Ля помніка У. І. Леніну

Нумары Соцыум

250418c

У Стоўбцах, у гарадскім скверы ля помніка У. І. Леніну, і ветэраны з сівізною на скронях, і моладзь, школьнікі. Гучыць Дзяржаўны гімн Рэспублікі Беларусь. Аб’яўляецца аб пачатку мітынгу, прысвечанага 148-й гадавіне з дня нараджэння правадыра сусветнага пралетарыяту.

Уладзімір Ільіч Ленін. Чалавек, чые геніяльнае прадбачанне, навуковая думка, рашучая дзейнасць, палымянае слова паднялі масы на барацьбу. Створаная ім Камуністычная партыя бальшавікоў стала дзейснай сілай перамогі Кастрычніцкай рэвалюцыі, пабудовы першай у свеце сацыялістычнай дзяржавы. Гісторыю перапісаць нікому не дадзена. І сёння Рэспубліка Беларусь ідзе па шляху стварэння, ажыццяўляе гуманную палітыку, прынцып якой – усё для чалавека.

Эмацыянальна гаварылі аб гэтым намеснік начальніка аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Стаўбцоўскага райвыканкама Святлана Жыбуль, сакратар раённага камітэта КПБ Ніна Дубовік, старшыня Налібацкага сельвыканкама, які таксама ўзначальвае мясцовую пярвічную партыйную арганізацыю, Аляксандр Пілінкевіч.

За актыўную жыццёвую пазіцыю, уклад у патрыятычнае выхаванне моладзі Ганаровай граматай ЦК КПБ узнагароджаны Аляксандр Клімаш, а Марыя Каспяровіч – Падзячным лістом абласнога камітэта Кампартыі. Апладысментамі ўсе віталі гэтых таварышаў з іх юбілейнымі датамі нараджэння.

Па традыцыі на Стаўбцоўшчыне ва ўрачыстай абстаноўцы праводзіцца прыём у рады піянерскай арганізацыі. І ў гэты адметны дзень піянерскія гальштукі маладой змене павязалі старэйшыя таварышы, настаўнікі – камуністы. Вучні школ усхвалявана даюць клятву быць гатовымі да працы і барацьбы.

А затым адбылося ўручэнне падарунка ад партыйных арганізацый самым юным. Выхаванцы дзіцячага сада № 2 г. Стоўбцы змогуць ладзіць гульні з новым абсталяваннем на дзіцячай пляцоўцы.

Над плошчай гучалі песні аб Леніне, нашай Радзіме, мірнай светлай будучыні.

Фёдар БАНДАРОВІЧ, фота Васіля ЗЯНЬКО



Tagged

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *