У сугучнасці з жывой прыродай

Год малой родины Культура Нумары

140418f

Творчасць Віктара Русецкага дае яму вялікую прыемнасць – быць блізка з прыродай, дакранацца да яе, ствараючы цуды. Ён працуе з дрэвам і з лазой. Адкрыў для яго цікавы занятак разьбы па дрэве дваюрадны брат, які ў Санкт-Пецярбургу прафесійна займаецца разьбой. Яго рукамі ствараюцца сапраўдныя шэдэўры. Прыглядваўся ён і да разьбярскай справы яшчэ аднаго майстра – Леаніда Сенькі з Дзераўной, у якога з гэтым мастацкім рамяством звязаны многія гады творчасці. Так выпускніка Дзераўнянскай сярэдняй школы Віктара Русецкага дарога прывяла ў Мірскае вучылішча, а затым – у Маладзечанскае музычнае вучылішча імя М. Агінскага на аддзяленне дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, дзе ён атрымаў прафесіянальныя навыкі разьбяра. Гэтаму вучыў мясцовых дзяцей, працуючы ў Дзераўнянскай школе мастацтваў.

Для аб’яднання майстроў народнай творчасці Стаўбцоўшчыны было вялікім адкрыццём, калі на чарговую выставу Віктар Мікалаевіч прыехаў не са сваімі мастацкімі разьбярскімі работамі, а з карзінамі з лазы. Гэта вельмі адметны від творчасці, не так шмат майстроў у нашым раёне, якія плятуць з лазы. Дакладней будзе сказаць, што іх адзінкі. Віктар Мікалаевіч першыя ўрокі пляцення з лазы ўзяў у свайго дзеда Мікалая Нікадзімавіча. І бацька Віктара Мікалай Мікалаевіч з’яўляецца прадаўжальнікам сямейнага рамяства – таксама пляце карзіны з лазы. Цяпер гэтай мастацкай справай займаецца разам з сынам – так што рамяство ўжо ў трох пакаленнях.

Карзіны майстроў Русецкіх адметныя тым, што сплецены з неакоранай лазы – такой, якая яна ёсць у прыродзе. У Русецкіх атрымліваюцца прыгожыя кашы для грыбоў, яблыкаў, гародніны. Тыя, хто іх набыў, з удзячнасцю ўспамінаюць майстроў, карыстаючыся ў быце выкананымі імі рэчамі.

Як і любому таленавітаму майстру, Віктару Русецкаму яго творчасць адкрывае новыя гарызонты для ўдасканалення, асвойвання больш складаных тэхнік і стварэння новых унікальных мастацкіх рэчаў.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымку: Віктар Русецкі (справа) са сваімі творчымі работамі.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *