Маладая змена

Моладзь Стаўбцоўшчыны Нумары

152-8Добрая традыцыя: кожны год філіял «Стоўбцы» УП «Мінскі мясакамбінат» прырастае інвестыцыямі ў асноўны капітал і – цікавая адметнасць – жанчынамі-«дэкрэтніцамі».

– Летась камбінатам была закуплена новая лінія абвалкі, з уводам якой значна палепшыліся ўмовы працы, вырасла яе прадукцыйнасць і аб’ёмы вытворчасці, – звяртае ўвагу дырэктар філіяла Рамуальда Бурдукевіч. – Удала запрацаваў наш новы кансервавы цэх, прадукцыя якога заваявала расійскі рынак. Заробак на прадпрыемстве  павышаецца.

Дырэктар падкрэслівае, што калектыў, які вырас да 370 чалавек, – асноўны капітал прадпрыемства. У ім ужо 45 «дэкрэтніц»! Не кожнае прадпрыемства можа пахваліцца такім выдатным дэмаграфічным паказчыкам.

У ліку маладых матуляў – Галіна Скварцова, якая вярнулася на камбінат пасля «дэкрэту». Дачушка яе асвойваецца ў дзіцячым садку, а Галіна – на новай пасадзе выконваючага абавязкі старшага майстра на ўчастку па вытворчасці каўбасных вырабаў і мясных паўфабрыкатаў. За  восем гадоў, што працуе Галіна на камбінаце пасля прафесійна-тэхнічнага вучылішча, паспрабавала  сябе на розных прыступках прафесіі перапрацоўшчыка. Нягледзячы на тое, што маладая і ўсмешлівая, можа быць строгай, патрабавальнай. У яе падпарадкаванні – 41 чалавек, і з усімі яна знаходзіць агульную мову.   

Поруч з Галінай працуе начальнікам на гэтым участку Кацярына Палевіч. Прыйшла на камбінат тры гады таму з дыпломам Пінскага аграрна-тэхналагічнага каледжа, а сёлета атрымае яшчэ адзін – заканчвае завочную вучобу ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. У калектыве Кацярыну цэняць як граматнага тэхнолага, які ўносіць свой уклад у асартымент  прадукцыі. Яна радуецца, калі з’яўляецца новы від каўбасы або паўфабрыкату, таму што гэта – заслужаны вынік і яе працы.

З першых дзён кіраўніцтва камбіната патурбавалася, каб Кацярыне Палевіч, бацькі якой пражываюць за 170 км ад Стоўбцаў, у Гродзенскай вобласці, было выдзелена месца ў інтэрнаце філіяла маторнага завода. Не так даўно яна выйшла замуж за работніка гэтага прадпрыемства. Цяпер пражываюць у інтэрнаце разам і спадзяюцца атрымаць у гэтым годзе ўласную кватэру ў жыллёва-будаўнічым кааператыве. «Давучуся, – далікатна намякае Кацярына пра планы, – і, магчыма, таксама пайду ў дэкрэтны адпачынак…»       

А пакуль і маладыя, і старэйшыя работнікі ідуць у аддзел кадраў. Тут працуюць побач старшыня прафкама Вераніка Казацкая і спецыяліст па кадрах Людміла Чурылава. Людміла Міхайлаўна – у ліку старэйшых і самых адданых работнікаў камбіната. У яе  працоўнага стажу – 39 гадоў, і ўсе яны прайшлі «ў кадрах». «На работу іду з задавальненнем. Шчаслівая бачыць і моладзь, і тых, хто даўно працуе на камбінаце», – прызнаецца Людміла Чурылава. У вольны час жанчына любіць чытаць, вандраваць. Не прапускае ніводнай экскурсійнай паездкі з калектывам. Яе ініцыятывай на  камбінаце створана пярвічная арганізацыя КПБ.

Кацярына Палевіч і Галіна Скварцова, дарэчы, хоць і маюць сем’і, таксама знаходзяць час на грамадскую работу, заўсёды ў першых радах у святочнай калоне прадпрыемства на мітынгах, дэманстрацыях. «Гэта наша маладая змена», – з гордасцю гаворыць пра іх Людміла Чурылава.

Таццяна ПЯТКЕВІЧ

НА ЗДЫМКУ:  моладзь вучыцца ў старэйшых (злева направа): Кацярына Палевіч, Людміла Чурылава і Галіна Скварцова.

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *