Кадравік і ідэолаг

Гандаль Нумары Соцыум

110418d

Перш чым заступіць на адказную пасаду намесніка старшыні райспажыўтаварыства па кадрах і ідэалагічнай рабоце, Галіна Душэўская прайшла салідны шлях работы па асноўнай спецыяльнасці. Выпускніца Беларускага інстытута народнай гаспадаркі (цяпер – эканамічнага ўніверсітэта) атрымала спецыяльнасць таваразнаўца і спецыяліста па арганізацыі гандлю прамысловымі таварамі. Па гэтай спецыяльнасці яна і працавала ў спажывецкай кааперацыі: адразу – па размеркаванні у Брэсце, а затым пасля замужжа – нязменна ў стаўбцоўскім райспажыўтаварыстве, дзе была таваразнаўцам, а потым доўгі час – дырэктарам усіх гандлёва-размеркавальных складоў.

30-гадовы вопыт работы на адным месцы дазволіў Галіне Іосіфаўне зблізіцца з калектывам, добра пазнаёміцца са спецыфікай работы падраздзяленняў, унікнуць у пытанні развіцця спажывецкай кааперацыі. Усё гэта, а таксама чалавечыя якасці, як уменне зносін з людзьмі, адказнасць, скрупулёзнасць у вядзенні дакументацыі саслужылі службу, калі кіраўніцтва райспажыўтаварыства даверыла ёй пасаду намесніка старшыні.

Работа з кадрамі, ды яшчэ ў такой сферы, калі ёсць пастаянная цякучка, патрэба закрыць пытанні падчас водпускаў, асабліва прадаўцоў у сельскай мясцовасці, трымаюць рабочы рытм у напружанні, ёсць пастаянная патрэба ў самаадукацыі. Галіна Душэўская і цяпер вось толькі што вярнулася з курсаў павышэння кваліфікацыі. Кіраванне персаналам, вядзенне кадравага ўліку і справавытворчасці патрабуюць ведання працоўнага, гаспадарча-працэсуальнага, грамадзянскага заканадаўства. Усё гэта і дысцыплінуе, і надае аўтарытэт.

У нейкай ступені работа з кадрамі і выкананне абавязкаў намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце пераклікаюцца. Ёсць у райспажыўтаварыстве цікавы вопыт, добрая практыка. Пры прыёме на работу Галіна Іосіфаўна абавязкова збірае дасье: якія здольнасці ў новага працаўніка, што ён умее, чым захапляецца. Так і папаўняецца калектыў новымі спартсменамі, спевакамі, лідарамі. Створаны пярвічныя арганізацыі БРСМ, грамадскага аб’яднання «Белая Русь». Галіна Душэўская працуе ў цесным кантакце са старшынёй прафсаюзнай арганізацыі Валянцінай Ліпніцкай, таксама чалавекам нераўнадушным і адораным уменнямі будаваць кантакт з людзьмі. Райспажыўтаварыства пастаянна дастойна выстаўляе каманду на лыжню, на абласныя спабрніцтвы па міні-футболе, на ведамасную спартакіяду, на конкурсы мастацкай самадзейнасці, спаборніцтвы прафесіянальнага майстэрства – і кожны раз ёсць узнагароды, што згуртоўвае калектыў для новых добрых спраў.

Вялікая ўвага надаецца «вырошчванню» кадраў. У сучасны момант Галіна Душэўская занята прафарыентацыйнай работай у школах раёна. Сустрэчы арганізуюцца сумесна з прадстаўнікамі вышэйшых і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў спажывецкай кааперацыі. Кожны год райспажыўтаварыства дае накіраванні на вучобу выпускнікам школ з гарантыяй для іх рабочага месца пасля атрымання дыплома. У гэтым навучальным годзе такая практыка будзе прадоўжана. Выпускнікі школ маюць магчымасць узяць накіраванні на вучобу па запатрабаваных на рынку працы прафесіях у Баранавіцкі тэхналагічны каледж, мінскі філіял Гомельскага гандлёва-эканамічнага ўніверсітэта, Маладзечанскі гандлёва-эканамічны каледж і іншыя навучальныя ўстановы.

Райспажыўтаварыства – разгалінаваная вытворчасць. Толькі магазінаў у райцэнтры і сельскай мясцовасці налічваецца 82. Кадравая праблема ўскладняецца тым, што прадаўцы і іншыя спецыялісты спажывецкай кааперацыі маюць дастаткова высокую рэпутацыю на рынку працы, многім з ім прапаноўваюць вакансіі прадпрыемствы іншай формы ўласнасці. Вядома, кожны шукае тое месца працы, дзе лепш. Хоць назіраецца і адваротная тэндэнцыя: многія з прадаўцоў і іншых спецыялістаў, якія папрацавалі ў прыватных магазінах і на іншых аб’ектах, вяртаюцца назад.

Падняць прэстыж сваёй арганізацыі, імкнуцца палепшыць дабрабыт працаўнікоў – гэтая задача таксама ў ліку найважнейшых у дзейнасці намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце. На здымку (злева направа) Галіна Душэўская з прадаўцом магазіна «Встреча» Марынай Шуцько, якая ўдастоена быць занесенай на раённую Дошку гонару, і поварам кафэ «Прывал рыцара» Алай Рабавай, узнагароджанай за сваю старанную працу падзякай раённага выканаўчага камітэта.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *