнае абслугоўванне, забяспечанасць неабходнымі таварамі і інтэрнэт, пажадана высакаскорасны», – сказаў ён.

У аграрныя ВНУ трэба адбіраць абітурыентаў, знаёмых з жыццём вёскі і вытворчасцю

На думку Прэзідэнта, асноўная прычына парушэнняў тэхналогій у сельскай гаспадарцы – няўменне і нежаданне кіраўнікоў і спецыялістаў арганізаваць работу на належным узроўні.

«Часта мы рыхтуем спецыялістаў, у якіх няма ніякага жадання працаваць у вёсцы. Такі выпускнік праз два гады, прынёсшы не столькі карысці, колькі шкоды гаспадарцы, пойдзе ў іншыя структуры. Урад павінен выбудаваць аптымальную сістэму. Для паступлення ў аграрныя ВНУ неабходна штогод адбіраць абітурыентаў, знаёмых з сельскім укладам жыцця і вытворчасцю», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

Менавіта іх трэба накіроўваць на мэтавую падрыхтоўку ва ўстановы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі, падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. «Пры гэтым я ставіў перад вамі задачу ў лепшых гаспадарках стварыць школы і накіраваць туды па 10-15, а магчыма, па 6-7 перспектыўных маладых людзей, якія ўбачаць сапраўдную вытворчасць, да якой мы імкнёмся. Мы іх дашліфуем за паўгода, максімум за год. Неабавязкова, каб яны там увесь час былі, а на пікавых мерапрыемствах: пасяўная, уборачная, нарыхтоўка кармоў, іншыя тэхналагічныя прыёмы – яны вызначаць самі, дзе і колькі ім быць. У кожнай вобласці павінны былі быць створаны такія школы. У нас такіх прадпрыемстваў дастаткова», – лічыць Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу на частую змену кіраўнікоў і спецыялістаў на сельскагаспадарчых прадпрыемствах.

«Замянілі – напэўна, трэба было замяніць. Але кадравая чахарда, калі на працягу двух-трох гадоў, а часам і аднаго года ў гаспадарцы мяняецца па некалькі кіраўнікоў, як правіла, завяршаецца правалам».

Прэзідэнт падкрэсліў, што кадравыя пытанні не вырашыць без павышэння прэстыжу працы ў вёсцы і ўдасканалення сістэмы яе аплаты. «Патрабаваў і буду патрабаваць своечасовай выплаты заработку нашым работнікам. Пастаўленая задача па павышэнні яго ўзроўню адносіцца і да сельскагаспадарчага сектара, а можа, нават і перш за ўсё да яго. Не такія там багатыя людзі, а працуюць больш, чым гараджане. Але грошы, вядома, павінны быць зароблены», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

«Мяняйце стыль работы і прыстасоўвайцеся да новага часу і кадраў. Вучыць і паказваць трэба, гэта не лішняе. Але трэба рабіць так, каб ад гэтага была карысць», – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

БелТА



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *