Вобразы і матывы роднага краю

Год малой родины Мае родныя Стоўбцы Нумары

210418f

210418h

КОНКУРС ПРАЦЯГВАЕЦЦА

На аб’яўлены рэдакцыяй «Праменя» конкурс паступаюць работы нашых чытачоў. Так, стаўбчанін Ягор Цвірко адлюстраваў краявіды Стаўбцоўшчыны. Водная плынь, перазвон спелых каласоў у полі і акенца ў хаце-калысцы Якуба Коласа ў мемарыяльным музеі Акінчыцы. Цікавае і змешчанае тут жа эсэ Алены Маскевіч.

Калі ласка, знаёмцеся і дзяліцеся ўражаннямі ад вобразаў і матываў, навеяных роднай старонкай.

Конкурс, зразумела, будзе доўжыцца на працягу ўсяго Года малой радзімы. А юбілейную, 425-ю гадавіну ўтварэння горада Стоўбцы будзем адзначаць у чэрвені. І таму запрашаем увасобіць у фотакадрах свой родны горад, падзяліцца думкамі, успамінамі, сказаць сваё лірычнае слова пра яго. Як і пра вёскі, дзе жылі ці і цяпер жывяце, аб выдатных людзях сваіх мясцін, непаўторных краявідах. «Трэба дома бываць часцей», – хораша і пранікнёна сказаў паэт. Памятаць і насіць воблік сваёй малой радзімы ў сэрцах. Дасылайце фатаграфіі, свае вершы, празаічныя творы пажадана ў электронным варыянце на адрас рэдакціі: pramen@mail.belpak.by.

 

ПРАМЕНЬ СВЯТЛА

Жыццё пасляваенных                дзяцей было напоўнена аповедамі людзей на ваенную тэму, гульнямі «ў вайну», якую звычайна наладжвалі хлопчыкі. Вось толькі ў якасці варожых салдатаў ніхто не хацеў быць. У мірным небе часта гулі самалёты, і старэйшыя дзеці крычалі малым: «Паветраная трывога! Хавайцеся, будуць бамбіць!» Малодшыя, плачучы ад страху, падалі на зямлю, не шкадуючы чыстага адзення. Дарослыя, калі бачылі такія гульні, разганялі жартаўнікоў. А я яшчэ доўга баялася гулу самалётаў. Жахі вайны прадаўжалі жыць не толькі ва ўспамінах, але, магчыма, і на генетычным узроўні ў дзяцей, дакранаючыся сваім холадам да неакрэплых душ.

Памятаю, як мой дзед Іван прынёс газету, якая называлася «Чырвоны сцяг». Разгарнуўшы яе, ён паказаў на партрэт маладой, прыгожай дзяўчыны, сказаўшы пры гэтым мне малой: «Гэта твая цётка Воля. Яе немцы ў час вайны забралі на прымусовыя работы ў Германію і яна не вярнулася дамоў». Голас яго пры гэтым дрыжаў, а мае маці і бабуля плакалі.

Ужо пазней, будучы школьніцай, я даведалася, што мой дзед шукае сваю дачку праз міжнародную арганізацыю, якая называлася «Чырвоны Крыж». Але ніякіх слядоў прапаўшай без весткі Вольгі не ўдалося адшукаць.

Усё ж надзея прадаўжала жыць. Ужо пошукі сястры вялі яе браты, якія жылі ў Мінску, яшчэ не ведаючы, што яго вялікасць лёс прадпісаў ёй застацца ў жывых, каб прайсці нялёгкі шлях ад няволі да свабоднага жыцця ў далёкім замежжы.

У той час наша краіна святкавала дваццаць дзявятую гадавіну Вялікай Перамогі. Май прадаўжаў цешыць вока вішнёвай і грушавай квеценню, а ў паветры плыў непаўторны водар чаромхі, язміну і бэзу. Уражвала цудоўнае супадзенне свята Дня Перамогі з нашай асабістай радасцю. Родныя і блізкія з букетам кветак стаялі на пероне ў Мінску і з хваляваннем чакалі замежных гасцей – Вольгу з дачкой. І не спатрэбілася ніякіх асаблівых прыкмет, каб пазнаць чалавека, які не быў дома больш за трыццаць гадоў: яна вельмі падобна на сваю сястру Зіну, маю маці. У яе дачкі было такое нязвыклае, але прыгожае імя – Хэлен. Вось толькі наша бабуля Надзя называла сваю далёкую ўнучку Галінкай. Для мяне гэтае імя мела падабенства з галінкамі, адарванымі ад нашага дрэва роду. Госці былі прыемна ўражаны хараством сталіцы, роднай абноўленай вёскай, куды з хутара перебудаваліся бацькі Вольгі. Вось толькі разумець гутарку было нялёгка: старэйшыя ўсе гаварылі на беларуска-польскай мешаніне. Усё ж паступова Вольга расказала сваю гісторыю.

Па прыездзе ў Германію іх забіралі гаспадары-баўэры для работы на полі і на гаспадарцы. У першых ёй жылося цяжка: у іх загінуў сын на фронце, і сваю бяду яны пераносілі на нявольніцу. Пасля яе перавялі да пажылых людзей, у якіх жылося лепш. У суседзяў працаваў малады хлопец Юзаф з Польшчы. Сяброўскія адносіны дваіх маладых людзей, закінутых вайной на чужыну, перараслі ў больш сур’ёзныя. У хуткім часе яны ажаніліся, старыя гаспадары нават накрылі ім вясельны стол. Тым часам вайна з яе развязкай набліжалася ў Германію. Былых работнікаў карнікі паспешліва зганялі ў лагер, абнесены калючым дротам. Людзі плакалі, баючыся, што ад іх могуць пазбавіцца, як ад непатрэбных сведак. Але ад смерці іх выратавалі амерыканскія саюзнікі. Так Вольга з Юзафам выехалі ў Амерыку. Нялёгка было пачынаць жыццё ў чужой краіне. Дапамагалі беларускія і польскія дыяспары. Але далёкая Радзіма была ў яе душы заўсёды. І яна пісала дамоў, чакала хоць маленькай вестачкі аб сваіх родных. Ішлі гады, ужо раслі чацвёра дзяцей, а з далёкай, роднай Беларусі было толькі маўчанне. І ўсё ж «пацяплеў» палітычны клімат, упала «жалезная заслона», звёў лёс, няхай ненадоўга, усіх на адзіную дарогу сустрэчы.

Перад ад’ездам цётка Воля быццам аднавіла ўсё, што звязана з малой радзімай: яна звярнулася да сваёй маці на чыстай беларускай мове: «Падарыце мне, мама, даматканую посцілку і ручнік. Там, у Амерыцы, я зраблю беларускі куток і, слухаючы песні цудоўных «Песняроў», буду ўспамінаць усіх вас і Беларусь». Пачуўшы такое, родныя заплакалі, бо разумелі, што як бы чалавеку добра ні было ў чужым краі, які яго прытуліў, а памяць не дасць забыць тую Радзіму, што дала жыццё і ўсведамленне сябе ў ім. Гэтымі пачуццямі чалавек пранікнуты да скону, дзе б ён ні жыў.

Цётка Вольга жыве ў штаце Агайя. І я думаю, што куточак з Беларусі будуць захоўваць і яе дзеці – нашы стрыечныя браты і сёстры. А для яе – гэта прамень святла з далёкай малой радзімы.

Алена МАСКЕВІЧ



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *