Раённая бальніца – прызёр у рэспубліцы

Медыцына Нумары

210418e

Як паведамляла ўжо наша газета, цэнтральная раённая бальніца ўдастоена другога месца ў рэспубліцы па выніках работы за мінулы год. Гэта стала нагодай для інтэрв’ю з галоўным урачом медыцынскай установы Святланай Глебка.

–             Святлана Здзіславаўна, у юбілейны для нашага горада год поспехі працоўных калектываў кладуцца ў скарбонку дасягненняў стаўбчан. Такая высокая ацэнка работы калектыву медыкаў у рэспубліканскім аглядзе якасці і культуры медцынскага абслугоўвання насельніцтва – прыемная навіна для ўсіх. Чым вызначылася стаўбцоўская бальніца, каб быць удастоенай такой высокай узнагароды, падпісанай міністрам аховы здароўя?

–             Ва ўнісон вашаму пытанню мне хочацца падзяліцца такімі сваімі ўражаннямі. Бываючы на калегіях Міністэрства аховы здароўя пры цырымоніі ўзнагароджання пераможцаў, я раней думала аб тым, якіх поспехаў патрэбна дасягнуць, каб быць прызнанымі пераможцамі ў рэспубліцы. І вось мы падняліся на гэтую вышыню. І гэта заслуга не толькі галоўнага ўрача, такі высокі вынік магчымы толькі ў выпадку, калі калектыў – адна каманда. Я бязмежна ўдзячнама ўсяму калектыву нашай бальніцы за выніковую, у духу сучасных патрабаванняў работу. Зразумела, у сучасны момант без інавацыйных падыходаў у арганізацыі дзейнасці немагчыма звярнуць на сябе ўвагу і дабіцца высокіх вынікаў.

–             У чым сутнасць інавацый, якія характарызуюць цяперашнюю дзейнасць медыцынскай установы?

–             Ацэнка дзейнасці ўстаноў аховы здароўя краіны была вельмі сур’ёзнай. У першую чаргу, звярталася ўвага на якасць аказання медыцынскай дапамогі, зніжэнне смяротнасці, павелічэнне агульнай працягласці жыцця – гэта галоўнае, да чаго мы імкнёмся. Безумоўна, арганізоўваючы гэтую дзейнасць, мы актыўна прымянялі інавацыйныя падыходы, што дазволіла атрымаць нам высокія балы канчатковых вынікаў работы. У першую чаргу, умацавалі матэрыяльна-тэхнічную базу. У плане правядзення рамонтаў у мінулым годзе можна сказаць – перасягнулі сябе. Адрамантаваны харчблок з заменай тэхналагічнага абсталявання, закончаны рамонт усяго стацыянарнага аддзялення – педыятрыі, неўралогіі, тэрапіі. Адрамантавана педыятрычнае аддзяленне паліклінікі, праведзены вялікі аб’ём няпростай работы па рамонце падвальных памяшканняў з заменай камунікацый, цеплатрасы. Акрамя гэтага, адрамантаваны асобныя службовыя кабінеты і жылыя дамы, інтэрнаты. Не меншы аб’ём работ запланаваны на бягучы год. Заканчваюцца рамонтныя работы на другім паверсе асобнага будынка інфекцыйнага аддзялення, дзе створаны камфортныя ўмовы для пацыентаў і работы медыцынскага персаналу. Запланавана рэканструкцыя прыёмнага аддзялення ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Гэта будзе цэлы блок, падзелены на зоны з прамой шпіталізацыяй пацыентаў з прыёмнага аддзялення ў рэанімацыйнае, што максімальна скароціць час для аказання тэрміновай медыцынскай дапамогі пацыентам. Цяжка пераацаніць выкананую работу па інфарматызацыі медыцынскай установы. Стаўбцоўская бальніца – у ліку з першых, дзе створана адзіная комплексная аўтаматызаваная медыцынская сістэма. Мы маем ужо электронную амбулаторную картку. Быў праведзены каласальны аб’ём падрыхтоўчых работ у працэсе інфарматызацыі – закуплена адпаведнае абсталяванне, аснашчаны камп’ютарамі рабочыя месцы, навучаны персанал. Вялікую падзяку хачу выказаць нашым спонсарам – Стаўбцоўскаму мясакансерваваму камбінату і СЗАТ «Фрэор-Рэфрыгерайшн» і асабіста іх кіраўнікам Р. Б. Бурдукевіч і Ю. З. Звыцэвічу. Гэтыя прадпрыемствы выступілі з падтрымкай правядзення інфарматызацыі раённай бальніцы, аказалі спонсарскую дапамогу, чым унеслі свой вялікі ўклад у павышэнне якасці медыцынскага абслугоўвання жыхароў Стаўбцоўшчыны. Правесці каласальную работу па інфарматызацыі медыцынскай установы з вялікімі фінансавымі ўкладаннямі дапамаглі і сродкі, заробленыя райбальніцай у працэсе пазабюджэтнай дзейнасці. Інтарэс да нашай медустановы расце. Беларуская акадэмія паслядыпломнай адукацыі вызначыла стаўбцоўскую бальніцу як вучэбную базу для рэспублікі. На мінулым тыдні мы прынялі больш за 50 галоўных урачоў і іх намеснікаў з усёй краіны для правядзення заняткаў па арганізацыі амбулаторна-паліклінічнай дапамогі. Вялікі інтарэс галоўных урачоў быў прыцягнуты да інфарматызацыі. Нашымі калегамі пазітыўна ацэнены аб’ём і ўзровень выкананых работ.

–             Святлана Здзіславаўна, у адным інтэрв’ю немагчыма ахапіць увесь спектр інавацыйных падыходаў у арганізацыі дзейнасці медыцынскай установы па новых напрамках. Прапаноўваю завяршыць інтэрв’ю з таго, з чаго была распачата размова, – з важнасці кадраў.

– У бягучым годзе мы практычна завяршым укамплектаванне медыцынскай установы ўрачэбнымі кадрамі. Чакаем прыезду 20-ці маладых урачоў і амаль столькі ж – спецыялістаў сярэдняга медыцынскага персаналу. Будзем удасканальваць сістэму заахвочвання маладых спецыялістаў са стымуляваннем іх да кар’ернага росту, што паспрыяе вырашэнню пастаўленай перад намі важнай задачы – максімальнага замацавання кадраў у райбальніцы. Яшчэ раз выказваю ўсім медыцынскім работнікам вялікую ўдзячнасць за падтрымку інавацыйных метадаў дзейнасці, за змяненне сваёй свядомасці, прыкладанне сіл для асвойваня работы ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Заклікаю ўсіх да згуртаванасці, узаемападтрымкі, гатоўнасці працаваць адзінай прафесіянальнай дружнай камандай, што, як сведчаць вынікі работы за мінулы год, дае плён.

Святлана ЖЫБУЛЬ

На здымках: галоўны ўрач стаўбцоўскай раённай бальніцы Святлана Глебка; вялікая ўвага надаецца паляпшэнню дызайну тэрыторыі і азеляненню; загадчыца паліклінікі Інеса Дударэвіч падчас візіту кітайскіх урачоў.

Фота Васіля ЗЯНЬКО

 



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *