З ініцыятывай змяненняў у заканадаўстве

Нумары Соцыум

Выкананне ў мінулым годзе Генеральнага пагаднення паміж урадам Рэспублікі Беларусь, рэспубліканскімі аб’яднаннямі наймальнікаў і прафсаюзаў на 2016-2018 гады, распаўсюджанне практыкі прымянення страхавання дадатковай пенсіі, а таксама вынікі прафсаюзнага маніторынгу цэн на сацыяльна значныя тавары і паслугі – гэтыя і іншыя тэмы былі абмеркаваны прадстаўнікамі ўрада, аб’яднанняў наймальнікаў і прафсаюзаў на пасяджэнні Нацыянальнага савета па працоўных і сацыяльных пытаннях.

Як адзначыў старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, у гэтым годзе Федэрацыя прафсаюзаў з’яўляецца старшынствуючым бокам Нацыянальнага савета. Нягледзячы на пэўныя складанасці ў эканоміцы, многія з прапісаных у пагадненні мепрапрыемстваў ужо рэалізаваны. Аднак разам з тым ёсць шэраг палажэнняў, якія не выконваюцца. У першую чаргу гэта датычыць узроўню аплаты працы ў некаторых сферах, узроўню пенсійнага забеспячэння, своечасовай выплаты зарплаты.

Таксама ў ходзе пасяджэння шырока былі абмеркаваны пытанні прымянення кантрактнай формы найму. Спецыялістамі ФПБ прааналізавана больш за мільён 600 тысяч кантрактаў, якія заключаліся ў 2010 годзе, і каля аднаго мільёна 800 кантрактаў за 2017 год. Як рэзюмаваў Міхаіл Орда, вынікі маніторынгу паказваюць, што павялічваецца колькасць кантрактаў, якія заключаюцца на год. У мінулым годзе іх было больш трэці. Заключэнне кантрактаў на мінімальны тэрмін нярэдка дазваляе наймальнікам выкарыстоўваць гэта для так званага скрытага скарачэння. Прафсаюзы выступаюць за тое, каб на заканадаўчым узроўні замацаваць абавязак прадаўжэння працоўных адносін з добрасумленнымі працаўнікамі на максімальны тэрмін. Прафсаюзы звярнуліся да Нацыянальнага савета падтрымаць гэтую ініцыятыву.

Адпаведныя прапановы ФПБ унесла ў праект закона па змяненні Працоўнага кодэкса, разгляд якога запланаваны ў бліжэйшы час. У ліку пытанняў, якія абмяркоўваліся на пасяджэнні Нацыянальнага савета, – развіццё страхавання дадатковай пенсіі. У 2017 годзе ў параўнанні з папярэднім заключана ў 1,6 раза больш дагавораў па гэтым відзе добраахвотнага страхавання. На сучасны момант каля 180 тысяч грамадзян удзельнічаюць у такіх праграмах. На думку сацыяльных партнёраў, гэтую практыку патрэбна пашыраць. Са свайго боку прафсаюзы актыўна працуюць над тым, каб уключаць такія дадатковыя гарантыі ў калектыўныя дагаворы.

Юрый ЛАРЫЧЭЎ,старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *