Вяснянка з іменем Марта

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

image_pdfimage_print

157-9Сціплая прыгажуня з іменем вясны. Яна – сама вясна, у яе натуральнай красе, маладой свежасці, з «каронай» шаўкавіста-льняных валасоў і прагай дабіцца ў жыцці многага…  

Свой дзень нараджэння Марта Кардзіс адзначае 14 сакавіка. А сёлетняя вясна ў яе асаблівая, дваццаць пятая. Першы свядомы жыццёвы юбілей. З чым падыйшла да яго летуценная дзяўчына-«вяснянка»?

У 2012 годзе Марта атрымала дыплом педуніверсітэта імя М. Танка па спецыяльнасці «Дашкольная адукацыя. Практычная псіхалогія». Так склалася,  што працаваць спецыялістам трапіла ў райаддзел міліцыі, а менавіта ў інспекцыю па справах непаўналетніх. Калі ўласная сям’я – пакуль яшчэ ў яе дзявочых марах, праектах, то на рабочым месцы – гэтай «сямейнай» абстаноўкі з лішкай.

Аднак сем’і, з якімі прыходзіцца штодзень сутыкацца і аказваць на іх пасільны ўплыў, ніяк не назавеш вяснова-паэтычнымі знакамі ў лёсе той, што нарадзілася равесніцай вясны. На першым плане ў яе – прафілактычная работа з бацькамі, статус якім дакладна акрэслены Дэкрэтам № 18 – абавязаныя асобы, а таксама з тымі падлеткамі, якія за свае паводзіны трапляюць у інспекцыю на ўлік.

І на адным, і на другім напрамку – адказнасць, якую Марта паспела палюбіць, розныя сем’і, якія прыслухоўваюцца да таго, што гаворыць Марта, да яе парад. Трэба ж, гэтая вясняначка (і маладзенькая, сама нібыта падлетак, і без міліцэйскай формы) умее пранікнуць у душу, разбудзіць там патаемнае і сагрэць сваёй цёплай усмешкай, аптымізмам.

На шчасце, Марце ёсць у каго вучыцца, адкуль чэрпаць унутраную сілу, упэўненасць. У першую чаргу, у сваіх бацькоў. Яе мама з татам вырасцілі траіх дзяцей – сына і дзвюх дачок. Самай малодшай, Марце, прыходзілася дапамагаць няньчыць пляменнікаў. У яе сястры, як і ў матулі, – трое дзяцей. «Становіцца страшна, калі абавязаныя бацькі з адным дзіцем пачынаюць скардзіцца як ім цяжка, што немагчыма знайсці работу і т. п.» Ад сваіх шматдзетных бацькоў Марта ніколі не чула нічога падобнага…  

– Самае важнае, – выказваецца яна, – калі твае намаганні прымушаюць некага задумацца, змяніць адносіны да дзяцей, да сям’і. І гэта –  праца калектыўная.

Марта не прамінае падкрэсліць  тое, што працуе ў цеснай звязцы з усімі суб’ектамі прафілактыкі. З камісіяй па справах непаўналетніх, аддзелам адукацыі і іншымі структурамі:

– Заўсёды штосьці падкажа начальнік інспекцыі па справах непаўналетніх. Калектыў у нас дружны, побач са мной працуе шмат маіх аднагодкаў.

У вольны час Марта любіць чытаць кнігі. Чытае і тады, калі едзе ў электрычцы. Штодзённая дарога – на работу, з работы, таму што жыве ў Дзяржынску. Параўноўваючы два суседнія гарады, яна аддае перавагу Стоўбцам. Чаму? «Усе неабходныя дзяржаўныя ўстановы знаходзяцца кампактна, у адным месцы».

А яшчэ вольны час не абыходзіцца без тэатра, канцэртаў, вандровак па старадаўніх замках… Кліча ў творчы палёт вясна, а гэта любімая пара года Марты.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *