Няхай новыя дубровы шумяць на светлыя лады

Год малой родины Добраўпарадкаванне Нумары

250418b

У нашым раёне працавалі старшыня Мінскага аблвыканкама Анатоль Ісачанка, памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па Мінскай вобласці Ігар Яўсееў, члены Мінаблвыканкама, старшыня Стаўбцоўскага райвыканкама Юрый Горлаў. У Год малой радзімы на мемарыяльнай сядзібе Якуба Коласа ў Акінчыцах былі высаджаны ліпы.

На тэрыторыі сядзібы, якая лічыцца калыскай песняра зямлі беларускай (у 1882 годзе тут нарадзіўся класік) было высаджана 18 ліп.

Як адзначыла дырэктар Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаіда Камароўская, гэтая добрая справа стала працягам традыцый высаджвання дрэў на мемарыяльных сядзібах, закладзеных самім Якубам Коласам. Напрыклад, у Смольні растуць векавыя ліпы, пасаджаныя ім. Ёсць ліпавая алея Міцкевічаў. Якуб Колас любіў гаварыць землякам: «Радуюся вашай радасці». Любоў да роднай зямлі аб’ядноўвала ўсіх у гэты дзень.

Анатоль Ісачанка адзначыў, што такія месцы, як малая радзіма Якуба Коласа, маюць вялікую вагу ў гістарычна-культурнай спадчыне нашай краіны. І папрацаваць на азеляненні сядзіб – вялікае задавальненне, патрэбная добрая справа. Нашчадкам аб гэтай падзеі раскажа ўстаноўленая мемарыяльная шыльда: «Дрэвы пасаджаны членамі Мінскага аблвыканкама на рэспубліканскім суботніку ў Год малой радзімы 21.04.2018». А. М. Ісачанка пакінуў памятны запіс у кнізе ганаровых гасцей музея.

Рэспубліканскі суботнік з’яўляецца кансалідуючай сілай для беларусаў па навядзенні парадку на роднай зямлі. У Мінскай вобласці на рэспубліканскім суботніку папрацавалі каля 382 тысяч чалавек, у ліку якіх пенсіянеры, школьнікі. Пералічана каля 800 тысяч рублёў, якія будуць ўкладзены на навядзенне парадку на нашай зямлі і на ажыццяўленне сацыяльных праграм.

Старшыня раённага выканаўчага камітэта Юрый Горлаў выказаў задавальненне, што жыхары Стаўбцоўшчыны рупяцца падтрымліваць населеныя пункты ў належным парадку, упрыгожваць родную зямлю. Вынікам гэтых старанняў стане і рэспубліканскі суботнік. У гэтым годзе ён не першы, з надыходам вясны ўжо было праведзена некалькі суботнікаў па навядзенні парадку ў населеных пунктах нашага раёна. Падчас рэспубліканскага суботніка ў сельскагаспадарчай вытворчасці многія працавалі на сваіх рабочых месцах – ідзе гарачая пасяўная кампанія, якую ў нашым раёне імкнуцца завяршыць у намечаныя тэрміны. Як адзначыў Юрый Мікалаевіч, гэты год для нашага горада юбілейны – летам пройдуць урачыстасці з нагоды 425-годдзя з дня заснавання Стоўбцаў. Работы, выкананыя падчас рэспубліканскага суботніка, стануць укладам у ажыццяўленне вялікай праграмы падрыхтоўкі горада да юбілею і яго добраўпарадкавання.

Святлана ЖЫБУЛЬ

Фота Васіля ЗЯНЬКО



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *