Ад душы, ад сэрца

Грамадства Нумары

image_pdfimage_print

154-12Пра старшыню Шашкоўскага сельвыканкама Святлану Якаўлеву можна з упэўненасцю сказаць: чалавек на сваім месцы. Бо ў любой справе многае залежыць менавіта ад кіраўніка, ад яго ўмення правільна расставіць усе акцэнты. Займае Святлана Расціславаўна гэтую нялёгкую маральна і даволі клапатлівую пасаду  адзінаццаты год. Прапанавалі ўзначаліць сельвыканкам, і яна дала згоду. На той час Святлана Якаўлева была дэпутатам Шашкоўскага сельскага Савета. Выбары праходзілі на альтэрнатыўнай аснове. На сесіі сельскага Савета былі прапанаваны дзве кандыдатуры. На карысць Якаўлевай пераважыў голас толькі аднаго дэпутата, што і стала лёсавызначальным у яе далейшай працоўнай біяграфіі.

Да мясцовай улады пытанняў заўжды процьма. Прычым яны рознабаковыя. Практычна ўсе звароты людзей слушныя, неадкладныя і жыццёва важныя. І старшыня сельвыканкама Святлана Якаўлева сваімі добрымі справамі заслужыла павагу сярод вясковых людзей, бо неабыякавая да просьбаў і чужой бяды. Заўсёды знойдзе падыход да чалавека і супакоіць наведвальніка. Абавязкова ўважліва выслухае, унікне ў яго праблему і зробіць ўсё магчымае для таго, каб справа вырашылася станоўча. Уменню размаўляць з людзьмі не казённымі словамі і суперажыванню немагчыма навучыць –  гэта ідзе ад душы, ад сэрца.  

Сёння Святлана Якаўлева вопытны кіраўнік, здольны дабівацца вырашэння многіх складаных праблем. Але яна ніколі не забудзе  свой першы рабочы дзень, 13 жніўня, калі толькі прыняла справы. Хоць і вырасла тут, і людзей ведала, але на душы было крышку трывожна. Як сябе паводзіць? Што адказваць?  Але яна справілася дзякуючы былому сакратару і мудраму дарадчыку Галіне Рослік.

 Святлана Расціславаўна яшчэ ў школе марыла стаць юрыстам. Але калі паўстала пытанне куды пайсці  вучыцца, то маці параіла дачцэ паступаць на эканаміста сельгасвытворчасці, бо сама яна ўсё жыццё адпрацавала аграномам.

–  І я скончыла Беларускі інстытут народнай гаспадаркі.  Па размеркаванні мы з мужам прыехалі працаваць у былы калгас «За мір». Ён заняў пасаду галоўнага эканаміста, мне ж прапанавалі работу дыспетчара.

Якаўлевы пазнаёміліся ў інстытуце, дзе пяць гадоў сядзелі поруч. Малады чалавек закахаўся ў прыгожую і абаяльную дзяўчыну. Іх пачуцці былі ўзаемнымі. Разам яны ўжо трыццаць гадоў, летась адзначылі жамчужнае вяселле. Святлана Расціславаўна згадвае, што нарадзіўся муж  9 сакавіка, у дваццаць хвілін па апоўначы. Ён вельмі цудоўны чалавек і добры бацька. Праз два дні ў яго жыццёвы юбілей. Дата не круглая, але прыкметная. Зараз Віктар Анатольевіч працуе вядучым эканамістам у ААТ «ТБЗ  «Нёман».

Святлана Расціславаўна не толькі дзелавая жанчына і любячая жонка, а і клапатлівая маці. Дачка Таццяна вучыцца на апошнім курсе ў Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Яна скончыла школу  з залатым медалём і ўвасобіла мару сваёй маці – займаецца на факультэце права.

– Я ганаруся ёю: Таццяна неаднаразова станавілася лаўрэатам Прэзідэнцкага фонду па падтрымцы таленавітай моладзі, прымае ўдзел у алімпіядах па праве сярод вышэйшых навучальных устаноў Беларусі. 

Мае вышэйшую адукацыю і старэйшы сын Максім. Па прафесіі ён інжынер-механік, працуе на маторным заводзе. Маладая сям’я напрыканцы мінулага года пераехала ў новую трохпакаёвую кватэру. Радуюць бабулю ўнукі Насця і Арцём.

Варта дадаць, што Святлана Якаўлева сёлета, прычым трэці раз запар, вылучана кандыдатам у дэпутаты раённага Савета па Шашкоўскай выбарчай акрузе № 20.

Мы віншуем Святлану Расціславаўну, і ад яе імя – усіх жанчын, якія пражываюць на тэрыторыі сельсавета, са светлым вясновым святам 8 Сакавіка. Жадаем здароўя і спаўнення жаданняў.  

Надзея БАТАЛКА

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *